Еўразвяз хоча «азеляніць» беларускую эканоміку


Куды ідуць грошы, якія Еўропа дае на экалагічныя праекты, і чаго чакаць ад чарговага гранту памерам € 12 млн?

Пагадненне пра вылучэнне грошай плануюць падпісаць 17 траўня, паведаміла БелТА. Атрымаюць іх прадзяржаўныя арганізацыі, каб распрацоўваць экалагічнае заканадаўства і паляпшаць механізмы «зялёнай эканомікі».

Частка сродкаў пойдзе на міні-праекты і малыя «зялёныя» ініцыятывы кшталту экалагічных маршрутаў ці папулярызацыі арганічных угнаенняў замест хімічных. Таксама, згодна з праектам дакументу, у Беларусі пабудуюць вятрак, каб выкарыстоўваць альтэрнатыўную крыніцу энергіі.

Паводле эканаміста Змітра Бабіцкага, рэвалюцыі з «зялёнаю эканомікаю» Беларусі гэтыя грошы не зробяць, але ініцыятыву ЕЗ ён ацэньвае пазітыўна: «Зялёная эканоміка» – цяпер трэнд ува ўсім свеце. На Захадзе падобныя праекты ажыццяўляюцца масава. Натуральна, Беларусі гэтых грошай недастаткова, але там і ў апісанні праекту фінансавання ясна зазначылі, што гэта ў асноўным на «мяккія» віды падтрымання – ўсялякія даследчыя аналітычныя працы і на рэалізацыю пілотных праектаў. То бок, каб зрабіць штосьці такое, што будзе мадэллю, прыкладам».

Адмыслоўца зазначае, што ў Еўропе любую пастанову цяпер прымаюць з улікам уплыву на навакольнае асяроддзе. Асабліва гэта датычыць выкіду шкодных рэчываў і парніковых газаў.

Палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька досыць асцярожна выказаўся наконт ідэі еўразвязаўскіх укладанняў у беларускую «зялёную эканоміку»: «Стратэгічна – стаўленне пазітыўнае. Але мы ведаем прыклады, калі вылучалі сродкі, у тым ліку і паводле крэдытных лініяў як дапамога Беларусі, але кантроль быў настолькі нязначным, што дагэтуль невядома, як і куды гэтыя сродкі пайшлі. Да прыкладу, перад прэзідэнцкай кампаніяй вылучылі 3 млрд ад Міжнароднага валютнага фонду на змяненне эканомікі ў больш рынкавы бок. А гэтыя грошы ў значнай ступені пайшлі на подкуп беларускіх выбарцаў».

€ 12 млн на «зялёную эканоміку» – не адзінае грашовае ўліванне ў экалагічныя праекты Беларусі. У сакавіку € 13,6 млн на такія мэты Беларусі вылучыла Швецыя. Гэтыя сродкі пойдуць на мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў у розных гарадах Беларусі, у прыватнасці – мясцовым водаканалам. Агульнае фінансаванне толькі водаканалаў ад міжнародных фінансавых інстытуцыяў складзе да € 65 млн.

«Зялёная эканоміка» – кірунак у эканамічнай навуцы, які сфармаваўся за апошнія 20 гадоў. Яго прыхільнікі сцвярджаюць, што эканоміка мусіць уздымаць дабрабыт людзей і забяспечваць сацыяльную справядлівасць, зніжаючы пры гэтым рызыку для навакольнага асяроддзя і яго збяднення.

Беларускія эколагі кажуць, што пераход краіны на «зялёную эканоміку» супярэчыць раней прадэклараванаму афіцыйнымі ўладамі кірунку развіцця – павелічэння здабычы больш «брудных» у параўнанні з газам энергетычных крыніцаў – торфу, бурага вугалю. Улады часта дэкларуюць неабходнасць пашырэння выкарыстання «мясцовых відаў паліва», што таксама не спрыяе пераходу да больш экалагічнай эканомікі. Шмат пытанняў эколагі маюць і наконт будаўніцтва АЭС, і тым, як гэтае будаўніцтва адаб’ецца на развіцці «зялёнай эканомікі».

Кастусь Будчак, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары