Жыхары Астраўца збіраюць подпісы «супраць бессэнсоўных назваў вуліц»


На сайце e-petitions.by з’явілася петыцыя «Супраць бессэнсоўных назваў вуліц Астраўца». Яе аўтары прапануюць даваць назвы ў гонар славутых дзеячаў Астравеччыны.

Сучасныя раёны Астраўца.
Фота: ont.by

«Мы супраць агульных абстрактных назваў вуліц Астраўца. Прапанаваныя да прысваення назвы вуліц Народная, Жураўліная, Добрая, Сямейная, Салаўіная, Ясная, Сяброўства, Мірная настолькі абстрактныя, што не нясуць у сабе аніякага сэнсу», – гаворыцца ў тэксе петыцыі.

Ініцыятары збору подпісаў зазначаюць, што тым часам неўшанаванымі застаюцца «імёны выдатных беларусаў, жыхароў Астравеччыны, чыя дзейнасць на карысць грамадства мусіць быць прыкладам для ўсіх».

Аўтары петыцыі прыводзяць спіс, як яны зазначаюць, няпоўны, асобаў, звязаных з Астравецкім краем, якіх варта ўшанаваць у гарадской тапаніміцы:

  • Альбін Стаповіч – паэт, публіцыст і музыка;
  • Янка Быліна – паэт, драматург і святар з вёскі Лакцяны;
  • Мар’ян Богуш-Шышка – мастак з вёскі Тракенікі;
  • Іосіф Гашкевіч – навуковец-мовазнаўца, даследчык Японіі і Кітаю, які правёў апошнія гады свайго жыцця ў вёсцы Малі;
  • Леў Дабжынскімастак, пахаваны ў вёсцы Лоша ў 1938 годзе;
  • Казімір Сваяк – грамадска-палітычны дзеяч, паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар, які нарадзіўся ў вёсцы Барані.

«І пакуль гэтыя асобы не ўшанаваныя, не зразумела, як гаворка можа ісці пра ўшанаванне салаўёў і жураўлёў – які прыклад яны падаюць, які нацыянальны гонар яны абуджаюць у жыхароў гораду? Ніякі», – лічаць жыхары Астраўца.

Збор подпісаў працягнецца да 23 лістапада.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў