Змагар за сцяг: З рук шведскіх ахоўнікаў – у студыю «Белсату»


https://youtu.be/G4lPgXB1Imk
Анатоль Міхнавец – адзін з чатырох актывістаў, якія ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі на хакейным матчы Беларусь–Чэхія ў Стакгольме. Ён заклікае беларусаў замежжа не здавацца і прыходзіць на матчы са штандарамі.

Скандал вакол беларускай сімволікі – вачыма відавочцы ў «Гарачым каментары». Паводле кіраўніка ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоля Міхнаўца, ён і ягоныя паплечнікі ездзяць падтрымліваць спартоўцаў-суайчыннікаў.
{movie}Анатоль Міхнавец у “Гарачым каментары”|right|10547{/movie}
На пачатку гульні Беларусь–Чэхія яны разгарнулі самы вялікі бел-чырвона-белы сцяг уздоўж цэлай трыбуны. На тэлебачанні штандары пабачыла ўся Беларусь, пасля гэтага пачаліся тэлефонныя званкі на высокім узроўні. «У часе апошняга перыяду да нас падышлі ахоўнікі ды сказалі, што мы мусім прыбраць сцяг. Калі папрасілі патлумачыць, сказалі, што нельга мець ніякіх палітычных сімвалаў, і пачалі яго забіраць», – узгадвае Анатоль Міхнавец.

«Гэта – не першы выпадак. І я лічу, цяпер дастаткова моцны рэзананс, каб урэшце ўся нашая беларуская грамада, нашыя прыхільнікі ў Еўразвязе, ува ўсім свеце паставілі кропку ў гэтым. Каб усе вінаватыя ў гэтым здарэнні былі пакараныя, і такога больш ніколі не адбывалася», – лічыць кіраўнік «Беларускай нацыянальнай памяці».

Анатоль Міхнавец распавёў, што ў Стакгольме актывісты пабывалі на дзвюх гульнях і абодва разы сустрэліся з супрацівам. «Выканаўцы хлусілі, бо спачатку спасылаліся на палітычную сімволіку, пасля казалі, што ім трэба перакрыць сектар дзеля захадаў бяспекі. Пільнавалі наш кожны крок, яны баяліся гэтых сцягоў. Нам дазволілі меншыя сцягі, але на іншых трыбунах беларусам не дазвалялі».

Госць праграмы дадае, што ў адным з перапынкаў убачыў старшыню Федэрацыі хакею Беларусі Яўгена Ворсіна, які сядзеў непадалёк, і запытаў яго, чаму ён дазваляе сабе выказванні, нібыта людзей са сцягамі нанялі за грошы. «Ён не хацеў размаўляць і назваў бел-чырвона-белы штандар анучаю, паводзіў сябе агрэсіўна».
{movie}”Гарачы каментар”: Алесь Пуціла пра нацыянальную сімволіку ў спорце|right|10549{/movie}
Анатоль Міхнавец будзе дамагацца, каб ахоўнікаў, якія выкінулі беларусаў з матчу, пакаралі. Ён таксама звярнуўся да беларусаў замежжа з заклікам прыносіць сцягі на матчы. «Сцяг прызнаюць тады, калі ён будзе паўсюль».

Цяпер у Стакгольме – кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. Паводле яго, тэму пра скандал з бел-чырвона-белым сцягам, які адбыўся падчас матчу з Чэхіяй, падхапілі ўсе шведскія медыі. «Знаёмыя шведкі, якія сустрэлі мяне на лётнішчы, трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі».

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары