Блізкія забітага бабруйчаніна патрабуюць не менш за 10 гадоў турмы для былога міліцыянта


24-гадовы бабруйчанін Міхаіл Шкрабаў загінуў праз дзесяць хвілінаў пасля таго, як у яго двойчы выстраліў палкоўнік міліцыі на пенсіі. Сястра Мішы, Алена Сівец, будзе дамагацца справядлівага пакарання для забойцы.



{movie}Недарэчнае забойства|right|14054{/movie}

“На калені!” – крычаў былы міліцыянт перад тым, як стрэліць

Мішу Шкрабава пахавалі каля роднай вёскі Каменка ў Бабруйскім раёне. На вясковых могілках адразу кідаецца ў вочы новая магіла, вышэйшая за іншыя з-за дзясяткаў памятных вянкоў на ёй.

Мішава сястра Алена, што прыехала з намі да магілы брата, прывезла ягоны партрэт – маладога, прыгожага хлопца, і паклала на вянкі, каля крыжа, на якім чытаем: “7.06.1989 – 26.12.2013”. Міша пражыў 24 гады.



Уначы 26 снежня двума стрэламі з пісталета ІЖ-70 яго забіў палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

Як распавёў сябар Мішы Аляксандр Бабыкін, у той вечар Міша адвёз сваю сяброўку дадому ў Кіраўск, а потым захацеў пакатацца па горадзе. У бабруйскую начную краму “ХХІ век” хлопцы прыехалі па піва. Там і завязалася спрэчка з мужчынам пенсійнага ўзросту. Паводле Аляксандра, з-за таго, што Міша наўпрост каля крамы хацеў схадзіць у туалет. Пенсіянеру гэта не спадабалася.

“Міша сказаў: зараз пайду што-небудзь куплю, і потым паразмаўляем, і зайшоў у краму, – распавядае далей Аляксандр. – А пазней гэты дзед зноў падышоў да Мішы з пісталетам са словамі “На калені! Я гэткіх, як ты!..”

Міша, паводле Аляксандра, выклікаў міліцыю, калі пабачыў пісталет. Але мужчына некуды адышоў, міліцыя нікога не знайшла, і паехала. Тады палкоўнік зноў падышоў да аўтамабіля, у якім сядзелі хлопцы.

“Міша выйшаў з аўта, паслізнуўся, паваліўся ў бок дзеда, і той выстраліў”, – кажа Аляксандр.

Выстралы былі ў брушыну і грудзі. Мішу адразу завезлі ў шпіталь, але ўратаваць не здолелі – хлопец памёр з-за вялікай страты крыві.



Праваабаронца: Каб справу не змаглі замяць, трэба шмат пра гэта казаць і пісаць

Як паведаміла Аксана Салянюк, прадстаўніца Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь у Магілёўскай вобласці, былы палкоўнік міліцыі 1953 года нараджэння цяпер пад вартаю. Распачалі крымінальную справу паводле арт. 339 ч. 3 (асабліва злоснае хуліганства) і арт. 139 ч. 1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (забойства).

Алена Сівец апасаецца, што справу могуць замяць: “Гэта адна сістэма, гэты чалавек – выхадзец з гэтай сістэмы. Як сябар выгароджвае сябра – так і тут можа быць”. Але дзяўчына будзе дамагацца справядлівага пакарання забойцы.

“Мы спадзяемся, што працаўнікі міліцыі выканаюць свой доўг, як гэтага патрабуюць закон, сумленне і справядлівасць. Мы чакаем пакарання, прадугледжанага артыкулам “Забойства” – пазбаўленне волі больш за 10 гадоў адназначна. Тым больш, што чалавек ведаў, на што пайшоў, – ён жа вярнуўся дадому, схадзіў па пісталет, гэта было свядома”.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка адзначыў: цалкам імаверна, што будуць шукаць спосабаў зменшыць пакаранне для міліцыянта ў адстаўцы. Родным загінулага Мішы Шкрабава ён раіць патрабаваць дбайнага расследавання трагедыі, а таксама няспынна казаць пра развіццё сітуацыі ў медыях – гэта не дазволіць усё спусціць на тармазах.



Сястра загінулага да “Советской Белорусии”: Правярайце, што пішаце

У інтэрнэце і медыях тым часам высоўваюцца розныя версіі таго, што насамрэч адбылося. Некаторыя лічаць, што хлопцы самі “нарываліся” і пытаюцца, што яны ўвогуле рабілі а 2-й гадзіне ночы каля начніка.

Газета “Советская Белорусия” ў кароткай нататцы пра выпадак назвала Мішу сабутэльнікам пенсіянера. Алена вельмі абураная гэтаю інфармацыяй: “Советская Белорусия” – газета рэспубліканскага значэння. Газета, якую чытае ўся краіна, мусіць правяраць тое, што піша. Міша не быў нават знаёмы з забойцам, з ім ніхто не піў, яны не былі сабутэльнікамі”.



Мішавы сябры, што былі з ім уначы, калі здарылася трагедыя, пацвярджаюць, што ўпершыню тады бачылі палкоўніка-пенсіянера.

“Кажуць, што яны шумелі, але там не было ніякага шуму, да таго ж, там няма дамоў каля крамы. Што яны рабілі там уначы? Гэта моладзь, яны не мусяць сядзець дома, дрэннага яны нічога не рабілі”, – Алена абвяргае намёкі, што Міша першы завязаў спрэчку.

“Міша быў вельмі спакойны чалавек, выхаваны, разумны – у яго была светлая галава, ён любіў аўтамабілі, нешта рабіць рукамі, – кажа Алена, ледзь стрымліваючы слёзы. – Ён скончыў тэхналагічны ўніверсітэт у Гомлі, быў пасля размеркаваны на Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў інжынерам-тэхнолагам. Яму прапаноўвалі добрую пасаду ў канструктарскім бюро… Ён так і казаў: пасля Новага года будзем адзначаць маю новую пасаду… Збіраўся ажаніцца, меў шмат планаў на будучыню”.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў