У свабодных эканамічных зонах Беларусі паменшала рэзідэнтаў


Свабодныя эканамічныя зоны Беларусі на пачатак 2023 года недалічыліся рэзідэнтаў, а іх інвестыцыі ў асноўны капітал і чысты прыбытак скараціліся. Пра гэта сведчаць апошнія звесткі Белстату.

Колькасць рэзідэнтаў СЭЗ у Беларусі. Скрыншот: belstat.gov.by

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у свабодных эканамічных зонах Беларусі на дзень 1 студзеня 2023 года адносна пачатку 2022 года колькасць зарэгістраваных кампаніяў паменшала на 5, да 427. Хаця ў СЭЗ «Віцебск», «Горадня-Інвест» і «Берасце» рэзідэнтаў і пабольшала, але агульную статыстыку сапсавалі СЭЗ «Гомель Ратон», «Менск» і «Магілёў», дзе рэзідэнтаў паменшала.

Пры гэтым рэальна дзейнічаюць у СЭЗ яшчэ менш кампаніяў – 413 (- 6 адносна 2021 года), астатнія пакуль што толькі маюць юрыдычную асобу. Але і ў тых, што нешта робяць, за год колькасць работнікаў скарацілася на 1,8 % да 133,5 тыс. чалавек.

Паказаўшы большую, чым у 2021 годзе, выручку – Br 32,5 млрд (+11,7 %), рэзідэнты беларускіх СЭЗ атрымалі меншы чысты прыбытак – Br 1,756 млрд (- 15,1 %). Скараціліся на 33,7 %, да Br 1,18 млрд, у прапарцыйных цэнах інвестыцыі ў асноўны капітал.

Рэзідэнты СЭЗ павялічылі экспарт тавараў і паслуг адносна паказнікаў 2021 года. Тавараў экспартавалі на Br 8,53 млрд (+0,9 %), а паслугаў на $ 99,5 млн (+81,2 %). Паказальнікі імпарту за год адносна 2021 года адмоўныя. Імпарт тавараў у СЭЗ склаў $ 5,03 млрд (-2 %), а імпарт паслугаў склаў $ 166,1 млн (- 18,1 %).

Доля рэзідэнтаў беларускіх СЭЗ у ВУП склала 5,6 %. Большасць дзейсных у свабодных эканамічных зонай кампаніяў займаюцца апрацоўчай прамысловасцю – 86,4 % ад агульнай колькасці.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў