Грашовая дапамога па даглядзе за дзіцём з лютага вырасла да 100 долараў


Аднак яна па-ранейшаму меншая, чымся ў суседніх краінах.

Старшыня Упраўлення сацыяльнага падтрымання насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Нагібін патлумачыў, што грашовая дапамога па даглядзе за дзіцём у Беларусі ўніфікаваная і звязаная з бюджэтам пражытковага мінімуму. Цяпер зацверджаны новы бюджэт пражытковага мінімуму – ён складае 296 870 бел. руб. Столькі ж атрымаюць бацькі, што гадуюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. “Калі сям’і не стае гэтых грошай, калі іхны даход ніжэйшы за мінімальны, яны могуць прэтэндаваць на дадатковую адрасную дапамогу”, – патлумачыў чыноўнік.

Аднак бацькоў непакоіць малы памер дапамогі. Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя шматдзетных сямей” Таццяна Краўчанка адзначае, што цяперашніх няпоўных 300 тыс. руб. не дастаткова. “Гэтыя грошы выдзяляюцца на дзіця, а што рабіць маці, якая падчас дэкрэтнага адпачынку не можа працаваць? Мы неаднаразова падымалі пытанне пра тое, што дапамога не можа быць аднолькаваю для ўсіх, бо жанчыны мелі розны заробак да цяжарнасці. Чаму яны мусяць гэта згубіць? На жаль, чыноўнікі не знаходзяць на гэта адказаў. Асноўны іхны аргумент – нараджальнасць павялічваецца. Але разам з тым якасць жыцця дзіцяці і ягонай маці ў Беларусі на нізкім узроўні”, – адзначае Таццяна Краўчанка.

Паводле даследавання парталу Mojazarplata.by, 55% бацькоў выдаткоўваюць дзіцячую дапамогу за першы ж тыдзень. Пераважна на харчы і адзенне для дзіцяці.

У суседніх краінах – Расеі, Літве і Украіне – разлік грашовай дапамогі па даглядзе за дзіцём фармуецца ў залежнасці ад былога заробку маці. І мінімальная дапамога там у 1,5–4 разы большая, чым у Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары