«Гумар – тонкая матэрыя». Ці ёсць забароненыя тэмы для жартаў і чаму цэнзура – гэта кепска


«Расслабцеся, гэта проста гумар», – так часта кажуць, калі жарт атрымаўся недарэчным або абразлівым. На мінулым тыдні вакол жартаў коміка беларускага паходжання Івана Усовіча разгарэўся нежартоўны скандал. Іван ужо колькі гадоў стала жыве ў Расеі і надоечы выпусціў сольны канцэрт. Ягоныя жарты пра згвалтаванне жанчын у цягніку выклікалі абурэнне і абмеркаванне ў інтэрнэце.

Медыяменеджар Максім Паршута. Крыніца: press-club.pro

Ці ёсць тэмы, на якія нельга жартаваць? Як зразумець, ці дарэчны нейкі жарт? Ці можам мы казаць пра сацыяльную адказнасць гумару? Разбіраемся разам з Максімам Паршутам – медыяменеджарам, блогерам і прафеміністам.

Дзе праходзяць межы гумару

«Жарт Івана Усовіча пра тое, што жанчын можна гвалціць у купэ цягніку – канешне, жудасны і недапушчальны. Гэта складана назваць гумарам, у такой танальнасці на гэткія тэмы жартаваць нельга, бо фактычна такімі жартамі комік нармалізуе гвалт. Але гумар – вельмі тонкая тэма. У спрэчках можна дайсці да забароны гумару на нейкія адчувальныя тэмы, а цэнзура – гэта няправільна», – адзначыў у размове з «Белсатам» Максім Паршута.

Ёсць тры складнікі ўдалага жарту: амплуа аўтара, аўдыторыя і кантэкст. Калі гэтыя тры пункты супалі, то нават самы чорны жарт будзе смешны.

Жарт узнікае непасрэдна ў кантакце яго аўтара і слухачоў. Напрыклад, у серыяле «Дзівосная місіс Мэйзэл» гераіня выступае са стэндапам у горадзе, дзе жыве пераважна чарнаскурае насельніцтва. Місіс Мэйзэл мяняе сваё звыклае амплуа і пачынае выступ з жарту: «Вы нібыта прывід убачылі, так?» Гульня на расавых стэрэатыпах з боку «прыгнятальніка» і ягоная іронія з сябе чарнаскурай публікай былі сустрэтыя на ўра.

Гэта правілы стэндап-камедыі.

У эпоху інтэрнэту жартаваць стала цяжэй: вы ўжо не маеце магчымасці выбіраць аўдыторыю, ваш жарт можа пабачыць кожны.

Чалавек можа не ведаць, якіх перакананняў аўтар і «што ён хацеў сказаць». Важны і кантэкст. Напрыклад, падчас стэндапу жарт з глядачкі ў зале можа нікога на абразіць, бо там пануе адмысловая атмасфера. Але ў запісе, калі людзі глядзяць і не адчуваюць той атмасферы, жарт можа гучаць зусім інакш.

«У Івана Усовіча манера гумару такая, што ён жартуе з сур’ёзным выразам твару і не да канца зразумела, дзе ён іранізуе, а дзе кажа сур’ёзна. Але на нейкую аўдыторыю гэта можа класціся ў духу «рэальна, а чаму б не заняцца сексам у цягніку?» То бок частка аўдыторыі можа ўспрыняць гэта не тое каб як інструкцыю, але як норму. Такім чынам для жанчын робіцца ўсё менш бяспечнай прасторы.

Комік Іван Усовіч.
Фота: ilinterviews.com

Іншая рэч, наколькі дапушчальныя жарты на адчувальныя тэмы хатняга гвалту, згвалтавання, харасмэнту і гэтак далей. На любыя тэмы можна жартаваць. Але тут заўсёды трэба зверыцца з самім сабой і аўдыторыяй, каб гэта было адначасова і смешна, і не дыскрымінавала, не абражала, не ўзмацняла тых стэрэатыпаў, што ёсць у грамадстве. Ясна, што гумар будуецца на стэрэатыпах і пэўных уяўленнях пра людзей. Але калі мы кажам пра ўразлівыя групы, хацелася б, каб гумар не пагаршаў іхнага стану», – адзначае Максім Паршута.

Ён кажа, што гумар – тонкая матэрыя, кагосьці адзін і той жа жарт можа абразіць, а кагосьці не.

«Нядаўна я зрабіў пост у Instagram, крыху пажартаваў на адчувальную тэму. Я апублікаваў сваё фота без футболкі і напісаў, маўляў, сяджу, чакаю вашай аб’ектывацыі. У каментарах развярнулася дыскусія. Я растлумачыў, што ў тым і гумар, каб перакласці на сябе тыповыя паводзіны аўдыторыі – звычайна каментары з аб’ектывацыяй з’яўляюцца пад фота з жанчынамі, у мяне ж была спроба адлюстравання. На што мне трапна заўважылі, што больш класна і выгодна жартаваць на тэмы, якія ты сам пражываеш. Адная рэч, калі дзяўчына выстаўляе свае аголеныя фотаздымкі, ці, напрыклад, зарабляе ў Only Fans ды пачала жартаваць пра гэта. І зусім іншае, калі я не пражываю пэўнага досведу, але жартую з яго.

Я не забараняў бы гумару, калі мы жартуем пра тое, чаго самі не адчувалі, але ён менш выйгрышны. І калі вяртацца да гісторыі з Усовічам, згвалтаванне – гэта жудасна і ні з кім не мусіць адбывацца ў ідэальным свеце, але гэты жарт быў бы больш выйгрышным, калі б Іван распавядаў пра свой досвед, перажываючы яго. А калі ён жартуе з умоўна дамінантнай пазіцыі і падтрымлівае ды паглыбляе стэрэатыпы, гэта – кепска», – кажа наш суразмоўца.

Прырода гумару: чаму адным людзям смешна, а іншым – не

«Нізкія жарты» ці «паказная мараль»: галоўны камень спаткнення пры абмеркаванні жартаў – гэта суб’ектыўнасць гумару. Аднак большасць даследнікаў гумару згодныя ў тым, што смех адбываецца ў момант чагосьці раптоўнага і нечаканага (уяўная небяспека). Разам з тым, мы смяёмся, калі абʼект жарту не зазнае небяспекі.

Як разумець бяспеку ў гумары? Усё проста: нам не смешна, калі чалавека збіла машына. Але нам крышку смешна, калі чалавека збіла хуткая дапамога. Бо мы смяёмся не з чалавека, а з пацешнай нерэалістычнай ідэі такой аварыі.

Гэта значыць, для нашых мазгоў аварыя з удзелам хуткай дапамогі менш рэалістычная, чым аварыя з удзелам любога іншага гарадскога транспарту. Такім жа чынам працуе гвалт у мультфільмах накшталт «Тома і Джэры», «Сімпсанаў» ці «Happy Tree Friends» – мы ведаем, што персанажы і іхныя траўмы нерэальныя, насамрэч ім не баліць і гэта выклікае ў нас смех.

У той жа час у чорнай камедыі часта гумар працуе так, што ўмова бяспекі парушаецца. Але гэта абумоўленае тым, што чорная камедыя патрэбная, каб разабрацца з цяжкімі тэмамі.

Чорны гумар – гэта смех з таго, што лічыцца табу: рэгаліі, гвалт, смерць, суіцыд і гэтак далей. Такія жарты часта дапамагаюць перажыць няшчасці, зладзіць са страхам ці агаліць нейкую праблему. І што немалаважна – часта аўтар жарту рэфлексуе з уласных страхаў ці перажыванняў.

Напрыклад, у ЗША ў 1960-х раптоўна сталі вельмі папулярнымі чорныя жарты пра мёртвых немаўлятаў. Сацыёлагі лічаць, што гэта стала своеасаблівай спробай зняць пачуццё віны і тым самым санкцыянаваць аборты і выкарыстанне супрацьзачаткавых сродкаў. Таксама магчымай прычынай называюць спробы выкрасліць з масавай свядомасці сцэны баявых дзеянняў, вядомых са шматлікіх рэпартажаў пра вайну ў Вʼетнаме. Жорсткі гумар наўмысна выкарыстоўвалі, каб выклікаць кагнітыўны дысананс і знізіць эмпатыю ў насельніцтва, ператвараючы нешта жахлівае і сурʼёзнае ў «проста жарт».

А што наконт гумару пра згвалтаванне? Возьмем жарт вядомага коміка Джымі Кара: «Што дае задавальненне дзевяці з дзесяці чалавек? Групавое згвалтаванне».

Комік Джымі Кар. Лондан, Вялікая Брытанія. 11 верасня 2019 года.
Фота: Fred Duval / MEGA / The Mega Agency / Forum

Лічыце вы гэты жарт смешным ці не, залежыць выключна ад таго, як вы яго прачыталі. А гэта, у сваю чаргу, залежыць ад таго, счытваеце вы «згвалтаванне» як дзеянне – ці як слова. Ад таго, чым ёсць для вас згвалтаванне: рэальнасцю – ці абстрактнай ідэяй. Для большасці жанчын згвалтаванне далёка не абстрактная ідэя. Большасць жанчын ці перажывалі дамаганні, ці ведаюць тых, хто з імі сутыкнуўся. І большасць жанчын жывуць у страху сексуальнага гвалту штодня.  Так што для большасці жанчын згвалтаванне – гэта нешта вельмі рэальнае, а не гіпатэтычнае, тое, што адбываецца з рэальнымі людзьмі.

Калі комік – мужчына, які не сутыкаўся з сексуальнымі дамаганнямі, ён можа думаць пра згвалтаванне як пра нейкую абстрактную ідэю. Жахлівую, але ўсё ж ідэю, накшталт іспанскай інквізіцыі ці рабства. Гэта значыць, нешта занадта далёкае ад ягонага жыццёвага досведу. Такім чынам, мы ўспрымаем праблемы чалавека ці рэальнымі, ці пацешнымі (нерэальнымі) у залежнасці ад нашага жыццёвага досведу і культурнага бэкграўнду.

Сацыяльная адказнасць vs права на памылку

Ёсць розныя віды і жанры гумару. Інтэлектуальны гумар і стэндап – гэта розныя жарты, аўдыторыя і логіка. Комікі стэндапу хочуць жартаваць пра ўсё, у іх шмат жартаў, скіраваных ніжэй за пояс. І ўсе віды гумару маюць права на існаванне.

Але як жа сацыяльная адказнасць? Ці мусіць комік думаць пра тое, што можа закрануць тых, хто не сядзіць непасрэдна ў зале, але так ці інакш пачуе ягоны жарт?

Трэба разумець, што забарона нейкай тэмы для гумару – гэта крок да табуявання тэмы ў цэлым. Гумар – адзін са спосабаў зняць стыгму з пэўнай тэмы.

Максім Паршута прыгадвае нядаўнюю гісторыю з амерыканскім артыстам стэндапу Мэтам Райфам. На «Netflix» апублікавалі ягоны чарговы канцэрт, пасля чаго здарыўся скандал: комік пажартаваў на тэму хатняга гвалту, а гаспадыня залы, дзе ён выступаў, была з сіняком пад вокам. У Райфа быў няўдалы жарт пра тое, што, маўляў, калі б яна была ў гэты час на кухні, з ёй бы такога не здарылася. Таму, маўляў, яе справядліва збілі за няўменне гатаваць. За гэты жарт коміка пачалі цурацца, у сацыяльных сетках і інтэрнэце паднялася магутная хваля супраць яго. Пазней Райф апублікаваў адказ на ўсплёск абурэння ў Instagram: «Калі некалі нейкі мой жарт пакрыўдзіў вас – вось спасылка на маю афіцыйную просьбу прабачэння». Спасылка, названая «Націсніце, каб залагодзіць вашую праблему», вяла на старонку для набыцця ахоўнага шлема для дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Гэты адказ, зразумела, выклікаў яшчэ больш абурэння.

Артыст стэндапу Мэт Райф.
Фота: mattrife / Instagram

Райф, як і многія заходнія комікі, настойвае, што «комікі могуць жартаваць на мяжы, пакуль гэта смешна». Але тут важна, каб камедыя не ператваралася ў прастору для абразаў.

«Самі такія скандалы – гэта не кепска, а нават добра, бо дапамагаюць зверыцца з рэальнасцю. З аднаго боку, ёсць людзі, адчувальныя да гендарных пытанняў, з іншага боку, ёсць вялікі пласт людзей, якія смяюцца з жартаў пра месячныя, згвалтаванні і гэтак далей. І нават комікі-несексісты часам могуць перайсці мяжу дапушчальнага, свядома ці не. Гэтая рыса не абазначаная, і такія скандалы дапамагаюць зверыцца з аўдыторыяй, куды можна заходзіць, а куды не. Грамадская дыскусія ідзе на карысць усім, і комікам, і ўсяму грамадству», – перакананы Максім Паршута.

Чаму ў зале так шмат людзей смяецца з гэткіх жартаў? Як кажа наш суразмоўца, Іван Усовіч – прафесійны гумарыст, і ягоныя жарты, у тым ліку пра гвалт, напісаныя прафесійна, пабудаваныя так, каб быць смешнымі. І для многіх людзей, якія не сутыкаліся са згвалтаваннем, гэты гумар можа быць смешным. Не забываем таксама і культурніцкі аспект: беларускае грамадства ўсё яшчэ глыбока патрыярхальнае. Усё яшчэ можна пачуць думку, што ў згвалтаванні вінаватая самая жанчына.

«Ці тое, што беларусы смяюцца з такіх жартаў, сведчыць, што беларусы нейкія не такія, нейкія кепскія? Адназначна не. Тут пытанне гендарнай адукацыі, сексуальнай асветы. Нам якраз не стае грамадскай дыскусіі на такія тэмы, разумення гендарных праблемаў. Для вялікай колькасці людзей фемінізм, на жаль, дагэтуль – лаянкавае слова. Хтосьці жыве з думкай: божа, у гэтых жанчын ужо больш правоў, чым у мужчынаў. Гэта, канешне ж, не так. Калі пачынаеш размаўляць з людзьмі на ўзроўні аргументаў, яны задумваюцца і пагаджаюцца з табой.

У масавай свядомасці ўсё яшчэ шмат стэрэатыпаў і міфаў. Але не трэба забываць, што жанчыны атрымалі права голасу ўсяго 100 гадоў таму. Тое, што жанчына не толькі захавальніца агменю, але і паўнавартасная ўдзельніца супольнасці, уваходзіць у масавую свядомасць цяпер, на нашых вачах.

Таму мужчыны часта (хочацца верыць, несвядома, без злога намеру) не ўспрымаюць жанчыну як роўную сабе. Трэба прайсці вялікі шлях, каб адысці ад гэтага, індывідуальна і на ўзроўні грамадства. Але тады стане лепш усім», – перакананы наш суразмоўца.

Аднак ён супраць таго, каб уводзіць катэгорыю сацыяльнай адказнасці ў гумары.

«Гумар розны. Хтосьці асэнсоўвае яго як сваю адказнасць, для кагосьці гэта проста жарты, для кагосьці – спосаб самавыяўлення і рэфлексіі. Калі казаць пра сацыяльную адказнасць, можна тады задацца пытаннем: кінематограф – гэта проста кіно ці не? З аднаго боку, нельга казаць, што ад жартаў Івана Усовіча ўсе мужчыны Беларусі і Расеі прымуць думку, што гвалтаваць жанчын можна.

З іншага боку, наіўна і недарэчна адмаўляць, што такія прадукты для масавай аўдыторыі ўплываюць на ўспрыняцце людзей, умацоўваюць іх у нейкіх перакананнях. Калі мы чуем у жартах шмат сексізму, зразумела, што ён трапляе ў нас. Калі ўмоўны я не ўспрымаю сексісцкія жарты, яны не зробяць мяне большым сексістам і не прымусяць мяне расчаравацца ў ідэях фемінізму. Але людзей, якія ўжо схільныя да ідэй сексізму, такія жарты будуць толькі падмацоўваць у іхных думках, бо яны будуць знаходзіць пацвярджэнне: вядомая асоба кажа пра гэта з вялікай сцэны», – адзначае Максім Паршута.

На ягоную думку, стэндап – гэта такая ж праява поп-культуры, як музыка, кінематограф, коміксы. З аднаго боку, наіўна ставіцца да гумару проста як да жартаў, бо мы ведаем шмат прыкладаў, як праз кіно ці літаратуру замацоўваюцца пэўныя стэрэатыпы пра цэлыя нацыі, сацыяльныя групы. З іншага боку, нельга перабольшваць значэнне стэндапу.

«Ці мусяць комікі несці добрае і светлае ў свет – на добры толк яны не абавязаныя. Як і журналісты не абавязаныя залагоджваць праблемы сусвету. Калі Іван Усовіч кепска пажартаваў, вельмі правільна абазначыць гэта і пачаць грамадскую дыскусію на тэму гвалту. І гэта пазітыўны момант гэтага кепскага жарту», – рэзюмуе Максім Паршута.

Hавiны
«Чык-Чырык». Хто з беларускіх комікаў дазваляе сабе палітычны гумар
2021.04.01 13:10

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў