Полк Каліноўскага заявіў аб вызваленні Клішчыеўкі ў Бахмуцкім раёне, але пазней гэта зняпраўдзіў


Полк Каліноўскага 15 верасня паведаміў аб вызваленні вёскі Клішчыеўка ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці і апублікаваў кадры, як байцы ідуць праз населены пункт. Раней, 13 верасня, падчас баёў Клішчыеўка перайшла ў шэрую зону. Аднак пазней у тэлеграм-канале ПКК з’явілася інфармацыя, што баі яшчэ працягваюцца.

Ваяры палка Каліноўскага ў вызваленай Клішчыеўцы. Скрыншот з відэа: belwarriors / Telegram

«Вёска вызваленая ў тым ліку намаганнямі ваяроў батальёну «Волат» і батальёну «Літвін» палка Каліноўскага, а таксама палкавога БПЛА ім. Мікіты Крыўцова», – паведамляе прэс-служба палка Каліноўскага.

Таксама ваяры апублікавалі відэа з вызваленай вёскі, на якім бачна, што ўсе дамы разбураныя і ад паселішча амаль нічога не засталося.

Аднак праз дзве гадзіны полк Каліноўскага выдаліў паведамленне аб вызваленні вёскі. Яшчэ пазней быў апублікаваны новы запіс, што відэа выклалі памылкова, а баі за месца яшчэ трываюць.

«Папярэдняе відэа апублікавана памылкова! Баі за Клішчыеўку яшчэ працягваюцца! Прыносім прабачэнні ўсім, хто раней за гадзіну «адзначыў» поўнае вызваленне населенага пункта. Пра поўнае вызваленне чакаем пацверджанне ад Генштабу», – паведамляе полк Каліноўскага.

Баі за Клішчыеўку пачаліся 29 лістапада 2022 года, праз два месяцы вагнэраўцы занялі сяло. Узяцце Клішчыеўкі адкрывае шлях да прасоўвання ўкраінскіх частак ва ўсходнім кірунку – да сяла Вопытнае і трасы Бахмут – Горлаўка, праз якую ідзе забеспячэнне расейскага гарнізону.

Вёска Клішчыеўка ў Бахмуцкім раёне. Скрыншот: google.com/maps

Таксама сёння, 15 верасня, Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведаміў аб вызваленні сяла Андрэеўка ў Данецкай вобласці, што блізу Бахмуту і Клішчыеўкі. Расейскія войскі, сцвярджае ўкраінскі Генштаб, беспаспяхова спрабавалі весці наступальныя дзеянні ў ваколіцах Багданаўкі, што на поўнач ад Андрэеўкі і Клішчыеўкі. Паведамленні аб вызваленні паселішча з’яўляліся днём раней, але тады яшчэ трывалі баі. Цяпер вызваленне сяла пацверджанае афіцыйна.

Hавiны
Украіна адваявала Андрэеўку – яшчэ адно сяло пад Бахмутам
2023.09.15 12:22

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў