У Прыднястроўі заявілі пра атаку на вайсковую частку


У непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспубліцы (ПМР) заявілі пра выбухі і пажары на тэрыторыі вайсковай часці ў Тыраспалі ў выніку атакі дрона-камікадзэ.

У Прыднястроўі заявілі пра атаку на вайсковую частку.
Фота: tv_pmr / Telegram

Тэлеканал «Первый Приднестровский» паведаміў, што 17 сакавіка на тэрыторыі адной з воінскіх часцей Тыраспалю адбыўся пажар, які ўзнік у выніку выбуху. Сцвярджаецца, што выбух адбыўся ў выніку атакі дрона-камікадзэ, палёт якога быў зафіксаваны з боку «Канюшынавага моста». Так званы «Канюшынавы мост» размешчаны на поўнач ад Тыраспалю, побач з украінскай мяжой.

«Ахвяраў няма. Працуюць праваахоўныя органы. Распачатая крымінальная справа», – паведамляе тэлеканал.

Выданне «Українська правда» зазначае, што сыходзячы з распаўсюджанага каналам відэа, пажар мог знішчыць верталёт.

Нагадаем, 28 лютага ў непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспубліцы (ПМР) адбыўся з’езд дэпутатаў усіх узроўняў. На форуме была прынятая рэзалюцыя, у якой гаворыцца пра зварот да Расеі з просьбай аб абароне Прыднястроўя ва ўмовах эканамічных абмежаванняў з боку Малдовы, якія прэзідэнт ПМР Вадзім Краснасельскі параўнаў з «палітыкай генацыду».

У МЗС РФ пасля з’езду заявілі, што ўсе звароты Тыраспалю разглядаюцца «з увагай», бо «абарона інтарэсаў жыхароў Прыднястроўя, нашых суайчыннікаў – адзін з прыярытэтаў».

Аналітыка
Прыднястроўе папрасіла Расею яго абараніць. Ці варта чакаць анексіі або новай вайны?
2024.02.29 16:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў