У Паўднёвай Карэі ахвярамі паводкі сталі сама мала 35 асобаў


Колькасць загінулых у выніку залеваў, якія абрынуліся на Паўднёвую Карэю, дасягнула 35 асобаў. Пра гэта паведамляе Yonhap.

Паводка ў Паднёвай Карэі.
Фота: en.yna.co.kr

Целы дзевяці асобаў дасталі з тунэлю ў горадзе Чхонг-Джу, дзе былі затопленыя 14 аўтамабіляў і аўтобус пасля таго, як дажджы разбурылі дамбу на найбліжэйшай рацэ. Лічба ахвяраў у тунэлі неканчатковая.

Паўднёвакарэйскае Міністэрства ўнутраных справаў і бяспекі паведаміла, што станам на 11:00 (05:00 паводле Менску) па ўсёй краіне зніклі без вестак 10 чалавек, бо моцныя залевы выклікалі апоўзні і паводкі. Загады аб эвакуацыі ахопліваюць 7866 чалавек.

Паводка ў Паднёвай Карэі.
Фота: en.yna.co.kr

Звесткі ведамства не ўключаюць тых, хто заставаўся ў затопленым тунэлі, бо не зразумела, колькі людзей апынуліся ў пастцы пад вадой.

Прэзідэнт Юн Сок Ёль заявіў, што некаторыя рэгіёны не прынялі прэвентыўных захадаў супраць экстрэмальнага надвор’я.

Паводка ў Паднёвай Карэі.
Фота: en.yna.co.kr

Метэаралагічнае ўпраўленне Карэі заявіла, што да 18 ліпеня ў цэнтральнай і паўднёвай частках краіны можа выпасці яшчэ да 300 міліметраў дажджу.

Карэйская чыгуначная карпарацыя спыніла ўсе павольныя цягнікі і некаторыя звышхуткасныя пасажырскія экспрэсы, асцерагаючыся апоўзняў, абвалаў і затаплення каляінаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў