Мітрапаліт Павел пра гульню людзьмі ў шашкі і плёткі аб асабістым сакратары


«У Беларускай праваслаўнай царкве сёння ўсё, дзякуй Богу, больш-менш стабільна і на дастойным узроўні», – апісаў сітуацыю ў Беларусі новы экзарх.

Наказ ад патрыярха



У гутарцы з журналістамі 22 студзеня, пасля сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Грыгорыем Рапотам, галава БПЦ мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел заявіў, што яго папярэднія кіраўнікі, а таксама патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у сваіх наказах перад накіраваннем да месцаў служэння ў Ізраіль, Еўропу і ЗША гаварылі яму: «Вы мусіце там працаваць з такім разлікам, што вашае жыццё ўсё будзе прысвечанае гэтаму месцу і вы будзеце там працаваць усё жыццё; калі вы толькі адчуеце сябе хаця б на нейкае імгненне дачаснікам, вы рабіць нічога не будзеце».

{movie}Мітрапаліт Павел: Я вельмі крануты падтрыманнем Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі |right|14412{/movie}

Пра грамадзянства

Мітрапаліт адзначыў, можа прыняць беларускае грамадзянства, але не хоча адмаўляцца і ад расейскага: «Улічваючы, што Беларусь і Расея – гэта Саюзная дзяржава, сёння, напэўна, вострай неабходнасці няма прымаць грамадзянства Беларусі. Але шчыра скажу, што я гатовы, не адмаўляючыся ад расейскага грамадзянства, прыняць і беларускае, каб вонкава і юрыдычна заявіць, што я тут не часова».

Паводле беларускага заканадаўства, кіраўніком рэлігійнай арганізацыі ў нашай краіне можа быць толькі грамадзянін Беларусі. Закон не прадугледжвае таксама магчымасці двайнога грамадзянства.



Ці будуць змены?

Патрыяршы экзарх прызнаўся, што пакуль не праводзіў зменаў у структуры Беларускай праваслаўнай царквы: «Я гаварыў прыхаджанам і святарам у першыя дні майго перабывання ў Беларусі, што я людзьмі ў шашкі не гуляю, таму кагосьці пераводзіць, кагосьці вызваляць – у мяне такой задачы няма. Я ўсім прапанаваў працаваць, служыць. Усе, хто пажадае працаваць і служыць шчыра, добрасумленна, аддаючы свае веды, уменні і досвед, могуць заставацца на сваіх месцах рэшту жыцця. Тым, хто не хоча працаваць, я прапанаваў адразу пісаць прашэнне і сыходзіць».

Мітрапаліт пра Лукашэнку



Паводле ўладыкі, дачыненні паміж царквою і дзяржаваю ў Беларусі «на вельмі годным узроўні». «У Беларускай праваслаўнай царкве сёння ўсё, дзякуй Богу, больш-менш стабільна і на годным узроўні. Але, вядома, карэктаваць прыйдзецца. Я спадзяюся на падтрыманне епіскапату».

«Я вельмі крануты, што я знайшоў падтрыманне ў асобе першай асобы дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, і я сёння адчуваю шчырае падтрыманне вернікаў. Будзем рабіць усё дзеля росквіту і паляпшэння жыцця нашых людзей», – дадаў мітрапаліт Павел.

20-гадовы сакратар працуе з мітрапалітам 6 гадоў

Патрыяршы экзарх лічыць «нармальнаю з’яваю» імклівы кар’ерны рост ягонага асабістага сакратара Дзмітрыя Варламава, які ў свае 21 год мае адзнакі, якіх святары чакаюць звычайна гадамі.



«Я ніколі на плёткі не адказваю – няма тае хусты, каб завязаць людзям вусты, – заявіў мітрапаліт Павел. – Калі чалавек у бліжніх бачыць толькі дрэннае, то ён мусіць падумаць у першую чаргу пра сябе: можа, у яго акуляры зацямніліся», – падае interfax.by

Паводле мітрапаліта, сакратар працуе з ім ужо шэсць гадоў і заслужыў узнагароду.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў