У Менску паказалі спектакль: гледачы разбягаліся ад страху


Страх паралізуе волю. Адзіны спосаб перамагчы яго – паглядзець на сітуацыю збоку. Зрабіць гэта змаглі гледачы «Спектаклю № 7» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

«Мы размаўлялі пра страх – што гэта такое, у якіх ён існуе іпастасях, і як ён уплывае на чалавека. І ў асноўным нейкая такая паралізацыя, якая перашкаджае жыць», – распавядае рэжысёр Яўген Карняг.

Эксперыментальны пластычны «КарнягТЭАТР» існуе ў парадаксальных умовах: у тэатру няма ні сцэнічнай пляцоўкі, ні сталай акторскай трупы, ні фінансавання.

«У мяне адчуванне, што ў нас увогуле не тэатр. Мы проста першапачаткова назваліся тэатрам, бо трэба было называцца. У «КарнягТЭАТРы» толькі два чалавекі: я, як мастацкі кіраўнік, і дырэктар – Марына Дашук», – зазначае рэжысёр.

{movie}Агляд падзеяў культуры (09.10.13)|right|12818{/movie}

Але гэта не перашкаджае тэатру казытаць нервы публікі, не пакідаючы абыякавых. Некаторыя гледачы не вытрымалі і дэманстратыўна сышлі ў час спектаклю, але тыя, хто застаўся, доўга апладзіравалі стоячы.

«Вельмі складаны. Я лічу, што гэта вельмі глыбокія спектаклі. Вельмі важную ролю грае музыка тут, і акторы проста выдатна спраўляюцца», – кажа глядачка.

«У нас ёсць такія няпростыя спектаклі, няпростыя фільмы, тое, над чым варта падумаць. Вельмі здорава, вельмі ўражаная, клас!», – дзеліцца ўражаннямі яшчэ адная наведніца спектаклю.

«Блін! Пад уражаннем вялікім. Мне здаецца, гэта нешта падобнае да нас!», – ускліквае незастрашаны глядач.

Хтосьці пазнаваў у героях сябе, хтосьці ўвогуле нічога не зразумеў, хтосьці – бачыў палітычны падтэкст і знайшоў у спектаклі вобраз уласнай краіны.

Іншыя тэмы: Міністр культуры Барыс Святлоў паабяцаў, што тым працаўнікам галіны, якіх не закране скарачэння, падымуць заробкі. У Менску прайшла прэзентацыя кнігі жывога класіка польскай паэзіі Рышарда Крыніцкага з удзелам самога аўтара. Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні-2013» сказаў, што перамагчы ў нацыянальным адборы яму дапамагла малітва.

Вольга Чайчыц, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў