Кактэйлі Молатава, падпалы, зялёнка. Як расейцы выказваюць сваё стаўленне да выбараў


Першы дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах суправаджаецца надзвычайнымі інцыдэнтамі на ўчастках у розных гарадах РФ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі наведваюць выбарчы ўчастак падчас прэзідэнцкіх выбараў у пасёлку Горкі Ленінскія ў Маскоўскай вобласці, Расея. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

У Маскоўскім раёне Санкт-Пецярбургу 21-гадовая студэнтка кінула кактэйль Молатава ў інфармацыйны шчыт на ганку школы № 358, дзе размешчаныя два выбарчыя ўчасткі. «Фонтанка» піша, што дзяўчыну дапамаглі затрымаць мясцовыя жыхары. Яна нібыта атрымала «ва ўкраінскім тэлеграм-канале» заданне ўчыніць падпал.

У горадзе Кагалым у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе жанчына спрабавала падпаліць з дапамогаю кактэйлю Молатава скрыню для галасавання. Жанчыну затрымалі.

У Маскве 70-гадовая жанчына абліла будку для галасавання гаручаю сумессю і падпаліла яе. Кабету таксама затрымалі, піша SHOT.

У падмаскоўных Мыцішчах на выбарчым участку № 1699 жанчына выліла бензін на стол у кабінцы для галасавання і падпаліла. Агонь загасілі, пацярпелых няма, паведамляе мясцовы тэлеграм-канал.

Акрамя таго, як паведамляе «Медуза», у розных рэгіёнах Расеі мясцовыя жыхары псуюць бюлетэні для галасавання, уліваючы ў выбарчыя скрыні розныя вадкасці.

Паведамляюць, што ў Маскве маладая жанчына выліла зялёнку ў скрыню для галасавання і нібыта выкрыквала пры гэтым праўкраінскія лозунгі.

Вадкасць зялёнага колеру вылілі ў скрыні і на двух участках у Барысаглебску Варонежскай вобласці. Гэта зрабілі мясцовыя жыхаркі 58 і 66 гадоў.

Аналагічны выпадак меў месца ў Азове Растоўскай вобласці і ў акупаваным Сімферопалі. А ў Карачаева-Чаркесіі выліла ў скрыню для галасавання атрамант.

Супраць удзельнікаў такіх пратэставых акцыяў распачынаюцца крымінальныя справы паводле артыкулу аб перашкодзе працы выбарчых камісіяў (арт. 141 КК), які прадугледжвае пакаранне аж да пяці гадоў пазбаўлення волі. Аднак інцыдэнт у Пецярбурзе можа быць кваліфікаваны нават як тэракт, паведамляе «Фонтанка».

Звязаны з расейскімі сілавікамі Telegram-канал Mash піша, што ўсіх, каго сёння затрымалі за псаванне скрыняў і бюлетэняў, цяпер правяраюць на супрацу з украінскімі спецслужбамі.

Разбор
71-гадовы самавылучэнец ідзе на пяты тэрмін. Што адбываецца ў Расеі 15–17 сакавіка
2024.03.15 07:00

Нагадаем: 15 сакавіка ў Расеі пачалося галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах, якое працягнецца да вечара нядзелі, 17 сакавіка.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў