«Проста вучэнні ідуць». Улады растлумачылі, што азначае «контртэрарыстычная аперацыя» на мяжы з Украінаю


Лельчыцкая газета «Светлае жыццё» паведаміла, што ў раёне ўведзены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». У райвыканкаме карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе ўдакладнілі, што гэта вучэнні.

Будынак КДБ у Менску.
Фота: Reform.by

«У нас ідуць вучэнні, аніякім чынам гэта на грамадзянах не адбіваецца. Проста вучэнні, службы спраўджваюць свае сістэмы апавяшчэння, таму, каб народ не пужаўся, што сірэны гудуць, запусцілі ў сацсеткі, каб людзі ведалі. Усё ў парадку, не хвалюйцеся», – сказалі ў Лельчыцкім раённым выканкаме.

Выданне «Светлае жыццё» раней апублікавала інфармацыю Гомельскага абласнога кіравання КДБ пра тое, што ў раёне, які мяжуе з Украінаю, уведзены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі»:

«Насельніцтва раёну просім захоўваць спакой і падпарадкоўвацца патрабаванням супрацоўнікаў сілавых структураў».

Тым часам у Дзяржаўнай памежнай службе Украіны паведамілі выданню «Зеркало», што «значнай актыўнасці» у Лельчыцкім раёне Беларусі не заўважылі.

«Інфармацыя пра ўвядзенне ў адным з раёнаў Гомельскай вобласці, што мяжуе з Украінаю, рэжыму «контртэрарыстычнай аперацыі» больш падобна на прыцягненне ўвагі. Паводле інфармацыі, што маецца, у гэтым раёне на тэрыторыі Беларусі планаваліся нейкія чарговыя бясконцыя вучэнні, якія ладзяцца там стала. Не выключана, што гэтыя вучэнні яны пастанавілі назваць «контртэрарыстычнай аперацыяй»», – сказаў спікер ведамства Андрэй Дэмчанка.

Паводле заканадаўства, у зоне, дзе ладзяць контртэрарыстычную аперацыю, сілавікі маюць права, напрыклад, абмяжоўваць або забараняць рух транспарту і людзей, «бесперашкодна ўваходзіць» у кватэры і арганізацыі, выкарыстоўваць аўтамабілі грамадзянаў «у неадкладных выпадках».

Hавiны
У Беларусі пачалі правяраць сістэму рэагавання на тэрарызм
2023.11.01 09:34

Сцяпан Кубік belsat.eu

 

Стужка навінаў