Агучаны прысуд кіроўцу МАЗа, з віны якога загінулі 13 чалавек


Кіроўцу, з віны якога ў лютым 2023 года пад Смалявічамі загінулі 13 чалавек, прыгаварылі да 7 гадоў калоніі.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: МУС

У Менскім абласным судзе адбыўся суд над кіроўцам самазвала, з віны якога 20 лютага 2023 года адбылася страшная аварыя, у выніку якой загінулі 13 чалавек, а яшчэ сямёра атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Мужчына быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да 7 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле матэрыялаў справы, кіроўца 20 лютага 2023 года каля 14:55, ведаючы пра тэхнічную няспраўнасць самазвала МАЗ, які належаў філіялу «Аўтамабільны парк № 20» ААТ «Менаблаўтатранс» (горад Чэрвень), пры транспартаванні грузу на 9-м кіламетры дарогі Р69 Смалявічы – Шацк у Смалявіцкім раёне страціў магчымасць кіравання і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Самазвал сутыкнуўся з маршрутным мікрааўтобусам маркі «Citroёn».

Кіроўца, прызнаны вінаватым у аварыі пад Смалявічамі, што адбылася 20 лютага 2023 года.
Фота: БелТА

У выніку здарэння кіроўца мікрааўтобуса і 12 пасажыраў, сярод якіх былі дзеці 2009 і 2011 года нараджэння, загінулі, а сямёра пасажыраў атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Абвінавачаны поўнасцю прызнаў віну. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць апратэставаны.

Як вядома, цяжкавік МАЗ, на якім абвінавачаны здзейсніў ДТЗ, два гады не праходзіў тэхагляду. А ў маршрутным таксі, разлічаным на 15 пасадачных месцаў, ехалі 19 чалавек. Гэтае здарэнне таксама стала прадметам разбору на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, на якой генпракурор Андрэй Швед казаў пра шэраг парушэнняў, што чапляліся адно за адно.

Hавiны
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці аварыі пад Смалявічамі, у якой загінулі 13 чалавек
2023.03.21 15:45

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў