16 % заўчасных смерцяў у свеце – ад забруджання навакольнага асяроддзя. У 15 разоў болей, чым ад войнаў


Адна смерць з шасці ў свеце наступае з прычыны забруджання паветра, вады і працоўнага асяроддзя. Пра гэта паведамляе справаздача групы міжнародных арганізацыяў у сферы здароўя і аховы навакольнага асяроддзя, НДА і навукоўцаў, апублікаваная сёння.

9 мільёнаў чалавек у 2015 годзе памерлі ад захворванняў, звязаных з забруджаннем навакольнага асяроддзя, што складае 16% ад усіх заўчасных смерцяў у свеце. Гэта ў 15 разоў болей, чым загінула ў той год у войнах, і ў тры разы болей колькасці смерцяў ад ВІЧ-інфекцыі, туберкулёзу і малярыі разам узятых.

Забруджанне паветра на вуліцы і ў памяшканнях стала прычынай смерцяў каля 6,5 мільёнаў асобаў, галоўным чынам праз захворванні лёгкіх, бронхаў, хранічнай астмы, а таксама недастатковага жыўлення галаўнога мозгу.

Забруджаная вада спрычыніла каля 1,8 мільёнаў смерцяў у 2015 годзе праз захворванні харчавальнай сістэмы, паразітарныя інфекцыі і атручванні.

Праца ў павышаным таксічным або канцэрагенным асяроддзі забрала жыцці каля 800 тысячаў чалавек за адзін толькі год.

Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя лічбы могуць быць заніжанымі, бо ўплыў некаторых тэхнагенных рэчываў на арганізм чалавека яшчэ не дастаткова вывучаны.

Галоўным чынам, пакутуе насельніцтва краінаў з нізкім узроўнем жыцця. У краінах на шляху хуткай індустрыялізацыі, як Індыя, Пакістан, Кітай, Мадагаскар або Кенія, кожная чацвёртая смерць можа быць звязана з забруджаннем навакольнага асяроддзя.

ВЧ, belsat.eu паводле AFP.com

Глядзі таксама
Каментары