Яшчэ адно вывяржэнне вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс у Ісландыі. Лава насоўваецца на горад


Чарговае вывяржэнне вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс у Ісландыі здарылася раніцай 14 студзеня. Яму папярэднічалі больш за 200 падземных штуршкоў. Лава набліжаецца да гораду Грындавік. Пра гэта распавядае ісландская тэлерадыёкампанія RÚV.

Пасля вывяржэння вулкану лава рухаецца ў бок гораду Грындавік.
Фота: Almannavarnadeild ríkislögreglustjóra / Facebook

Жыхары гораду Грындавік былі эвакуяваныя ўначы з 13 на 14 студзеня, а ў самім горадзе адключылі электрычнасць. Як перадавалі ісландскія журналісты, лава пасля вывяржэння вулкану рухалася ў бок Грындавіку і была ад яго зусім блізка – за 450 метраў.

Тым не менш, начальнік паліцыі Грындавіку паведаміў выданню, што, на ягоную здагадку, у горадзе засталося каля 200 чалавек, хоць у цэлым эвакуацыя прайшла добра. Ён выказаў спадзяванні, што паток лавы спыніцца яшчэ да таго, як дасягне першых дамоў у горадзе.

Мэр Грындавіку Фаннар Ёўнасан назваў чарговае вывяржэнне вулкану на паўвыспе «вялікім шокам для жыхароў».

Cпасылаючыся на мясцовых геолагаў, якія назіраюць за вулканам з верталётаў, RÚV паведамляе, што даўжыня расколіны складае прыблізна адзін кіламетр.

Паводле апошняй інфармацыі, лава набліжаецца да аранжарэі кампаніі «ORF Biotechnology», але, са словаў дырэктара кампаніі, будынак быў пашкоджаны яшчэ ў лістападзе падчас землятрусу, таму ў ім цяпер няма ні людзей, ні каштоўных рэчаў ці абсталявання.

«Гэта толькі пытанне часу, калі лава накрые аранжарэю», – пішуць журналісты выдання.

Гэта ўжо пятае вывяржэнне вулкану на паўвыспе за апошнія тры гады. На ёй месцяцца два вулканы – Фаградальсф’ятль і Рэйкʼянэс. У красавіку 2010 года ў Ісландыі адбылося вывяржэнне вулкану Эйяф’ятля-Ёкютль. Шырокая хмара попелу тады закрыла ўсю паветраную прастору над Заходняй Еўропай. Агульныя страты склалі, паводле некаторых ацэнак, да 2,5 млрд еўраў.

Аб’ектыў
Якія наступствы апошніх прыродных катаклізмаў налічылі ў свеце?
2023.12.19 20:53

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў