«Just business». Грузінскую ўладу абвінавацілі ў меркантыльнасці праз згоду на авіяспалучэнне з Расеяй


Тбілісі пагадзіўся ўзнавіць авіяспалучэнне з Расеяй адразу пасля таго, як Уладзімір Пуцін скасаваў адпаведную забарону. Першы пасля 4-гадовага перапынку рэйс запланаваны на 19 траўня. «Белсат» папрасіў палітолагаў растлумачыць, чаму Грузія, дзе Расею афіцыйна лічаць акупанткаю Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі, так лёгка і хутка дазволіла палёты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Georgian Airways / Instagram

Расея забараніла наўпроставае авіяспалучэнне з Грузіяй у 2019 годзе. Прычынаю тады называлася «запэўніванне нацыянальнай бяспекі і абарона грамадзянаў ад злачынных і іншых супрацьпраўных дзеянняў». Падставаю сталіся дэманстрацыі ў Грузіі, што распачаліся пасля візіту расейскай дэлегацыі ў Тбілісі на Міжпарламенцкую асамблею праваслаўя. Кіраўнік дэлегацыі, дэпутат-камуніст Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў сеў на месца спікера грузінскага парламенту, што моцна абурыла апазіцыю.

Цяпер, трэба думаць, нацыянальнай бяспецы Расеі і расейскім грамадзянам нічога не пагражае. 10 траўня прэзідэнт Уладзімір Пуцін скасаваў забарону на авіяспалучэнне, а заадно – і візы для грузінаў. З таго дня авіякампаніі і профільныя міністэрствы дзвюх краінаў усё ўзгаднялі і пастанавілі: рэйсы паміж Масквой і Тбілісі будуць штодзённымі, выконваць іх будуць «Georgian Airways» і расейскі «Азимут».

Першы пасля 4-гадовага перапынку лайнер паляціць ужо 19 траўня. Сёння «Азимут» распачаў продаж білетаў: з Тбілісі ў Маскву каштуе ад 200 еўраў, назад – крыху даражэй, 220 еўраў.

«Азимут», імаверна, каб атрымаць дазвол на палёты ў Грузію, выдаліў з пераліку краінаў на сваім сайце Абхазію і Паўднёвую Асецію – дзяржаву трэба выбраць пры набыцці білета, пазначыўшы нумар пашпарта. Пасажырам, якія маюць грамадзянства гэтых самаабвешчаных дзяржаваў, цяпер раяць выбіраць Грузію.

«Клін паміж Грузіяй і ЕЗ»

Супраць пацяплення паміж Масквой і Тбілісі выступае грузінская апазіцыя. Нават прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі назвала рашэнне Крамля «чарговай правакацыяй». «Аднаўленне прамых авіязносінаў і скасаванне візавага рэжыму з Грузіяй непрымальныя, пакуль Расея працягвае агрэсію супраць Украіны і акупуе нашу тэрыторыю», – заявіла кіраўніца дзяржавы.

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
Фота: Salome Zourabichvili / Twitter

Палітолаг Торніке Шарашэнідзэ ў каментары «Белсату» адзначыў: прэзідэнтка хоць і абураецца, а зрабіць нічога не можа.

«У яе няма ніякай рэальнай улады, рычагоў уплыву ў яе амаль няма. Да мяне даходзілі звесткі, што Пуцін даўно ўжо збіраецца гэта зрабіць, так што, напэўна, усе ўжо былі ў чаканні», – сказаў эксперт.

Ён мяркуе, што грузінскія ўлады, пагаджаючыся на авіярэйсы, хочуць проста зарабіць грошы.

«Проста бізнес, нічога асабістага. Аднак гэта можа ўвагнаць клін паміж Грузіяй і ЕЗ. Пабачым. Пакуль трывожных сігналаў з боку Еўразвязу не было», – канстатаваў суразмоўца «Белсату».

«Орбанізацыя Грузіі»

Іншы грузінскі палітолаг, Гела Васадзэ, у размове з «Белсатам» параўнаў Грузію з Украінай: маўляў, гэта тое самае, як калі б Кіеў пасля анексіі Крыму пагадзіўся б на авіяспалучэнне з Расеяй.

«Зарабіць грошы – іншых варыянтаў проста няма. Улады больш клапоцяцца аб захаванні сваіх капіталаў і сваіх даходаў, чымся аб нацыянальных інтарэсах Грузіі», – заявіў эксперт.

Дзень Незалежнасці Украіны. Батумі, Грузія. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Васадзэ пры гэтым заўважыў, што галоўны прынцып цяперашніх уладаў у Тбілісі – не раздражняць Крэмль:

«З пачатку вайны яны робяць максімум высілкаў, каб уседзець на двух крэслах: быць у Рамштайне, галасаваць за Украіну, ініцыяваць рэзалюцыі ААН аб Украіне і ў той жа самы час – паралельны імпарт, гандаль з Расеяй і «рабленне бабла» на расейцах».

Палітолаг упэўнены, што Грузія ператвараецца ў Вугоршчыну, прэзідэнт якой Віктар Орбан адкрыта сімпатызуе Пуціну:

«Гэта палітычны ход як з маскоўскага боку, так і з боку грузінскіх уладаў дзеля таго, каб паказаць, што не заўсёды Грузія можа трымацца самастойнай палітыкі. Гэта такая «орбанізацыя» Грузіі, ад слова «Орбан».

«Не хачу на экскурсію ў Саратаў»

Гела Васадзэ запэўнівае, што большасць грузінаў – супраць узнаўлення паветранага спалучэння, аднак рэвалюцыі гэта не выкліча.

«Большасць супраць катэгарычна. Самы папулярны мэм у грузінскіх сацсетках: «Я не хачу на экскурсію ў Саратаў». Незадаволенасць, натуральна, будзе назапашвацца, але гэта не падстава для рэвалюцыі», – падкрэсліў аналітык.

Ён мяркуе, што самалёты паміж Масквой і Тбілісі пуставаць не будуць: найперш попыт забяспечаць рэлаканты.

Аналітыка
«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў
2023.04.20 11:20

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў