Дыназаўр у Кангрэсе Калумбіі і цыклон у Індыі і Пакістане. Галоўныя здымкі тыдня


Ад развітання з італьянскім палітыкам Сільвіё Бэрлюсконі ў Мілане і ракетнага абстрэлу Крывога Рогу ва Украіне да караблекрушэння ў Міжземным моры і разбуральнага трапічнага цыклону ў Індыі і Пакістане – сабралі галоўныя здымкі мінулага тыдня ў фотападборцы.

Жанчына сталага веку плача ля цэнтру размеркавання гуманітарнай дапамогі пасля выбуху на Кахоўскай ГЭС. Херсон, Украіна.
Фота: Narciso Contreras / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Самалёт пралятае міма Месяца, адзінага прыроднага спадарожніка Зямлі. Франкфурт, Нямеччына.
Фота: Michael Probst / AP Photo / East News
Людзі чакаюць сваёй чаргі, каб атрымаць бясплатную ежу ля лагера для ўнутрана перамешчаных асобаў з-за трапічнага цыклону Біпарджой (Biparjoy), які абрынуўся на ўзбярэжжа Індыі і Пакістану 16 чэрвеня. Перад штормам і Індыя, і Пакістан увялі масавыя меры бяспекі, каб забяспечыць мінімальныя страты. Па дадзеных уладаў, каля 180 тысяч чалавек былі эвакуяваныя з прыбярэжных раёнаў у абедзвюх краінах. Правінцыя Сінд, Пакістан.
Фота: Pervez Masih / AP Photo / East News
Жанчына смуткуе на месцы трагедыі: у выніку расейскага ракетнага ўдару па жылым доме ў Крывым Розе загінулі 13 чалавек і былі паранены 36. Крывы Рог, Украіна.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum
Чалавек у касцюме дыназаўра і шыльдай на шыі з надпісам «Не выбірайце выміранне» з’явіўся ў Кангрэсе Калумбіі падчас дэбатаў аб змяненні клімату. Багата (Bogota), Калумбія.
Фота: Andrea Ariza / AFP / East News
У Міланскім саборы развіталіся з былым прэм’ер-міністрам Італіі і медыямагнатам Сільвіё Бэрлюсконі. Палітык, які хварэў на лейкемію, памёр у шпіталі Сан-Рафаэле ва ўзросце 86 гадоў. Мілан, Італія.
Фота: Piero Cruciatti / AFP / East News
У Расеі судзяць 24-ох украінцаў, звязаных з палком «Азоў», сярод якіх 8 жанчын. Людзей затрымалі ў Марыупалі ў 2022 годзе пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Абвінавачаным ставяць у віну ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі і спробу гвалтоўнага захопу ўлады на тэрыторыі так званай ДНР. Растоў-на-Доне, Расея.
Фота: AP Photo / East News
Ацалелыя пасля караблекрушэння спяць на складзе ў порце гораду Каламата (Καλαμάτα), прыкладна ў 240 кіламетрах ад Афінаў. 14 чэрвеня рыбацкая лодка з мігрантамі перакулілася і затанула ля берагоў Грэцыі. Па меншай меры 78 чалавек загінулі і сотні зніклі без вестак, усяго на судне было каля 750 чалавек. Катастрофа стала адной з найбуйнейшых трагедый у Міжземным моры. Каламата, Грэцыя.
Фота: Thanassis Stavrakis / AP Photo / East News
У Сусветны дзень марскіх чарапах, 16 чэрвеня, Нацыянальны цэнтр выратавання марскіх чарапах выпусціў на пляжы Бэйт Янай (Beit Yanai) у Міжземнае мора 18 галавастых марскіх чарапах (логгерхедаў), якія былі выратаваны ізраільскімі спецыялістамі і прайшлі поўны курс рэабілітацыі. Нэтанья (Netanya), Ізраіль.
Фота: Ariel Schalit / AP Photo / East News
Сілы спецыяльных аперацый ЗСУ страляюць уначы з савецкай 122-мм гаўбіцы Д-30 па расейскім пазіцыям у Херсонскай вобласці, Украіна.
Фота: Felipe Dana / AP Photo / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў