У Беларусі скарацілі спіс забароненых для ўвозу гародніны і садавіны


Савет Міністраў абнавіў пералік тавараў, якія трапілі пад контрсанкцыі са студзеня 2022 года і былі забароненыя для ўвозу ў Беларусь з «недружалюбных» краінаў. Аднак само дзеянне эмбарга працягнулі да 30 чэрвеня 2023 года, паводле апублікаванай пастановы ўраду № 865 ад 14 снежня.

Жанчына набывае цыбулю ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Раней, згодна з пастановай, у Беларусь забаранялася ўвозіць усю гародніну і садавіну, але рабіліся выключэнні для асобных відаў прадукцыі. Цяпер жа гэты спіс абмежаваны канкрэтнымі відамі гародніны і садавіны.

Згодна з новаю пастановай, забаронены ўвоз бульбы, акрамя насеннай бульбы і свежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня да 30 чэрвеня, рэпчатай цыбулі, свежай белакачаннай капусты і морквы, сталовых буракоў, арэхаў і яблыкаў. Аднак увозіць яблыкі дазволена з 1 студзеня да 30 чэрвеня.

Таксама цяпер пад контрсанкцыі трапляюць мясная і малочная прадукцыя, кандытарскія вырабы, каўбасы і аналагічныя прадукты, аднак увоз тавару дазволены праз разовыя ліцэнзіі.

У спіс «недружалюбных» краінаў улады Беларусі ўнеслі краіны – чальцы Еўразвязу, ЗША, Канаду, Вялікую Брытанію, Аўстралію, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Новую Зеландыю, Албанію, Ісландыю, Паўночную Македонію, Чарнагорыю і Швейцарыю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў