Савет Міністраў зацвердзіў акт прыёму ў эксплуатацыю другога блоку БелАЭС


Пастанова Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь № 770 «Аб зацверджанні акту прыёму ў эксплуатацыю пускавога комплексу блоку АЭС, скончанага будаўніцтвам» была прынятая 10 лістапада 2023 года, а 15 лістапада апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram

Акт прыёму ў эксплуатацыю другога блоку зацверджаны на падставе ўказу Лукашэнкі ад 30 лістапада 2020 года № 447 «Аб уводзе ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі». Падпісаў пастанову прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Акт прыняла спецыяльная камісія на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Пятром Пархомчыкам 1 лістапада.

На пачатку лістапада бягучага года міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што будаўніцтва БелАЭС завершанае, гендырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў перадаў Лукашэнку сімвалічны пашпарт станцыі.

Hавiны
Ад ліфтавага электрамеханіка да памочніка кіраўніка. БелАЭС шукае амаль 150 працаўнікоў
2023.11.14 11:51

Другі блок збіраліся ўвесці ў эксплуатацыю ўлетку 2020 года. Аднак запусціць атамную станцыю тады не ўдалося. За парушэнне тэрміну уводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Расеі кампенсацыі.

У «Росатоме» зрух тэрмінаў будавання АЭС патлумачылі пандэміяй каронавіруса і складанымі змежнапалітычнымі абставінамі:

«Сам праект рэалізоўваўся ў краіне, што ўпершыню стала на шлях вялікай атамнай энергетыкі. У нас ніколі не стаяла задачы паскорыць працэс будавання на шкоду патрабаванням бяспекі».

Аб’ектыў
На будаванні БелАЭС ашчадзілі больш як 4,5 млрд долараў
2023.11.01 20:46

Будаваць БелАЭС пачалі ў 2011 годзе паводле расейскага праекту «АЭС-2006». Сумарная магутнасць БелАЭС складае 2400 МВт. Першы блок падлучылі да агульнай энергасістэмы 3 лістапада 2020 года, другі – у траўні 2023-га (акт прыёму падпісалі 1 лістапада). Праз недаробкі, збоі і няспраўнасці першы блок АЭС неаднойчы выключалі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, два энергаблокі БелАЭС змогуць забяспечыць больш як 40 % патрэбаў краіны ў электраэнергіі.

У эколагаў з самага пачатку працы БелАЭС узнікаюць пытанні наконт яе бяспекі. Таксама занепакоеныя суседнія дзяржавы. Так, Літва неаднойчы заклікала Беларусь прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Электрастанцыю прасілі не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць уладкаваныя ўсе пытанні ядравай бяспекі.

Міністэрства замежных справаў Літвы накіравала Міністэрству замежных справаў Беларусі ноту. У дакуменце Вільня патрабуе ад Менску не эксплуатаваць другога энергаблоку, паколькі ядравая бяспека, экалагічныя стандарты і патрабаванні не выконваюцца.

Тэлеграм-канал «сПокойный Островец» паведамляў са спасылкай на ўласныя крыніцы, што другі энергаблок Беларускай АЭС быў запушчаны з больш як 12 500 дэфектамі.

Аб’ектыў
Расея не хоча будаваць другой АЭС у Беларусі
2023.10.18 22:17

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў