Удзельнікі савецкага гурта выступалі пад запіс голасу загінулага лідара Віктара Цоя, выканалі ў тым ліку твор «Перемен». Аднак затрыманне не было звязанае наўпрост з пратэставым гімнам.
Увечары 17 чэрвеня на «Менск-Арэне» прайшоў канцэрт расейскага рок-гурта «Кино»: колішнія ўдзельнікі савецкага гурта сабраліся зноў, каб граць песні пад запіс вакалу Віктара Цоя, які загінуў 31 год таму ў аўтамабільнай катастрофе.
Шэраг СМІ са спасылкаю на БелаПАН паведамляе, што падчас канцэрту затрымалі прынамсі аднаго гледача. Сцвярджаюць, што падчас выканання пратэставага гімну «Перемен» хтосьці ў зале разгарнуў чырвона-зялёны сцяг, а іншыя гэтым абурыліся. На відэа, якое публікуюць у сацсетках, бачна, што пад іншую песню, «Кукушка», байцы ў форме, падобнай да амапаўскай, выводзяць з залы чалавека, а гледачам з дзяржаўным сцягам не замінаюць. Гэта адзін з тых, хто абураўся ўжываннем чырвона-зялёнага сцяга.
Імя затрыманага і ягоны лёс невядомыя. Чытачы «Нашай нівы» сцвярджаюць, што ад людзей з чырвона-зялёнымі сцягамі іншыя гледачы адыходзілі, каб пазбегнуць канфлікту, а затрыманы нібыта вярнуўся ў залу неўзабаве пасля інцыдэнту.
Абноўлена. Менская міліцыя ў Telegram сцвярджае, што затрыманы «перашкаджаў глядзець канцэрт іншым», з ім правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі назад на канцэрт.
АА belsat.eu