Прадпрымальнікі: Нам няма куды адступаць


Прадстаўнікі прадпрымальнікаў і грамадскія актывісты звярнуліся да намесніка прэм’ер-міністра, старшыні Рады ў развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Пятра Пракаповіча з просьбаю паўплываць на міністэрствы і ведамствы, якія б маглі спрасціць парадак складанай сертыфікацыі тавараў.

«Мы не патрабуем нічога супрацьзаконнага», – адзначыла старшыня аргкамітэту стварэння прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч.

{movie}Прадпрымальнікі: Нам няма куды адступаць|right|11405{/movie}

Прадпрымальнікі настойваюць на працэдуры спрошчанай сертыфікацыі без суправаджальных дакументаў. Апроч таго, актывісты прадпрымальніцкіх структураў прапанавалі вярнуць ранейшую практыку, згодна з якой яны абавязаныя прымаць назад і абменьваць тавар, калі ён не адпавядае патрабаванням нацыянальнага заканадаўства, а не тэхрэгламенту Мытнага саюзу аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці.

«Нашыя калегі ў рэгіёнах не выйшлі сёння на працу, чакаючы ад уладаў адказаў на звароты і прапановы прадпрымальнікаў», – паведаміла лідарка прафсаюзнага руху прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч.

Аналагічны зварот скіравалі ў Міністэрства гандлю Беларусі. Раней прадпрымальнікі звярталіся ў гэтым пытанні ў Адміністрацыю прэзідэнта, аднак, адказу няма дагэтуль.

«Маўчанне засмучае людзей, і мы губляем надзею на тое, што ўлады нас пачулі, – зазначыла дзяячка. – Мы гаварылі пра нездзяйсняльнасць умоваў тэхнічнага рэгламенту, пра тое, што калі не будзе дакумента, які растлумачыць нам наш далейшы лёс, мы вымушаныя будзем спыніць нашую дзейнасць без выплатаў у бюджэт. Дакумент мы дачакаліся, але ён не здымае ўсіх пытанняў».

Паводле спадарыні Яскевіч, прадпрымальнікі не патрабуюць «нічога супрацьзаконнага».

«У той жа час перад прадпрымальнікамі, якія плоцяць адзіны падатак, стаіць пагроза страты працоўных месцаў. Нам няма куды адступаць, за намі нашыя сем’і», – падкрэсліла лідарка прафсаюзнага руху.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў