У Кішынэве мужчына кінуў гаручыя емістасці ў амбасаду РФ. Ён нязгодны з палітыкай Крамля


У сталіцы Малдовы 17 сакавіка кінулі падпалены прадмет у двор расейскай амбасады, дзе праходзіць галасаванне на выбарах прэзідэнт РФ.

Акцыя пратэсту каля амбасады РФ у Кішынэве.
Фота: NewsMaker.md / Telegram

ТАСС паведамляе, што мужчына кінуў дзве бутэлькі з запальнай сумессю ў двор пасольства Расеі. Нападніка затрымалі.

«Sputnik Малдова» піша, што бутэльку з запальнай сумессю праз агароджу амбасады перакінуў сталы мужчына.

РИА Новости адзначае, што затрыманы 40-гадовы мужчына, які перакінуў праз плот пасольства Расеі ёмістасць з запальнай сумессю.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе РФ у Кішынэве ўжо аднавіў працу.

Каля амбасады РФ таксама праходзіць акцыя пратэсту, у якой заўважаныя людзі з антываенным бела-сіне-белым сцягам і сцягам «Расейскага добраахвотніцкага корпусу», паведамляе NewsMaker.md.

Абноўлена 15:30. Выданне ZIUA са спасылкай на мясцовую паліцыю паведамляе, што затрыманаму 54 гады. Ён з’яўляецца грамадзянінам Малдовы і, магчыма, Расеі. Мужчына кінуў дзве ёмістасці з гаручымі рэчывамі. Свае дзеянні ён патлумачыў незадаволенасцю дзеяннямі расейскіх уладаў. Нападнік знаходзіцца ў паліцыі.

Улады Малдовы дазволілі адкрыццё толькі аднаго выбарчага ўчастку на сваёй тэрыторыі. Аднак без іх згоды былі адкрытыя яшчэ шэсць участкаў у самаабвешчанай «Прыднястроўскай рэспубліцы».

Раней стала вядома, што Генеральны кансулат Расеі ў Берасці, дзе таксама праходзіць галасаванне на выбарах прэзідэнта РФ, атрымаў папярэджанне пра мініраванне.

Hавiны
Невядомыя «замініравалі» генеральны кансулат Расеі ў Берасці
2024.03.17 11:35

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў