У Польшчы правяраюць ІТ-кампаніі, супрацоўнікі якіх прыехалі ў краіну па візах PBH


Польская агенцыя інвестыцыяў і гандлю, следчы камітэт і Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро праводзяць правяранне ІТ-кампаніяў, якія бралі на працу замежных працаўнікоў, што прыехалі ў краіну па візавай праграме Poland Business Harbour, піша «Rzeczpospolita». Неўзабаве пытаннем таксама зоймецца Найвышэйшая кантрольная палата. 

Польская віза ў пашпарце
Польская віза ў пашпарце.
Фота: Белсат

Мэта правярання – высветліць, ці былі візы PBH выкарыстаныя па прызначэнні.

Паводле МЗС Польшчы, з 2020 года беларусам былі выдадзеныя 93 046 візаўPBH. У той жа час, згодна са статыстыкай польскай Памежнай службы, па гэтых візах у краіну ўехалі толькі калі 15 тысяч замежнікаў. У 2023 годзе толькі 2 184 беларуса, якія прыехалі ў Польшчу, мелі візу PBH. Па праграме прыехалі таксама 110 расейцаў, 12 грузінаў і 114 грамадзянаў іншых краінаў.

У агенцыі інвестыцыяў крыху іншая інфармацыя: паводле дадзеных 30 польскіх ІТ-кампаніяў, па «бізнес-шляху» візы PBH атрымалі 13,6 тысяч спецыялістаў, з іх 9,6 тысяч пераехалі ў Польшчу, 8,4 тысячы падалі дакументы на дазвол на жыхарства. Гэта не канчатковая лічба – агенцыя чакае інфармацыю ад іншых кампаніяў, якія ўдзельнічалі ў праграме. Акрамя таго, візы PBH выдаваліся таксама чальцам сем’яў рэлакантаў, якія могуць складаць да 40% ад тых, хто атрымаў візы

Most Media прыводзіць некалькі версіяў, чаму Польшча магла «недалічыцца» айцішнікаў з візамі PBH. Па-першае, сапраўды не ўсе скарысталіся візамі. Па-другое, часам ІТ-спецыялісты і чальцы іхных сем’яў, замест таго, каб падаваць дакументы на ДНЖ, рабілі новую візу PBH. Так атрымлівалася, што адзін і той жа чалавек у статыстыцы выдадзеных візаў фігураваў некалькі разоў, а ў статыстыцы тых, хто прыехаў – толькі адзін раз.

Акрамя таго, частка рэлакаваных супрацоўнікаў магла трапіць у Польшчу праз Літву, асабліва пасля закрыцця Польшчай пунктаў пропуску на мяжы з Гарадзенскай вобласцю. У гэтым выпадку рэлаканты не траплялі ў статыстыку памежнай службы.

Hавiны
Беларусаў з візамі PBH перасталі пускаць у Польшчу без працоўнага запрашэння ці кантракту
2024.02.14 18:18

Таксама не выключана, што частка супрацоўнікаў пасля працаўладкавання ў польскіх кампаніях пераходзіла на аддаленую працу ці вярталася ў Беларусь ці зусім не прыязджала ў Польшчу, але знаходзілася ў штаце польскіх кампаніяў.

Праграма Poland Business Harbour была распачатая ў 2020 годзе з мэтай прыцягнення ў Польшчу ІТ-працаўнікоў і ІТ-фірмы з Беларусі. У 2021 годзе праграма была пашыраная на Грузію, Расею, Украіну, Малдову і Арменію, а з верасня 2022 года – на ўвесь свет.

Праграма забяспечвала нацыянальнай візай D23, юрыдычнай падтрымкай пры пераездзе, дапамогай з легалізацыяй, кантактамі з інвестарамі і доступам да грантаў. 26 студзеня 2024 года Польшчы абвесціла пра закрыццё праграмы, бо, паводле МЗС, яна не апраўдала спадзяванняў – замежнікі, якія атрымлівалі візы, нібыта не выкарыстоўвалі іх па прызначэнні.

Тое, што менш за 15% замежнікаў, якія атрымалі візы PBH, з’явіліся ў Польшчы, можа азначаць, што візы выкарыстоўваліся як канал перадачы спецыялістаў у краіны Еўразвязу, кажа «Rzeczpospolita» Міхал Шчэрба, дэпутат ад партыі «Грамадзянская кааліцыя», які ў мінулым годзе разам з дэпутатам Дарыюшам Ёньскім пачаў кантраляваць візавую сыстэму ўраду ПіС. На ягоную думку, «даступнасць праграмы для грамадзянаў Расеі падчас уварвання ва Украіну, якое працягваецца, патрабуе ўдакладнення».

«Гэта магло стаць пагрозай нашай бяспецы і бяспецы нашых саюзнікаў па НАТО», – падкрэслівае Шчэрба.

У Польшчы апошнім часам зацікавіліся і іншымі візамі, выдадзенымі беларусам цягам апошніх трох гадоў, у прыватнасці – гуманітарнымі, якіх з 2020 года было выдадзена больш за 53 тысячы, і ў шэрагу выпадкаў працэс быў непадкантрольным, як сведчаць дадзеныя МЗС, якія атрымала «Rzeczpospolita».

«Кантроль людзей з пункту гледжання дзяржаўнай бяспекі – гэта ілюзорнасць. Сапраўды, у нас вялікая праблема з прытокам бескантрольных, неправераных замежнікаў з Усходу», – кажа адзін з міністраў, які займаецца пытаннямі бяспекі.

Каментар
МЗС Польшчы растлумачыла, чаму не папярэдзіла загадзя пра спыненне выдачы візаў «Poland. Business Harbour»
2024.02.10 10:01

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў