Колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў абмяжуюць праз народны рэферэндум?


Адным з пытанняў народнага рэферэндуму, да якога рыхтуюцца грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», рух «За свабоду» і Партыя БНФ, можа стаць пытанне аб вяртанні да абмежавання колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Пра гэта ішла размова падчас круглага стала ў Менску, прысвечанага вайсковым пытанням, у якім узялі ўдзел лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, ягоны паплечнік Андрэй Дзмітрыеў, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў генерал-маёр Валерый Фралоў, а таксама палкоўнік Мікалай Петрушэнка, падпалкоўнік Анатоль Юрэвіч, маёр Сяргей Вазняк, капітан Аляксей Кавалец.

Выбар вайсковай тэматыкі актывісты патлумачылі тым, што «армія – гэта вельмі важная частка народу, на якой ляжыць бяспека краіны».

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што сучасныя Узброеныя сілы Беларусі – нежыццяздольныя, аднак вузкая ваенная праблематыка на рэферэндуме можа не знайсці належнага водгуку ў беларускага народу.

«Наўрад ці мы сфармулюем нейкае пытанне, якое зменіць сітуацыю ў беларускай арміі, для гэтага патрэбна сур’ёзнае фінансаванне, – зазначыў Валерый Фралоў. – Аднак само правядзенне рэферэндуму дазволіць аб’яднаць тых, хто хоча дапамагчы народу, а таксама, магчыма, дапаможа знайсці альтэрнатыву Лукашэнку – чалавека, якому людзі павераць. Тым, хто ўвесь час між сабою грызецца, людзі не давяраюць».

Як мяркуе Фралоў, на рэферэндум мусяць выносіцца пытанні, здольныя выклікаць водгук у грамадзянаў Беларусі: праблемы аховы здароўя, сярод іншага, магчымасць адпраўляць дзяцей на лячэнне за мяжу за кошт сродкаў Міністэрства аховы здароўя; спрашчэнне візавага рэжыму; прадпрымальніцкая дзейнасць.

Фралоў таксама першым прапанаваў узняць пытанне аб адмене вынікаў рэферэндуму 2004 года, якія дазволілі аднаму чалавеку вылучацца на прэзідэнцкую пасаду неабмежаваную колькасць тэрмінаў.

Мікалай Петрушэнка прапанаваў вынесці на рэферэндум пытанні наконт аплаты працы, змены сістэмы падаткаабкладання, узмацнення мясцовага самакіравання.

Андрэй Дзмітрыеў прапанаваў пытанні аб неабходнасці пераходу да кантрактнай сістэмы службы, аб сацыяльных гарантыях для вайскоўцаў ды іхных сем’яў падчас службы і пасля звальнення. Апроч таго, Дзмітрыеў прапанаваў спытаць у беларусаў, ці хочуць яны жыць у нейтральнай у ваенным плане краіне або заставацца ў АДКБ, ці прымкнуць да іншага ваеннага блоку.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў