«Апошняе папярэджанне Лукашэнку». Саакашвілі ўпэўнены, што Макея забіў Крэмль


Уладзімір Макей пры падтрымцы Лукашэнкі спрабаваў наладзіць сувязі з Захадам, што выклікала крайнюю непрыязнасць Масквы, дзе былога міністра замежных спраў Беларусі лічылі здраднікам. Пра гэта экс-прэзідэнт Грузіі сказаў у інтэрв’ю «Зеркалу». Зараз Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца пад наглядам паліцыі ў больніцы, куды яго перавялі з турмы.

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей на фестывалі для дыпламатаў у Менску. 5 ліпеня 2019 года.
Фота: МЗС Беларусі

Міхаіл Саакашвілі, які быў прэзідэнтам Грузіі ў 2003 – 2013 гадах, расказаў, што два разы лётаў у Менск праз Лондан, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Пасярэднікам сустрэч выступаў Барыс Беразоўскі (расейскі алігарх і палітык – рэд.), які да таго часу асеў у Менску. Трэці раз, ужо пасля прайграных парламенцкіх выбараў, я паляцеў наўпрост з Тбілісі ў Менск. Мы гаварылі пра шмат рэчаў. Дакладней, ён казаў, а я слухаў», – згадаў Саакашвілі.

Акрамя гэтага, калі палітык быў кіраўніком Адэскай вобласці ў 2015 – 2016 гадах, да яго разам з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам прыязджаў Уладзімір Макей, «тады беларускі міністр паводзіў сябе як заходні ястраб».

«Я ўпэўнены, што Макея забіла Масква і гэта было апошнім папярэджаннем Лукашэнкі. Я магу пацвердзіць, што падчас майго прэзідэнцтва я асабіста і наш міністр замежных спраў шмат працавалі з Макеем, які, вядома ж, пры падтрымцы Лукашэнкі спрабаваў наладзіць сувязі з Захадам, што ўжо тады выклікала крайнюю непрыязнасць Масквы, там лічылі Макея здраднікам і перабежчыкам», – кажа экс-прэзідэнт Грузіі.

Ён адзначае, што шмат разоў абмяркоўваў з заходнімі лідарамі магчымасці вырваць Беларусь з кіпцюроў Расеі. Акрамя гэтага, ён запісвае ў свае заслугі тое, што Беларусь не прызнала акупаваныя Расеяй тэрыторыі Грузіі, а таксама вызваленне некалькіх палітвязняў перад уступленнем Беларусі ва Усходняе партнёрства (гэта адбылося ў 2009 годзе).

«Калі я ў першы раз патэлефанаваў Байдэну [калі той быў віцэ-прэзідэнтам] наконт Беларусі, ён катэгарычна адмовіўся пачаць кантакты з Лукашэнкам, і крыху пазней, ужо ў рангу былога прэзідэнта, я быў на інаўгурацыі Парашэнкі [летам 2014 года] і падвёў Лукашэнку за руку да Байдэна [тады палітык быў віцэ-прэзідэнтам ЗША], і яны вельмі цёпла пагутарылі. Там жа быў мой блізкі сябар Джон Маккейн [сенатар ЗША] вельмі раззлаваўся і на мяне, і на Байдэна за гэты эпізод», – расказаў Саакашвілі.

Нагадаем, міністр замежных справаў Уладзімір Макей падчас палітычнага крызісу 2020 году падтрымаў Аляксандра Лукашэнку. Ён публічна апраўдваў палітыку масавых рэпрэсіяў унутры краіны і абвастрэння стасункаў з Захадам. Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 года ва ўзросце 64 гадоў. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», прычынай смерці магло стаць самагубства.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман ужо пасля смерці міністра апавёў, што той у 2020-м быў гатовы сысці ад Аляксандра Лукашэнкі. Аднак усё ж застаўся, і, паводле прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету і былога работніка МЗС Валера Кавалеўскага, «шчыра працаваў на дыктатара, вельмі часта рабіў гэта за кошт беларускіх нацыянальных інтарэсаў, за кошт беларускасці, людскіх лёсаў».

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, смерць Макея для Лукашэнкі сталася безумоўнаю кадраваю стратаю, бо ён увасабляў сабою цэлую эпоху дыпламатыі.

Аналітыка
«Усё больш ясна, што смерць не насіла натуральнага характару». Год таму не стала Макея
2023.11.26 07:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў