Змаганне за сцяг


У Беларусі ідзе збор подпісаў за… нацыянальны беларускі сцяг. І пакуль не за тое, каб вярнуць яго ў якасці дзяржаўнага сімвалу, але ўключыць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Акцыю ладзяць ініцыятывы «БМАgroup», «Арт Сядзіба» і «Рок-салідарнасць» у межах кампаніі для папулярызацыі нацыянальнай сімволікі Беларусі. Сабраныя пад калектыўным зваротам подпісы перададуць у Міністэрства культуры.

{movie}Змаганне за сцяг|right|11058{/movie}

ВІТАЛЬ СУПРАНОВІЧ, ІНІЦЫЯТАР КАМПАНІІ:

«Пакуль мы збіралі подпісы толькі на нашых мерапрыемствах, якіх было некалькі. Пару соцень подпісаў мы ўжо сабралі, але пакуль цяжка сказаць пра актыўнасць. Далей подпісы будзем збіраць не мы, мы будзем заклікаць да гэтай ініцыятывы людзей».

Далучыцца да ініцыятывы не цяжка. Зварот у Міністэрства культуры кожны ахвотны можа знайсці ў інтэрнэце праз спасылку.

ПАВАЛ БЕЛАВУС, ІНІЦЫЯТАР АКЦЫІ:

«Прапаноўваем усім спампаваць гэты зварот, каб людзі падпісалі яго сярод знаёмых і пасля ўжо падпісаныя звароты дасылалі на адрас: 220113, абаненцкая скрыня 280».

Адменены ў выніку ініцыяванага прэзідэнтам рэферэндуму, нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг у сённяшняй Беларусі застаецца сімвалам змагання за свабоду. Нядаўна бараніць яго беларусам давялося нават у Стакгольме падчас хакейнага матчу. Заўзятарам забаранілі праходзіць на арэну з нацыянальнаю сімволікаю. Аднак сцягі ўдалося адстаяць. Цяпер жа змаганне ідзе за тое, каб сцяг, пад якім адбывалася станаўленне сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы, з незарэгістраванай сімволікі стаў афіцыйна прызнанаю каштоўнасцю.

ВІТАЛЬ СУПРАНОВІЧ, ІНІЦЫЯТАР КАМПАНІІ:

«Пад гэтым сцягам прымаў прысягу першы прэзідэнт Беларусі. Мне здаецца, гэта важная падзея, і, як бы мы не адносіліся да розных асобаў, розных сімвалаў, трэба, каб ён меў нейкі статус».

Іншы нацыянальны сімвал Беларусі – герб «Пагоня» – ужо тры гады як уключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Уносіць у спіс сцяг чыноўнікі тады з невядомых прычынаў адмовіліся. Што ж да саміх беларусаў, то яны не супраць, каб нацыянальны штандар стаў каштоўнасцю, а некаторыя нават прагнуць яго вяртання ў якасці дзяржаўнага.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Дзесяць разоў «за»! Нават калі яго зробяць дзяржаўным, не буду супраць».

«Гэта – частка нашай гісторыі».

«Бел-чырвона-белы? Мне здаецца, добрая ідэя! »

Наколькі ж масава яе падхопяць, пабачым ужо неўзабаве: вынікі кампаніі яе арганізатары падвядуць 27 ліпеня – у дзень, які быў Днём Незалежнасці, пакуль яго таксама не адмяніў цяперашні прэзідэнт. Тады ж агучаць і колькасць сабраных подпісаў.

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў