У інтэрнатах БДУІР тры студэнты скончылі жыццё самагубствам


Са студзеня 2024 году ў інтэрнатах БДУІР як мінімум тры студэнты скончылі жыццё самагубствам. Пра гэта паведамляе Zerkalo.io.

Вучэбны корпус БДУІР на вуліцы Петруся Броўкі.
Фота: Белсат

Суразмоўца выдання Антон (імя зменена) кажа, што ў канцы студзеня адзін са студэнтаў БДУІР скончыў жыццё самагубствам у інтэрнаце №1. Знаёмыя загінулага кажуць, што ён моцна перажываў з-за пераздачаў і высялення з інтэрната. А на пачатку сакавіка іншы студэнт саскочыў з 12-га паверха гэтага інтэрната. Аб прычынах гэтай трагедыі нічога не вядома.

«Як толькі ў чаце інтэрната сталі абмяркоўваць гэтае пытанне (пыталіся, адкуль крыкі), рэзка ўсе сталі выдаляць паведамленні, бо нібыта чаты будуць правяраць. А лепш бы звярнулі ўвагу на стан студэнтаў: многія пра гэта ведаюць і гавораць і відавочна перажываюць. Толькі праз пару дзён пасля другога выпадку адміністрацыя стала правяраць чысціню пакояў і наведвальнасць ва ўніверы, як быццам гэта нешта вырашыць. Я разумею, што за ўсімі не ўсачыць, але ні разу псіхолаг ва ўніверсітэце не праводзіў з намі працу, а і паступленне, і іспыты – гэта такі стрэс», – кажа Антон.

Яшчэ адно самагубства, паводле суразмоўцы журналістаў, адбылося 10 сакавіка. Хлопец скончыў жыццё самагубствам у інтэрнаце №2. Пра гэта Zerkalo.io распавяла і адна са студэнтак БДУІР Марыя (імя зменена):

«Пра гэта выкладчыкі не распавядаюць, я даведалася праз сваіх аднагрупнікаў. Не ведаю, якія дакладна меры прымае адміністрацыя, але ўсіх суседзяў таго хлопца з другога інтэрната перасялілі, а сам блок закрылі на год».

Паводле дзяўчыны, хлопец, які скончыў жыццё самагубствам у інтэрнаце №2, вучыўся на першым курсе. Больш нічога пра яго яна не ведае – інфармацыю пра трагедыю навучэнцам не паведамляюць.

Як усхваляваная сітуацыяй маці адной са студэнтак БДУІР журналістка Zerkalo.io патэлефанавала ў інтэрнат №1. Загадчыца а Алена Прадэус распавяла, што інфармаваць студэнтаў пра тое, што здарылася, адміністрацыя не збіралася, а вось псіхалагічную дапамогу ім заўсёды гатовы прадаставіць. Разважаючы аб прычынах некалькіх трагедыяў, загадчыца запэўніла: усё, што адбываецца, не мае дачынення да універсітэту.

«У галаву кожнаму дзіцяці мы не залезем, – лічыць яна. – Зразумелая справа, мы не правакуем такія рэчы. Гэта дакладна ніяк не звязана, што тут нехта кагосьці да чагосьці прымушае альбо стварае такія ўмовы для гэтага. І, скажам так, няма такога, што тут нейкія забароненыя рэчы адбываюцца. Нічога гэтага падобнага і блізка не дапушчальны. Наогул у нас усё дастаткова добразычлівыя».

Па словах Алены Прадэус, у прычынах трагедый зараз разбіраюцца следчыя органы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў