Керымаў аджагнаўся ад калійнага бізнесу?


Суўладальнік расейскай кампаніі «Уралкалій» Сулейман Керымаў мог прадаць свае акцыі пецярбургскаму банкіру, паведаміў 7 верасня на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» кіраўнік маскоўскай калегіі адвакатаў «Аляксандр Дабравінскі і партнёры» Аляксандр Дабравінскі.

«Вельмі сур’ёзная крыніца мне паведаміла сёння ўвечары, што спадар Сулейман Керымаў у пятніцу, 6 верасня, прадаў вялікі пакет акцыяў (калі не ўсе свае акцыі) у кампаніі «Уралкалій» нейкаму банкіру К. (Коган?) з Пецярбургу», – цытуе Дабравінскага рэсурс «РБК дэйлі».

«Здзелка прайшла да поўнага задавальнення абодвух бакоў. Цяжка паверыць, вядома ж, але ўжо занадта дакладны інфармацыйны рэсурс, які ніколі не падводзіў. Цікава, пацвердзяць ці абвергнуць бакі гэтую здзелку да адкрыцця біржы ў панядзелак? І як адрэагуе біржа і рынак на новага ўладальніка?» – дадаў адвакат.

Гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў Менску 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. Баўмгертнера абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу (злоўжыванне ўлада. і службовымі паўнамоцтвамі). Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Падставаю для затрымання сталі матэрыялы аб учыненні Баўмгертнерам «яўных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, што пацягнула нанясенне істотнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «Беларуская калійная кампанія».

Гэткія ж абвінавачванні беларускі бок мае ў дачыненні расейскага алігарха Керымава. Беларускія праваахоўнікі абвесцілі бізнесоўца ў міжнародны вышук.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў