«Дапамажыце яму пабачыць сонца». Як беларусы ратуюць збітага сілавікамі актывіста


Актывіст Віталь Тысеў жыў у Стоўбцах. Як і сотні тысяч беларусаў, у жніўні 2020 года ён выходзіў на пратэсты, каб адстаяць свой голас на выбарах. Але гэта яму дорага каштавала – яго люта збілі ў РАУС, і цяпер Віталь можа цалкам згубіць рухомасць, а значыць – памерці. Неабыякавыя беларусы збіраюць сродкі на аперацыю, каб Віталь здолеў падняць галаву і пабачыць неба. Дапамагчы можа кожны.

Віталь Тысеў падчас запісу праграмы «Беларус беларусу». Крыніца: БЕЛСАТ LIFE / YouTube

Збіццё сілавікамі і страшная хвароба

У жніўні 2020 года Віталя Тысева затрымалі падчас пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. У РАУСе яго палівалі з брандспойта, жорстка збівалі. Пасля вызвалення ён не пайшоў у шпіталь, бо асцерагаўся рэпрэсіяў.

Пасля збіцця ў актывіста пачаў развівацца вельмі агрэсіўны анкілазіруючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі): зрасліся ўсе суставы хрыбетніка і іншыя суставы. Гэтая хвароба мае надзвычай цяжкія наступствы: Віталь можа цалкам страціць рухомасць.

«Траўму хрыбетніка я атрымаў яшчэ падчас службы ў войску, на палігоне – у мяне быў асколачны пералом. Але дактары яго не дыягнаставалі – адпаведна, не лячылі. Пасля збіцця ў РАУСе ў жніўні 2020 года гэтая старая траўма абвастрылася і развілася – пачаўся моцны боль», – распавядае Віталь у размове з «Белсатам».

Мужчына згубіў працу, напярэдадні паўторнага затрымання паспеў з’ехаць у Польшчу, у Шчэцін. Сваім здароўем не займаўся, хвароба тым часам прагрэсавала. Дапамог выпадак: праз спрэчку ў «Фэйсбуку» Віталь пазнаёміўся з украінкай Наталляй, доктаркай паводле адукацыі, якая жыве ў Польшчы. Яны пачалі камунікаваць, пазней сустрэліся ў Шчэціне. Наталля адразу зразумела, што ў актывіста сур’ёзныя праблемы са здароўем.

«Я пабачыла, што нешта не так, яшчэ падчас званка па відэасувязі. Віталь вельмі ненатуральна сядзеў, і ў мяне прачнуўся прафесійны інтарэс. Падчас жывой сустрэчы я памацала ягоную спіну і ўсё зразумела – там вялікія праблемы з хрыбетнікам», – распавядае Наталля.

Яна пераканала мужчыну, што нават такую страшную хваробу можна вылечыць. І мела рацыю – дактары гэта пацвердзілі.

Праведзеная ў Польшчы поўная дыягностыка хрыбетніка паказала, што Віталь цалкам аперабельны, але аперацыя для рэканструкцыі ўсяго хрыбетніка яму патрэбная тэрмінова. Актывіст мае пасведчанне аб інваліднасці сярэдняй цяжкасці, але час працуе супраць яго, бо хвароба хутка прагрэсуе. З дапамогай студэнта-медыка Крысціяна Шынкевіча ўдалося ўзяць пад кантроль аўтаімуналагічную запальную частку хваробы, але змены, якія ўжо адбыліся, можна вылекаваць толькі хірургічна. Ужо цяпер у выніку здушэння спіннога мозгу ў шыйным аддзеле і ціску на дыхальныя шляхі і стрававод Віталю цяжка дыхаць, прымаць ежу. Без аперацыі гэта прывядзе да паралюшу ўсіх неабходных для дыхання цягліц і ў выніку – смерці.

Віталь мужна ўсё трывае, змагаецца за жыццё і не здаецца. Нягледзячы на свой стан, ён працягвае працаваць: набывае няспраўныя кампʼютары і аднаўляе іх.

«Я не магу проста так ляжаць без справы пры тэлевізары. Я прывык працаваць. Таму стараюся загружаць галаву, рукі, каб быў хоць нейкі рух», – кажа Віталь.

Дапамагчы пабачыць сонца

Дыяспара беларусаў Шчэціну арганізавала дабрачынны збор на аперацыю Віталю. Далучылася ініцыятыва BY_Help. Неабыякавыя беларусы адгукнуліся на гэтую гісторыю хваляю салідарнасці. З неабходных € 55 100 сабраныя € 50 500 – засталося зусім крыху.

18 ліпеня ініцыятыва BY_Help пачала практычную размову з «Шарытэ» пра падпісанне дамовы і шпіталізацыю Віталя. Лік для яго ідзе на дні. BY_Help таксама возьме на сябе розніцу між папярэдняй і канчатковай цаной аперацыі, бо яна можа каштаваць даражэй.

Валярына Кустава і Віталь Тысеў падчас запісу праграмы «Беларус беларусу». Крыніца: БЕЛСАТ LIFE / YouTube

Аперацыя прадугледжвае ўсталяванне канструкцыі на хрыбетнік, каб максімальна расправіць яго, зняць дэфект скрыўлення, бо цяпер цярпяць унутраныя органы: моцна сціснутыя лёгкія, сэрца, ёсць праблема з глытаннем, парушаная дыхальная дзейнасць. Аперацыя вельмі складаная, а хвароба Віталя вельмі задаўненая.

Акрамя аперацыі, грошы спатрэбяцца на рэабілітацыю, спецыяльны ложак і матрацы, перавязкі, антыбіётыкі, адмысловае харчаванне.

«Віталю як мужчыну цяжка прасіць дапамогі, ён лічыць, што мусіць быць моцным, ільвом, але цяпер ён знявечаны леў. Усё ягонае жыццё – гэта пякельны боль, які не праходзіць соднямі. Вочы шклянеюць ад болю, часам ён крычыць ўначы. Гэта вельмі балюча чуць. Разам з тым ён не просіць дапамогі, бо саромеецца, лічыць, што камусьці яшчэ горш, чым яму. Пры гэтым Віталь імкнецца ў барацьбу, але куды – ён сам пераламаны. Я прашу ўсіх людзей добрай волі: дайце чалавеку пабачыць неба, сонца, яркія колеры. Цяпер ён бачыць толькі зямлю», – кажа Наталля.

Сам Віталь пра ўласны боль не распавядае, а толькі ўсміхаецца. Ён шчыра дзякуе ўсім, хто ахвяруе грошы на ягоную аперацыю.

«Гэтыя людзі фактычна ратуюць мяне ад смерці. Я вельмі ўдзячны», – кажа актывіст.

У той жа час ён не перастае марыць – і марыць пра вяртанне ў Беларусь. «Я не спыняў сваёй дзейнасці і тут, я не здамся», – падкрэсліў Віталь.

Як можна дапамагчы?

Збор сродкаў на аперацыю арганізаваны на некалькіх пляцоўках:

BYSOL: https://bysol.org/ru/private/vitalytysev

Зжутка: http://zrzutka.pl/46phux

Paypal: 

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў