Перавознік з Гомля анансуе аўтобусныя рэйсы Менск – Данецк


Перавознік з Гомля анансуе рэгулярныя аўтобусныя рэйсы з Беларусі ў акупаваныя гарады Украіны. Аб гэтым паведамляе «Флагшток».

Фрагмент аб’явы перавозніка з анонсам рэйсаў у Данецк.
Фота: «Флагшток – Гомельшчына» / Telegram

16 траўня стала вядома, што прыватны перавознік з Гомля збіраецца з чэрвеня 2023 года распачаць рэгулярныя пасажырскія зносіны паміж Беларуссю і акупаванымі рэгіёнамі на ўсходзе Украіны.

Перавознік з Гомля – ТАА «БелЭкспрэс Бай» – анансуе ўжо на пачатак лета перамяшчэнне пасажыраў аўтобусамі на маршруце Менск – Гомель – Данецк з заездам на тэрыторыю Расеі. Пры гэтым купіць білеты і паехаць па маршруце змогуць толькі ўласнікі пашпартоў РФ і РБ, грамадзяне Украіны паехаць па маршруце не змогуць. Наяўнасці дакументаў патрабуе перавознік.

Кампанія «БелЭкспрэс Бай» зарэгістраваная ў Гомлі. Гэты перавознік вядомы тым, што раней арганізаваў рэгулярныя пасажырскія зносіны з акупаваным Крымам. На онлайн-платформе заказу білетаў, якую мае гэты перавознік, указаныя маршруты ў дзясяткі гарадоў Расеі. Апроч таго, аўтобусы гэтага перавозніка рэгулярна наведваюць і краіны Еўразвязу, у тым ліку Літву і Польшчу.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў