У Гомлі махляры прыгразілі пенсіянерцы ператрусам, і яна аддала ім усе свае ашчаджэнні


У Гомлі махляры патэлефанавалі пенсіянерцы, назваліся працаўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў і загадалі перавесці грошы на пэўны рахунак. У выпадку адмовы выканаць загад жанчыне пагражалі ператрусам. Пра інцыдэнт распавёў часопіс «Белка» са спасылкай на Савецкі РАУС Гомля.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belkagomel.by

У міліцыю звярнулася 70-гадовая жыхарка Гомля. Яна распавяла, што пералічыла на рахунак махляроў каля 2000 рублёў. Жанчына зрабіла гэта праз страх ператрусу, якім ёй прыгразіў незнаёмы мужчына, што прадставіўся па тэлефоне працаўніком Дэпартаменту фінансавых расследаванняў.

«Спачатку пенсіянерцы патэлефанавала незнаёмая жанчына і паведаміла, што з яе нумару адбываецца рассылка паведамленняў. Далей пайшла інструкцыя, як спыніць рассылку. Трэба, маўляў, усталяваць мабільны дадатак і ўвесці код», – распавялі ў міліцыі.

Hавiны
«Калі чуеце нешта сумнеўнае, бярыце паўзу». Псіхолаг – пра тое, чаму мы верым махлярам і як не даць сябе абдурыць
2024.02.02 15:07

Пенсіянерка беспярэчна выканала ўсе ўказанні. Наступны званок паступіў праз Viber. Мужчына прадставіўся працаўніком Дэпартаменту фінансавых расследаванняў і напалохаў жанчыну магчымым ператрусам у яе ўдома, параіў тэрмінова задэклараваць усе наяўныя грошы. Усхваляваная пенсіянерка прызналася суразмоўцу, што ў яе ёсць 200 рублёў на картцы, а таксама 1500 рублёў гатоўкаю. На ўказанне невядомага яна схадзіла ў банк і паклала ўсю гатоўку на ўказаны карт-рахунак.

Прыйшоўшы дадому, жанчына патэлефанавала дачцэ і ўсё ёй распавяла. Але на той момант з ейнай карткі ўжо спісалі 1700 рублёў.

Заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 212 («Крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі»).

Hавiны
Махляры прадстаўляюцца сілавікамі і выманьваюць грошы ў беларусаў. Чаму гэта стала магчымым?
2024.02.02 00:02

Надоечы падобная гісторыя здарылася з 57-гадовай жыхаркай Браслава. Махляры выманілі ў кабеты грошы: на працягу тыдня жанчына перавяла ашуканцам агулам 55 тысяч рублёў. Жыхарка райцэнтру атрымала паведамленне ў мэсэнджары ад імя свайго кіраўніка аб тым, што да яе прыедуць так званыя сілавікі. Жанчына паверыла. Пасля махляры прапанавалі ёй садзейнічанне нібыта ад працаўніка Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Ён паведаміў, што невядомыя афармляюць крэдыты на ейнае імя і пераводзяць грошы на ўкраінскія рахункі.

Падман махляры падмацоўвалі актыўным псіхалагічным ціскам. Неўзабаве жанчыне патэлефанаваў «следчы», які паведаміў, што ў яе плануецца ператрус, і незадэклараваныя грашовыя сродкі забяруць. Яе схілялі аддаць грошы праз пагрозы завесці крымінальную справу. У выніку жанчына зняла ўсе ашчаджэнні з рахунку, аформіла крэдыт на 15 тысяч рублёў і ўсе грошы перавяла махлярам.

Каментар
У Беларусі затрымалі 48 тэлефонных махляроў. Ды махлярам у Беларусі камфортна, кажа «BELPOL»
2024.02.01 19:13

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў