Лукашэнка пацвердзіў затрыманні ў Камітэце дзяржаўнага кантролю


Падчас выступу на агульным сходзе «Белкаапсаюзу» Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму карупцыі і ўспомніў пра затрыманне супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Падчас выступу на агульным сходзе «Белкаапсаюзу» Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да старшыні КДК Васіля Герасімава.

«Вось гэтыя хабары і іншае. Колькі разоў паўтараю начальнікам: ну гэта не можа быць таямніцай!» – заявіў ён.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі «тысячамі, сотнямі тысяч долараў» бяруць хабары. «Але калі ты сотню тысяч долараў узяў хабар, то вырашыў пытанне на мільёны. І гэта лягло на вашыя выдаткі», – дадаў ён.

«Не рабіце гэтага, – заклікаў чыноўнікаў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі, – Лепш жыць вельмі дрэнна, але на свабодзе».

Потым Лукашэнка звярнуўся да старшыні КДК Васіля Герасімава, які сядзеў у залі:

«Колькі ў цябе ўжо там пад следствам? Чатыры чалавекі? Тыя, якія кантралявалі разам з ім. Ніхто не пашкадаваў. Сёння ты кантралёр, заўтра ты парушыў закон – туды».

Пры гэтым дэталі гэтай карупцыйнай справы ў КДК Лукашэнка так і не раскрыў.

Раней выданне «Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі праводзіць арышты афіцэраў цэнтральнага апарату Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю і ўпраўлення ў Менску і Менскай вобласці. Распачатыя справы паводле артыкулаў 430 («Атрыманне хабараў») і 424 («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў») КК. Затрыманыя больш як 20 асобаў, сцвярджае выданне.

Hавiны
«Лейтэнантаў пабралі, і яны сталі прызнавацца». Журналісты даведаліся дэталі «справы ДФР»
2024.02.11 11:33

2 лютага Лукашэнка прызначыў новым дырэктарам Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК чэкіста Андрэя Самбуку. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі тады прапанаваў абмеркаваць «кадравую праблему» і надаць ДФР «пэўны кірунак, можа быць, звязаны больш з сістэмнаю працай, як у Камітэце дзяржбяспекі».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў