Куды можна паехаць без візы з беларускім пашпартам? Мапа


У грамадзяніна Беларусі немалы выбар бязвізавых краінаў, спіс нават пашыраецца. Толькі ў шмат якія ляцець далёка, а ў шмат якія цікавыя беларусам трэба атрымліваць шэнгенскую візу. «Белсат» склаў «мапу бязвізу і амаль бязвізу».

Рэйтынг пашпартоў («Passport Index») ставіць беларускі пашпарт на 55-е месца ў свеце паводле магчымасцяў падарожнічаць без візы. Гэта сярэдзіна спісу, на ўзроўні часткова прызнанага Косава і вострава Нуару ў Ціхім акіяне. Слабей за ўсіх суседзяў, якіх без візы пусцяць у значна больш краінаў.

Мы праверылі гэты рэйтынг (і знайшлі пару недакладнасцяў), склалі ўласную мапу. Краіны падзялілі на такія катэгорыі:

  • доўгі бязвіз – калі ў краіне можна заставацца колькі заўгодна амаль без абмежаванняў, толькі з пэўнымі бюракратычнымі фармальнасцямі;
  • бязвіз – калі ў краіну можна прыехаць без візы (але з выкананнем пэўных умоваў, розных для кожнай краіны) на абмежаваны час;
  • віза па прыбыцці – калі ў краіну можна спачатку прыляцець, а ўжо на месцы атрымаць візу (найчасцей у такіх краінах можна таксама загадзя атрымаць электронную візу, каб не рызыкаваць);
  • э-віза – калі ў краіну трэба атрымліваць візу, але зрабіць гэта можна праз інтэрнэт (звычайна выдача візы займае лічаныя дні, у адрозненне ад «офлайн-візаў»);
  • віза – калі ў краіну трэба загадзя атрымліваць візу праз звычайны «офлайнавы» шлях кшталту консульства ці візавага цэнтру.

Кожная краіна мае свае патрабаванні да дакументаў па прыбыцці. Дзесьці для «бязвізу» патрэбны турыстычны ваўчар, а дзесьці дастаткова дэклараваць «турызм» мэтай паездкі. Дзесьці візу па прыбыцці ставяць бясплатна і амаль аўтаматычна, а дзесьці яна платная і выдаецца пры наяўнасці броні гатэлю і зваротнага квітка. Дзесьці, як у Мексіцы, пусцяць без нацыянальнай візы, калі ёсць візы некаторых іншых дзяржаваў. Дзесьці фактычныя візавыя патрабаванні можа рабіць непрадказальнымі вайна – як то ва Украіне. А дзесьці, як на Сейшэлах, фармальна няма візаў, але турыстам трэба атрымліваць «дазвол на наведванне».

Асаблівы выпадак – часткова прызнаная Палестына (або Палестынская аўтаномія). Сваіх візавых патрабаванняў у яе няма, але праход на Заходні бераг ракі Іярдан кантралюе Ізраіль, а праход у сектар Газа на момант публікацыі закрыты праз баявыя дзеянні.

Візавыя патрабаванні могуць мяняцца раптоўна

Напрыклад, 6 студзеня 2024 года ўзаемны бязвіз на 90 дзён на год увялі Беларусь і Нікарагуа. Праўда, наўрад ці звычайным турыстам варта наведваць краіну: там высокі ўзровень злачыннасці і беззаконня, праблемы з аховай здароўя, масавыя рэпрэсіі (паводле парадаў падарожнікам ад Злучаных Штатаў, Злучанага Каралеўства і Канады, а таксама справаздачы «Human Rights Watch»).

Неўзабаве абяцаюць увесці бязвізавы рэжым між Беларуссю і Уругваем. Хоць Уругвай значна больш бяспечны за Нікарагуа, пакаваць валізы яшчэ рана: такія ж абяцанні гучалі ў 2017 годзе. Таксама ў Іран грамадзянам Беларусі пакуль патрэбная віза, але абяцаюць неўзабаве зрабіць бязвіз – калі, канешне, вы захочаце ў Іран у такія часы.

Яшчэ нядаўна Кыргызстан для грамадзянаў Беларусі быў простым варыянтам «доўгага бязвізу». Але мінулай восенню Кыргызстан змяніў законы, стаў немагчымы «візаран» – выезд з краіны, які абнуляе бязвізавы тэрмін (напрыклад, у краіне можна быць без візы N дзён, але калі выехаць за мяжу ў N–1 дзень і вярнуцца ў той жа дзень, то зноў можна быць без візы яшчэ N дзён). Цяпер у Кыргызстане з беларускім пашпартам можна быць без візы максімум 90 дзён у кожны 180-дзённы перыяд, пры тым толькі да 30 дзён за адну паездку. Але калі зарэгістравацца па месцы жыхарства (рэгіструюць максімум на паўгода), абмежаванняў амаль няма. Ды на момант публікацыі практыка ўжывання новых правілаў да канца не зразумелая, могуць узнікнуць праблемы з працягам рэгістрацыі праз неадназначна напісанае заканадаўства.

Іншыя варыянты «доўгага бязвізу» – Грузія (патрэбны «візаран» раз на год), Расея (пры тэрміне звыш 90 дзён трэба ўстаць на міграцыйны ўлік), Таджыкістан (трэба рэгістравацца па месцы жыхарства цягам 10 працоўных дзён) і Узбекістан (трэба рэгістравацца па месцы перабывання цягам трох працоўных дзён).

Разбор
Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду
2023.01.20 19:10

Правяраць візавыя патрабаванні можна не толькі на афіцыйных сайтах (у бяднейшых краінаў дзяржаўныя сайты могуць не абнаўляцца гадамі і не даваць актуальнай інфармацыі), а таксама па «неафіцыйных», як то «iVisa» ці «TravelDoc». Але яны могуць не адсачыць самыя свежыя змены заканадаўства або проста памыліцца ў інтэрпрэтацыі заканадаўства.

Так, у некаторых крыніцах пазначана, што Гамбія дае грамадзянам Беларусі «бязвіз», але на афіцыйных гамбійскіх сайтах пазначана, што віза патрэбная. Таксама ў некаторых крыніцах пазначана, што ў Бангладэш і Гану грамадзяніну Беларусі можна атрымаць візу па прыбыцці ці электронную візу, але на афіцыйных сайтах не ўдалося знайсці пацверджанняў гэтаму.

Міністэрства замежных справаў Беларусі таксама вядзе спіс бязвізавых краінаў, але ён далёка не поўны і, магчыма, утрымлівае памылкі. Напрыклад, у гэтым спісе МЗС пазначана, што Эквадор дае «бязвіз» на 30 дзён, ды ў іншых крыніцах гаворыцца, што бязвізавы тэрмін у Эквадоры – 90 дзён, а на сайце Міністэрства замежных справаў Эквадору (недасяжным на момант публікацыі) асобныя правілы для Беларусі не пазначаныя.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

⚠️ Звярніце ўвагу! Гэтыя звесткі могуць быць недакладнымі або ўжо неактуальнымі. Перад падарожжам лепш удакладняць візавыя патрабаванні ў дыпламатычных прадстаўніцтвах ці міністэрствах замежных справаў адпаведных краінаў або прынамсі на афіцыйных дзяржаўных старонках.

Без візы (на розны тэрмін і пры розных умовах) грамадзяне Беларусі са звычайнымі пашпартамі могуць выпраўляцца ў наступныя краіны: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Албанія, Антыгуа і Барбуда, Аргентына, Арменія, Барбадас, Бразілія, Бурундзі, В’етнам, Вануату, Венесуэла, Гаіці, Гвінея-Бісаў, Грузія, Дамініка, Джыбуці, Егіпет, Замбія, Зімбабвэ, Ізраіль, Інданезія, Іярданія, Кабу-Вэрдэ, Казахстан, Камбоджа, Каморскія астравы, Катар, Кітай (у тым ліку Гон-Конг і Макаў), Куба, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малайзія, Малдова, Мальдывы, Манголія, Маўрыкій, Маўрытанія, Мікранезія, Намібія, Непал, Нікарагуа, Палаў, Панама, Паўночная Македонія, Перу, Расея, Руанда, Самоа, Сейшэлы, Сербія, Сурынам, Сэйнт-Вінсэнт і Грэнадыны, Сэйнт-Кітс і Нэвіс, Таджыкістан, Танзанія, Туніс, Турэччына, Узбекістан, Усходні Тымор, Чарнагорыя, Шры Ланка, Эквадор, Ямайка. Фармальна ў бязвізавым спісе таксама Украіна і Палестынская аўтаномія.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў