Акцыя памяці мастака Алеся Пушкіна і новая хваля пратэстаў у Ізраілі. Здымкі тыдня


Стыхійная акцыя з нагоды смерці палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна ў Беларусі, новы віток пратэстаў супраць судовай рэформы ў Ізраілі, вялікая паводка з-за мусонных дажджоў у Індыі – гэтыя і іншыя важныя і часам эмацыйныя здымкі мы сабралі ў штотыднёвай фотападборцы.

Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага вітаюць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэмʼер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні, генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг і намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джоанэ па прыбыцці на пасяджэнне падчас саміту NATO ў Вільні, Літва.
Фота: Odd Andersen / AFP / East News
Наведнікі традыцыйнага фестывалю «Сан-Фэрмін» уцякаюць ад быка падчас гонак з быкамі ў Памплёне, Іспанія.
Фота: Alvaro Barrientos / AP Photo / East News
Людзі назіраюць за вывяржэннем вулкану на паўвостраве Рэйк’янэс недалёка ад Рэйкʼявіку, Ісландыя.
Фота: Emin Yogurtcuoglu / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Ізраільская паліцыя затрымлівае дэманстрантку на акцыі пратэсту супраць планаў прэм’ер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу рэфармаваць сістэму правасуддзя. Масавыя дэманстрацыі адбыліся пасля таго, як парламенцкая кааліцыя прэмʼер-міністра першапачаткова ўхваліла законапраект, які дазволіць абмежаваць права Вярхоўнага Суда адмяняць рашэнні ўраду, міністраў і чыноўнікаў. Тэль-Авіў, Ізраіль.
Фота: Oded Balilty / AP Photo / East News
Украінская жаўнерка заплятае дзяўчынцы валасы перад палявымі выпрабаваннямі ўзораў жаночай вайсковай формы ініцыятывы «Arm Women Now», ухваленай Міністэрствам абароны Украіны. Палігон пад Кіевам, Украіна.
Фота: Oleksii Chumachenko / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Падрабязней пра гэта мы пісалі вось тут.

Беларусы Вільні выйшлі на стыхійную акцыю ў памяць палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна, які памёр у рэанімацыі 11 ліпеня праз нясвоечасовае наданне медычнай дапамогі. Мастаку было 57 гадоў, з якіх два апошнія ён заставаўся за кратамі. Такія ж акцыі адбыліся ў шматлікіх гарадах і краінах, дзе жывуць беларусы. Вільня, Літва.
Фота: Белсат
Аліна абдымае свайго мужа Андрэя ў шпіталі ў Кіеве. Андрэй – афіцэр-выведнік 47-й брыгады ЗСУ, які падчас выканання баявога задання трапіў пад абстрэл. У выніку выбуху снараду ён страціў абедзве рукі, вочы і часткова слых. Аліна дапамагае мужу паесці, сустракае фізіятэрапеўта, а пасля працэдуры – проста кладзецца побач. Кіеў, Украіна.
Фота: Libkos / AP Photo / East News
Мужчына пераносіць сабаку ў больш бяспечнае месца падчас паводкі ў Нью-Дэлі. Рака Ямуна выйшла з берагоў з прычыны мусонных дажджоў, якія абрынуліся на поўнач Індыі. Не менш за 100 чалавек загінулі па ўсёй краіне.
Фота: Arun Sankar / AFP / East News
Людзі падымаюць вялікі балгарскі сцяг падчас падрыхтоўкі да ўрачыстага адкрыцця флагштока вышынёй 111 метраў ля гораду Смолян. Паводле арганізатараў, флагшток будзе самы высокі ў Еўрапейскім Звязе. Смолян, Балгарыя.
Фота: Nikolay Doychinov / AFP / East News
Пешаходы ў Токіа праходзяць праз вадзяныя туманы, якія ствараюць для гараджанаў падчас спякоты. Паводле Японскага метэаралагічнага агенцтва, у сталіцы была зафіксаваная тэмпература звыш 39 °C. Токіа, Японія. Фото: Naoki Nishimura / AFLO / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў