Вайскоўцы перакідваюць танкі да мяжы з Польшчай


Да раптоўнага правярання боегатовасці арміі далучаюцца ўсё новыя часткі і злучэнні Узброеных сілаў. Telegram-канал «Беларускі гаюн» паведамляе, што на палігон каля Горадні перакінулі каля 20 танкаў.

Вайскоўцы перакідваюць танкі да мяжы з Польшчай.
Фота: “Беларускі гаюн” / telegram

Да раптоўнага правярання боегатовасці вайскоўцы прыцягваюць новыя часткі і злучэнні. Стала вядома, што падраздзяленні сілаў неадкладнага рэагавання (СНР) са складу 11-й (пункт дыслакацыі – Слонім) і 19-й (пункт дыслакацыі – в. Заслонава, Лепельскі раён) механізаваных брыгадаў атрымалі задачы здзейсніць марш на палігоны Узброеных сілаў РБ, у тым ліку з пераадоленнем водных перашкодаў.

«Ад 11-й механізаванай брыгады да правярання прыцягнулі 2 танкавыя роты 7-га асобнага танкавага батальёну – гэта мінімум 20 танкаў Т-72Б ВС РБ. Падраздзяленні павінны будуць здзейсніць марш з пункту пастаянна дыслакацыі на палігон Гожскі ў Гарадзенскім раёне (з пераадоленнем воднай перашкоды, верагодней за ўсё – у Лідскім раёне). Вядома, што падраздзяленне было паднятае па трывозе сёння а 3:00 (паводле менскага часу)», – паведамляе «Беларускі гаюн».

Беларускія танкі падчас раптоўнага правярання баявой гатовасці, 14 снежня.
Фота: modmilby / Telegram

Што да 19-й брыгады, то, імаверна, вайскоўцы будуць фарсіраваць раку Бярэзіну на пераправе, якую навялі ў Барысаўскім раёне (каардынаты пераправы: 54.260200, 28.411900).

Да правярання боегатовасці таксама прыцягнуць 40-ы асобны механізаваны батальён 11-й брыгады, 105-ы асобны механізаваны батальён 11-й брыгады і інжынерна-сапёрны батальён.

Раптоўнае правяранне боегатовасці Мінабароны абвесціла 13 снежня. Прэсавая служба паведамляе пра далучэнне механізаваных брыгадаў да правярання, але не канкрэтызуе маршруту танкаў і месца, куды яны накіроўваюцца.

Алена Аляксандрава belsat.eu

 

Стужка навінаў