Маліўся супраць гвалту: тры гады калоніі прысудзілі працаўніку Катэдральнага касцёлу Уладзіславу Беладзеду


У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд каталіцкаму верніку, выкладчыку катэхізісу, выпускніку Інстытуту тэалогіі БДУ Уладзіславу Беладзеду. Яго абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў і прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе «Хрысціянская візія».

Уладзіслаў Беладзед.
Фота: christianvision / Telegram

Вырак вынесла суддзя Алена Ананіч, справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Уладзіславу інкрымінавалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»);
  • ч. 1 арт. 343 («Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару»);
  • ч. 1 арт. 368 («Знявага Лукашэнкі»);
  • ст. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»).

«Уладзіслаў Беладзед быў затрыманы 31 мая 2023 года за тое, што пры мірных пратэстах 2020 года актыўна ўдзельнічаў у супольных хрысціянскіх малітвах пра спыненне гвалту і беззаконня ў сувязі з палітычным крызісам у Беларусі. Вернік зазнаў бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжанне», – паведамляе «Хрысціянская візія».

Уладзіслава летась ужо некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Вядома, што ён мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў