Аднаму з самых чытаных беларускіх пісьменнікаў спаўняецца 60 гадоў.
«Я часам лаўлю сябе на думцы, што я пражыў не 60 гадоў, а прынамсі некалькі стагоддзяў. І не толькі таму, што я ў сілу сваіх прафесійных заняткаў падарожнічаю зноў і зноў у нашае мінулае, але яшчэ і таму, што за час майго жыцця свет непазнавальна змяніўся», – распавёў «Белсату» імяніннік.
Уладзімір Арлоў узгадаў, што ў часы сваёй маладосці зведаў шмат таго, што ўжо недаступнае для сённяшняга пакалення: разам з бабуляю вязаў лён у снапкі, ставіў яго ў бабкі, малаціў цэпам у вёсцы і г. д. Цяпер, прызнаўся літаратар, даводзіцца «малаціць» толькі па клавіятуры камп’ютара. «Я памятаю часы, калі радыёла, якую набылі бацькі, мне здавалася велізарным дзівам. Я памятаю той час, калі на нашай полацкай вуліцы быў толькі адзін чорна-белы тэлевізар, і трэба было займаць месцы за некалькі гадзінаў перад пачаткам перадачы».
Адно з выданняў праграмы “Прыватная калекцыя”, знятае “Белсатам” у 2012 годзе пра Уладзіміра Арлова: {movie}Прыватная калекцыя: У гасцях ва Уладзіміра Арлова|right|12188{/movie}
Пра сэнс жыцця
У свае 60 гадоў спадар Арлоў мяркуе, што людское жыццё – трагічнае: «Як хутка зрастаюцца канцы бясконцасці – згадваю радок з Віславы Шымборскай. Гэты прамежак, тую долю неўміручасці, якую ты атрымаў, нарадзіўшыся, трэба прайсці з годнасцю. Сэнс чалавечага жыцця я бачу ў тым, каб як мага хутчэй зразумець сваю місію на гэтым свеце, сваю ролю, зліцца са сваёй роляй і выканаць яе».
Ва ўяўленні пісьменніка сэнс жыцця яшчэ і ў тым, каб чалавек няспынна пытаўся ў сябе, у чым сэнс ягонага жыцця.
Пра свабоду
Свабода – гэта перадусім стан душы чалавека, лічыць Уладзімір Арлоў. «Можна быць свабодным у турме, прычым значна больш свабодным за сваіх наглядчыкаў. Калі я згадваю Міколу Статкевіча, палітвязня і майго знаёмага, я думаю, што гэта бясспрэчна свабодны чалавек. Гэтаксама і Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч».
Чым больш свабоды ў людскіх душах, паводле пісьменніка, ды чым больш свабодных у душы людзей, тым бліжэй той момант, калі свабодная будзе ўся Беларусь. Свабода не прыходзіць да таго, хто яе не чакае, заўважыў спадар Арлоў.
Адна з серый дакументальнага цыклу “Белсату” “Беларусь – адзін верш“, прысвечаная Уладзіміру Арлову: {movie}Беларусь – адзін верш. Уладзімір Арлоў |right|12184{/movie}
Погляд назад
Паводле беларускай народнай песні, адзін чалавек даганяў свае «гады маладыя» ды запрашаў іх вярнуцца да сябе ў госці, шкадуючы, што не шанаваў іх змоладу. Уладзімір Арлоў падкрэсліў, што ні пра што не шкадуе ў сваім жыцці ды не пусціўся б наўздагон за «маладымі гадамі», як герой песні. «Я б нічога не хацеў мяняць у сваім жыцці. Я разумею, што яно было небездакорным. Калі мяне пытаюцца, што б вы маглі зрабіць іначай у сваім мінулым, я згадваю вядомае апавяданне Рэя Брэдбэры «Матылёк» – пра тое, як падарожнікі ў часе загубілі матылька, і якія гэта мела трагічныя наступствы, калі яны вярнуліся ў свой час. Здавалася б, толькі дробны матылёк у нейкай далёкай эпосе».
Згадвае Уладзімір Арлоў таксама словы Уладзіміра Някляева пра тое, што гады дадаюцца, нібы ў жыццёвую скарбонку, а чалавек багацее з кожным новым годам. Пасля таго ж, як у 2008 годзе пісьменніку зрабілі тэрміновую аперацыю на сэрцы, ён пачаў кожны новы год успрымаць як Божы падарунак. Таму, апрача 25 жніўня, спадар Арлоў святкуе яшчэ і другі Дзень нараджэння – 6 лістапада, калі яго ўратавалі лекары.
Воля неба і жаданні сэрца
Сваё 60-годдзе Уладзімір Арлоў не лічыць юбілеем, а толькі круглаю датаю, таму ставіцца да сёлетняга Дня нараджэння стрымана. «Канфуцый калісьці сказаў, што ў 60 навучыўся адрозніваць хлусню ад праўды. Мне здаецца, што я гэта навучыўся рабіць раней, таму што, жывучы ў краіне, дзе хлусня ўзведзеная ў норму дзяржаўнай палітыкі, ты проста мусіш яе адчуваць, інакш можна ўвогуле згубіць сваё чалавечае аблічча, калі гэтаму паддацца».
Канфуцый, працягнуў літаратар, у свае 50 гадоў адзначаў, што спасціг волю неба, а ў 70 пачаў кіравацца жаданнямі свайго сэрца. «Я ж хачу спадзявацца, што спасціг волю неба крыху раней, чым у 50 гадоў. І мне б хацелася як мага даўжэй кіравацца жаданнямі свайго сэрца, каб зрабіць тое, што ніхто не можа зрабіць за мяне: ствараць літаратуру».
З гадамі ж, падкрэсліў пісьменнік, ягоная біяграфія паступова ператвараецца ў бібліяграфію, якая будзе пашырацца і надалей, бо ўжо цяпер творца мае на сваім пісьмовым стале некалькі новых літаратурных праектаў.
«Белсат» зычыць спадару Уладзіміру з нагоды 60-годдзя моцнага здароўя, натхнення і творчага плёну.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu