Новы год у Ізраілі можа прайсці пад знакам вайны


Напярэдадні Новага года прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што вайна з «Хамасам» у сектары Газа, якая разгарэлася ў кастрычніку 2023 года, працягнецца яшчэ некалькі месяцаў. Нібыта пацвярджаючы тое, што з надыходам 2024-га вайна не завершыцца, «Хамас» абстраляў тэрыторыю Ізраілю проста ў навагоднюю ноч. Пра што сведчыць хада падзеяў у Ізраілі і як развіваецца канфлікт у першыя дні 2024-га?

Вайскоўцы Цагалю падчас правядзення аперацыі ў сектары Газа.
Фота: ИнтеллиНьюз – Израиль и Ближний Восток. Все о безопасности / Telegram

Вайна працягнецца ўвесь 2024-ы

Навагодняя ноч у Ізраілі пачалася не пад бой гадзінніка, а пад вой сірэнаў і гукі выбухаў: «Хамас» выпусціў па поўдні і цэнтры краіны не менш за 27 ракетаў, 18 з іх удалося перахапіць сродкамі паветранай абароны, яшчэ 9 упалі на адкрытай мясцовасці. У выніку ўдараў чалавечых ахвяраў не было, але шмат якім ізраільцянам давялося хавацца ў бамбасховішчах.

Гэты ўдар паказаў, што праз тры месяцы пасля пачатку вайны «Хамас» захоўвае кантроль над падраздзяленнямі і па-ранейшаму мае вялікі арсенал ракетаў, якія выкарыстоўвае супраць Ізраілю. І гэта нягледзячы на тое, што вялікая частка сектару Газа застаецца пад кантролем ізраільскай арміі, піша выданне «Israel Info».

З канца 2023 года Ізраіль вядзе ў сектары Газа цяжкія баі: узяўшы пад кантроль паўночную частку анклаву, войскі ізраільскай арміі вядуць аперацыі на поўдні. У прыватнасці, цяжкія баі працягваюцца ў Хан-Юнісе. На гэты момант паведамляюць, што ізраільскія войскі замацаваліся ў раёне мячэці Абад-ар-Рахман.

Разам з тым кіраўніцтва Ізраілю зрабіла некалькі заяваў, якія відавочна дэманструюць разуменне таго, што вайна зацягнецца на доўгія месяцы. Пра гэта сказаў прэм’ер-міністр краіны Бэньямін Нэтаньягу, які адзначыў: Ізраіль «ваюе на ўсіх франтах», для перамогі трэба больш часу. Ён пацвердзіў, што баявыя дзеянні будуць працягвацца да моманту, пакуль не будуць дасягнутыя ўсе мэты наступу. Сярод такіх мэтаў Нэтаньягу назваў дэрадыкалізацыю палестынскага грамадства, знішчэнне руху «Хамас», а таксама дэмілітарызацыю сектару Газа. Гэта тры асноўныя перадумовы міру паміж Ізраілем і «яго палестынскімі суседзямі».

Напярэдадні Новага года з вуснаў прадстаўніка Цагалю, контр-адмірала Даніеля Гагары ўвогуле прагучала заява, што вайна, верагодна, зацягнецца на ўвесь 2024 год, у звязку з чым Армія абароны Ізраілю робіць карэктывы ў сваім размяшчэнні ў сектары Газа і мяняе метады вядзення баявых дзеянняў, бо кожная вобласць Газы мае свае характарыстыкі, якія трэба ўлічваць.

Вывад рэзервістаў

Разам з заяваю, што Ізраіль рыхтуецца да працяглай вайны, Даніель Гагары адзначыў, што вайсковае камандаваннне збіраецца правесці частковую дэмабілізацыю прызваных рэзервістаў, каб даць ім адпачыць, бо наперадзе яшчэ чакаюцца актыўныя баявыя дзеянні.

«Некаторыя з рэзервістаў вернуцца да сваіх сем’яў і працы на гэтым тыдні. Гэта істотна палегчыць нагрузку на эканоміку і дазволіць сабрацца з сіламі для будучых захадаў у наступным годзе [Заўвага рэд.: заява была зробленая 31 снежня], бо баявыя дзеянні будуць працягвацца, і яны яшчэ спатрэбяцца», – адзначыў вайсковец.

Усяго заявілі пра вывад пяці брыгадаў: тры з іх звычайна рыхтуюць вайскоўцаў, дзве астатнія – брыгады рэзервістаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ИнтеллиНьюз – Израиль и Ближний Восток. Все о безопасности / Telegram

Але разам з тым Цагаль даў зразумець, што вывад гэткай колькасці вайскоўцаў зусім не азначае, што актыўныя баявыя дзеянні ў сектары Газа будуць спыненыя або будзе скарочаная ізраільская прысутнасць у гэтым рэгіёне.

Замірэння не будзе

Прынамсі пакуль што… 2 студзеня стала вядома, што Ізраіль адкінуў прапанову, з якой пры дапамозе катарскіх і егіпецкіх пасярэднікаў выступілі прадстаўнікі «Хамасу». Згодна з іхнымі ўмовамі, угода мусіла залучаць тры этапы: на кожным з іх прадугледжвалася спыненне агню больш як на месяц у абмен на закладнікаў, якія дасюль утрымліваюцца баевікамі, а таксама на вызваленне некалькіх палестынскіх вязняў, што ў ізраільскіх турмах.

Трэці этап угоды прадугледжваў спыненне вайны, вывад войскаў Ізраілю з сектару Газа і стварэнне ўраду, які не будзе звязаны з «Хамасам» і будзе падтрыманы ЗША, Егіпту і Катару.

Ізраільскія ўлады не пагадзіліся на такія ўмовы, папрасіўшы пасярэднікаў падрыхтаваць «больш прымальную прапанову».

Нагадаем, што ў руках «Хамасу» дасюль застаюцца больш за 100 закладнікаў з 240, захопленых у пачатку кастрычніка 2023-га падчас нападу на тэрыторыю Ізраілю (каля ста чалавек удалося вызваліць у выніку часовага замірэння ў канцы лістапада).

Пры гэтым вядома, што ў канцы снежня Ізраіль таксама прапаноўваў «Хамасу» свае ўмовы замірэння: вызваленне з ліку закладнікаў жанчын, мужчынаў, старэйшых за 60 гадоў, а таксама хворых і параненых, якім патрэбная медычная дапамога, у абмен на тыднёвае спыненне агню. Да таго ж Ізраіль прапаноўваў вызваліць некаторых палестынскіх зняволеных. Тым не менш «Хамас» не прыняў прапановы ізраільскіх уладаў.

Ці магчымае абвастрэнне?

2 студзеня адбылася яшчэ адна падзея, якая не выключае чарговага абвастрэння сітуацыі ў ваенным канфлікце Ізраілю і «Хамасу»: у прадмесці сталіцы Лівану ў выніку выбуху быў забіты намеснік лідара «Хамасу» Салех аль-Аруры. Ён быў намеснікам кіраўніка палітычнага бюро гэтай арганізацыі, але пры гэтым лічыўся фактычным лідарам вайсковага крыла «Хамасу» на Заходнім беразе Іярдану.

Пахаванне намесніка лідара «Хамасу» Салеха аль-Аруры.
Фота: MOHAMED AZAKIR / Reuters / Forum

Пазней «Хамас» паведаміў, што разам з аль-Аруры загінулі яшчэ два камандзіры і чатыры іншыя чальцы арганізацыі – усяго, атрымліваецца, што загінулых было сямёра.

«Хамас» абвінаваціў у забойстве Ізраіль, а прэм’ер-міністр Лівану Наджыб Мікаці назваў здзейснены падрыў злачынствам, «скіраваным на тое, каб уцягнуць Ліван у новую фазу канфрантацыі з Ізраілем». У сваю чаргу Ізраіль афіцыйна не пацвердзіў сваёй датычнасці да выбуху. «Хамас» жа пасля падрыву пастанавіў спыніць усе перамовы з Ізраілем пра вызваленне закладнікаў.

Адметна, што тое ж прадмесце Лівану, дзе адбыўся выбух, ёсць асяродкам іншай арганізацыі, якая стварае сур’ёзныя пагрозы Ізраілю – «Хізбулы». Яшчэ ў жніўні лідар гэтай арганізацыі Хасан Насрала прадракаў жорсткую рэакцыю ў выпадку, калі Ізраіль нанясе ўдары па ліванскай тэрыторыі. Усё гэта стварае дадатковыя пагрозы адкрыцця новага фронту для Ізраілю.

У той жа час на 4 студзеня 2024 года начальнік Генштабу Цагалю Гэрцы Галеві заявіў, што Армія абароны Ізраілю застаецца ў стане «вельмі высокай гатовасці» на мяжы з Ліванам.

«На поўначы мы ў стане вельмі высокай гатовасці… Думаю, што нашая гатовасць на піку», – прыводзіць ягоныя словы прэс-служба Цагалю.

Яшчэ адною прычынай абвастрэння сітуацыі можа стацца здарэнне 3 студзеня ў іранскім Кермане. У выніку двух выбухаў, што прагрымелі падчас шэсця на гадавіну з дня смерці Касэма Сулеймані, загінулі больш за 100 чалавек, амаль 200 чалавек атрымалі раненні. Касем Сулеймані быў камандзірам спецпадраздзялення «Аль-Кудс», аднлю з найбольш уплывовых асобаў на Блізкім Усходзе, ён загінуў падчас ракетнага ўдару амерыканскай авіяцыі 3 студзеня 2020 года.

На гэты момант няма звестак пра тое, хто зарганізаваў атаку ў Кермане, тым не менш іранскія ўлады ўжо абвінавацілі ў здзяйсненні выбухаў Ізраіль і Злучаныя Штаты.

У сваю чаргу Ізраіль заверыў сваіх хаўруснікаў, што не датычны да выбухаў у Кермане, адзначае «The Wall Street Journal». Крыніцы выдання, знаёмыя з аперацыямі, якія праводзіць Ізраіль, думае, што мэтаю тэракту, зарганізаванага ў Кермане, ёсць узмацненне напружанасці паміж Ізраілем ды Іранам пасля забойства Салеха аль-Аруры. На погляд суразмоўцаў «The Wall Street Journal», імавернымі арганізатарамі тэракту маглі стаць ісламісцкія апазіцыйныя арганізацыі ў Іране.

Аналітыка
«Канец не блізкі», а напружанасць расце. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»
2023.12.29 15:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў