«Апоўдні супраць Пуціна» і 87 % нібыта за Пуціна. Вынікі выбараў у Расеі


У Расеі завяршыўся трэці і апошні дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах – галасаванне працягваецца хіба што ў Амерыцы. Праціўнікі Уладзіміра Пуціна і развязанай ім вайны ва Украіне правялі акцыю «Апоўдні супраць Пуціна». Дзяржаўны ВЦИОМ паведаміў, што паводле вынікаў экзітполу за Пуціна нібыта прагаласавалі 87 % выбарнікаў. «Вось так» падводзіць вынікі выбараў у спецыяльным эфіры.

Экзітпол дзяржаўнага ВЦИОМ даў такі вынік: Уладзімір Пуцін – 87 %, Мікалай Харытонаў – 4,6 %, Уладзіслаў Даванкоў – 4,2 %, Леанід Слуцкі – 3 %, несапраўдныя бюлетэні – 1,2 %. Падобныя вынікі дае блізкі да Крамля ФГД.

Цэнтральная выбарчая камісія Расеі 40,2 % галасоў дае Пуціну 87,54 % галасоў, Даванкову і Харытонаву каля 4 %, Слуцкаму каля 3 %. Паводле папярэдніх афіцыйных звестак, яўка склала рэкордныя для прэзідэнцкіх выбараў у Расеі 74 %. На акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны Пуцін нібыта атрымаў аж 95 %.

У эфіры тэлеканалу «Дождь» сацыёлаг Алена Конева распавяла пра вынікі незалежнага апытання: яўка блізу 72 %, ад усіх, хто галасаваў, 55 % за Пуціна, 3 % за Даванкова, за астатніх менш, 1 % сапсавалі бюлетэнь, а 37 % адмовіліся адказаць, за каго галасавалі. Сярод усіх выбарнікаў, калі лічыць тых, хто не галасаваў, рэйтынг Пуціна склаў 44 %.

Назіральнікі фіксавалі парушэнні, у тым ліку каруселі і магчымыя ўкіды. У Падмаскоўі назіральнік заўважыў, што колькасць выдадзеных бюлетэняў напісалі, не чытаючы спісаў. У Краснадары знялі стос відавочна ўкінутых бюлетэняў. У Дзяржынску раней знялі на відэа беспасярэдні працэс укіду бюлетэняў на закрытым на ноч участку. У першы дзень галасавання ўсе 136 участкаў Старога Асколу зрабілі справаздачу пра аднолькавую яўку.

Апошні дзень галасавання прайшоў адносна спакойна: паліцыя не нападала на людзей у чэргах да ўчасткаў для галасавання. Паводле звестак «ОВД-Инфо», па ўсёй Расеі 17 сакавіка ў сувязі з выбарамі затрымалі каля 85 чалавек. Найбуйнейшае здарэнне было ў Пермі, дзе жанчына ўзарвала вялікую петарду ў прыбіральні на выбарчым участку ў доме культуры. У выніку ёй адарвала руку, цяпер яна ў шпіталі. Паводле звестак выдання «Baza», выбух учыніла 64-гадовая Алена С. Відавочцы кажуць, што перад выбухам жанчына размаўляла з кімсьці праз тэлефон. Паводле папярэдняй версіі, яна мела зносіны з ашуканцамі.

За першыя два дні галасавання зафіксавалі як мінімум 29 затрыманняў за падпалы або псаванне кабінак і скрыняў у 20 рэгіёнах Расеі. Міністэрства ўнутраных справаў Расеі налічыла 61 крымінальную справу на расейцаў за розныя дзеянні на выбарчых участках.

Каля некаторых участкаў у Расеі чэргі апоўдні сабралі дзясяткі чалавек, а на ўчастках за мяжою – сотні (Міністэрства замежных справаў Расеі адмаўляе, што чэргі на замежных выбарчых участках звязаныя з акцыяй «Апоўдні супраць Пуціна»). У сацыяльных сетках апублікавалі сотні фота сапсаваных бюлетэняў з надпісамі супраць вайны і дзейнай улады.

Очередь перед избирательной комиссией в Мурино
Чарга перад выбарчай камісіяй у Мурыне, Ленінградская вобласць, Расея. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Vot-tak.tv

Сустаршыня расейскага руху «Голос» Станіслаў Андрэйчук у эфіры «Вось так» апавёў, што парушэнні на выбарах-2024 былі прыблізна такія ж, як і на папярэдніх. Але новае – той сілавы рэсурс, які выкарыстоўваўся: Андрэйчука здзівіла, што паліцыянты правяралі адзнакі ў бюлетэнях перад скрынямі для галасавання або стаялі за спінай тых, хто галасаваў. На адным з участкаў паліцыянты проста запатрабавалі ў камісіі, каб тая адчыніла скрыню з бюлетэнямі і дастала той бюлетэнь, які ім не спадабаўся.

«Гэта сілавое ўтрыманне ўлады, трэба называць рэчы сваймі імёнамі, – заяўляе Андрэйчук. – Напэўна, гэта наступства тых ваенных дзеянняў, якія вяліся не толькі апошнія два гады, а пачынаючы з Чачэніі. Вось Чачэнія і Данецк прыйшлі да нас».

Упершыню на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі выкарыстоўвалася дыстанцыйнае электроннае галасаванне, якое раней ужывалася на выбарах у Дзяржаўную думу і на галасаванні аб папраўках у Канстытуцыю. Андрэйчук назваў вынікі ДЭГ неверагоднымі: у Маскве Пуцін набраў праз ДЭГ нібыта больш за 90 %, а ў Маскве абсалютная большасць галасавала праз ДЭГ. З чаго б «праблемны» для ўладаў горад рэзка памяняў сваё меркаванне пра Пуціна, Андрэйчук не можа ўявіць. Ён адзначае, што праверыць вынікі ДЭГ немагчыма.

Разбор
71-гадовы самавылучэнец ідзе на пяты тэрмін. Што адбываецца ў Расеі 15–17 сакавіка
2024.03.15 07:00

Расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў у эфіры «Вось так» ацаніў афіцыйныя вынікі так:

«Палітычны рэжым, які Пуцін пабудаваў, прыняў сваю канчатковую форму, выйшаў на сваю праектную магутнасць».

Марозаў нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка на выбарах-2020 паводле афіцыйных звестак атрымаў 80,1 % (паводле падлікаў беларускай платформы «Голас», Святлана Ціханоўская перамагла ў першым туры, набраўшы не менш за 56 %). На нядаўніх выбарах у Азербайджане Ільхам Аліеў нібыта набраў 92,12 % галасоў. Гэта значыць, Пуцін прыйшоў да таго, што для постсавецкіх аўтакратаў ёсць нормаю: атрыманне не проста большасці, а пераважнай большасці.

Чаго чакаць ад Пуціна пасля такіх вынікаў? Марозаў нагадвае, што і да гэтых выбараў Пуцін быў здольны на любыя дзеянні. Тое, як Пуцін прымаў пастанову пра поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, паказала, што ён адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, можа як заўгодна маніпуляваць найбліжэйшым асяроддзем ды распараджацца лёсамі і звычайных расейцаў, і прадстаўнікоў буйнога бізнесу.

87 % на выбарах не даюць Пуціну новых магчымасцяў, мяркуе Марозаў. Але найбліжэйшыя гады Пуцін відавочна будзе з вялікай энергіяй ажыццяўляць сваю праграму, звязаную з вайной і рэпрэсіямі, а таксама адаптацыяй эканомікі да вайны. На новую кадэнцыю Пуцін уваходзіць «трыумфальна».

Пачатку беспасярэдняй вайны з краінамі NATO Марозаў не чакае проста цяпер, але заўважае, што «да гэтага ўсе гатовыя», палітычная сістэма выбудаваная так, што чакаць можна чаго заўгодна. Магчыма, Крэмль збіраецца больш актыўна дзеяць супраць Малдовы, будзе ціснуць на краіны Балтыі і на Паўночную Еўропу. 87 % Пуціна, рэзюмуе ён, – гэта сігнал Еўропе, што трэба ўмацоўваць усходні фланг абароны.

Раптоўнага зрынання Пуціна паводле сцэнара расстрэлу румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску Марозаў не чакае: падзеі ў Румыніі ды наагул рэвалюцыі ў Еўропе ў канцы 1980-х былі следствам таго, што «ўпаў цэнтр», у СССР пачалася перабудова. У Расеі ж нешта падобнае можа быць хіба што ў выніку вялікага сусветнага крызісу.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Алесь Наваборскі / ВВ belsat.eu

Стужка навінаў