У Беларусі затрымалі 48 тэлефонных махляроў. Ды махлярам у Беларусі камфортна, кажа «BELPOL»


Беларускія сілавікі на прэс-канферэнцыі 1 лютага адсправаздачыліся аб затрыманні 26 студзеня 48 чалавек, якія працавалі ў менскіх кол-цэнтрах і прапаноўвалі гандляваць на фіктыўных інтэрнэт-рынках. Але буйное затрыманне наўрад ці спыніць іншых махляроў.

Малюнак згенераваны нейрасеткай
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Тэлефонны махляр з Расеі маскуецца пад сілавіка. Выява: Dall-E / Bing.com

Па звестках сілавікоў, махляры прапаноўвалі гандляваць на рынках сыравіны, форэкс-рынках і крыптабіржах, вялі даверлівых людзей на фальшывыя інтэрнэт-пляцоўкі. Калі чалавек пераводзіў грошы, сайты паказвалі яму «рост прыбыткаў», ды вывесці грошы было немагчыма. Калі ж чалавек пачынаў падазраваць няладнае, з ім звязваліся тыя самыя махляры, але пад выглядам юрыстаў, якія «дапамогуць вярнуць грошы» і «шукаюць нядобрасумленных брокераў».

Затрыманых падазраюць у «Махлярстве ў асабліва буйным памеры» (ч.4 арт. 209 КК РБ), ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў і штраф. У іх канфіскавалі грошы на суму 200 тысяч долараў, камп’ютары, аўтамабілі. Шкоду ад дзейнасці ацанілі ў 500 тысяч рублёў. З адным затрыманым апублікавалі «пакаяннае відэа», на якім той нібыта просіць прабачэння ў пацярпелай і абяцае кампенсаваць шкоду.

Hавiны
Статыстыка: кожны чацвёрты беларус станавіўся ахвярай махлярства
2023.11.18 11:39

Чаму ў Беларусі дзейнічае шмат такіх махляроў

Як расказалі сілавікі, група махляроў дзейнічала ў Беларусі аж чатыры гады. Ці вальготна гэткім злачынцам у Беларусі?

Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар
Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар. Варшава, Польшча. 22 студзеня 2024 года. Скрыншот: Белсат

Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар некалі сам працаваў аператыўнікам па махлярстве. Ён расказаў у каментары «Белсату», што такія злачынствы тады былі вельмі распаўсюджаныя, а махляры ў Беларусі сапраўды пачуваюцца «даволі нармальна»:

«У так званых праваахоўных органаў скрайне мала інструментаў, каб вызначыць, дзе знаходзяцца гэтыя людзі, і як правіла, такое махлярства адбываецца з Расеі. Але сістэма МУС працуе дастаткова тапорна, яна працуе паводле ўжо састарэлых лякалаў. Працы, як правіла, у аператыўнікаў вельмі шмат, і часам нават няпрофільнай, таму раскручваць такія справы дастаткова цяжка».

«Раскручваць такія злачынствы было вельмі цяжка, бо як правіла не хапала банальна тэхнічных магчымасцяў, каб штосьці пра іх даведвацца. Але нават калі я спрабаваў раскручваць такія матэрыялы, карані сыходзілі ў Расею – а там знайсці канцы было вельмі цяжка», – расказвае Жыгар.

Так і ў выпадку з 48 затрыманымі, адзін з лідараў групоўкі знаходзіўся ў Расеі.

Махляры, працягвае ён, звычайна карыстаюцца падменай нумароў і VPN, у мэсэнджарах маскуюцца пад сапраўдныя банкі, а беларусы даволі даверлівыя, вядуцца на даволі прымітыўныя схемы.

Таксама махляры нярэдка прадстаўляюцца супрацоўнікамі сілавых структураў – і ім вераць. Гэта, кажа Жыгар, зваротны бок рэпрэсіяў: калі рэпрэсіі трываюць бясконца і закранаюць усе пласты грамадства, адбываюцца нават зусім без падставаў, то нават людзі не пажылога веку гатовыя зрабіць усё, каб у «сілавіка» не было да іх пытанняў.

Hавiны
Махляры выманілі ў мужчыны вялікую суму, напужаўшы яго крыміналкай за здраду радзіме
2023.11.30 19:00

Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў