Улады заглушылі праціўнікаў кітайскага тэхнапарку рэкламным ролікам


У Смалявічах прайшла чарговая сустрэча прадстаўнікоў распрацоўнікаў і адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку з мясцовымі жыхарамі ды дачнікамі. Ці былі пачутыя прэтэнзіі тых, хто адстойвае свае дамы?

Грамадскае абмеркаванне генеральнага плану Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку арганізавалі ў працоўны час – ды так, каб на сустрэчы аказалася мінімум зацікаўленых. Большасць прысутных у зале – мясцовыя дзяржаўныя службоўцы.

МАРЫНА ІВАНОВА, САДОВАЕ ТАВАРЫСТВА «СОКАЛ»:
“Людзі ўсе на працы. Прыехаць не могуць. І было мала вельмі інфармацыі пра гэтае абмеркаванне. Абмеркаванне, з майго гледзішча, дастаткова бессэнсоўнае, бо ўжо ўсё вырашана”.

Сустрэчу арганізатары ператварылі ў рэкламную акцыю праекту. Паказалі прамацыйны ролік, які распавёў пра ўсе найлепшыя бакі праекту. А прэтэнзіяў жыхароў разглядаць не сталі.
{movie}Грамадзянаў на слуханнях не пачулі|right|10284{/movie}
АКСАНА ЗЕЛЯНЕЎСКАЯ, САДОВАЕ ТАВАРЫСТВА «ГРАНІТ»:
“Нас прыціскаюць у нашых правах, парушаюць 50-ты ўказ прэзідэнта, увесь пералік парушэнняў на чатырох аркушах мы перадалі арганізатару слуханняў, там былі сабраныя 463 подпісы, збор подпісаў будзе працягвацца”.

Дачнікі патрабуюць, каб тэрыторыю парку перанеслі ў іншае месца, але слухаць іх ніхто не збіраецца. На тэрыторыі парку плануюць размясціць вытворчасць у сферы біятэхналогіяў, медыцыны, электронікі, машынабудавання, хімічнай прамысловасці. Шмат якія нормы генеральнага плану, прапанаваныя кітайскім бокам, не адпавядаюць беларускім нормам. Таму праект і перадалі на перапрацоўку.

ЖАННА СІНІЦЫНА, ГАЛОЎНЫ АРХІТЭКТАР ПРАЕКТУ:
“Было даручана адаптаваць да нормаў беларускіх. Хоць ва ўказе прэзідэнта было агаворана, што нейкія нормы кітайскага боку могуць быць выкарыстаныя”.

А калі праект не ўкладаецца ні ў кітайскія, ні ў беларускія нормы – змяняюць паказчыкі. Гэтак, лясны масіў, які адносіўся да першай катэгорыі, і таму паводле нормаў не мог быць высечаны, перавялі ўказам прэзідэнта ў катэгорыю гаспадарчага лесу. Цяпер нічога не перашкаджае яго знішчэнню.

ТАЦЦЯНА КЛІМАВА, САДОВАЕ ТАВАРЫСТВА «МЭТА»:
“Такая чакаецца экалогія ад кітайцаў, гэта ж фармальдэгіды, стрэптацыды, аміяк, усялякія фармацэўтычныя бія-, хімпрадпрыемствы. Гэта канец!”

На тое, што на вынікі грамадскага абмеркавання паўплывае меркаванне зацікаўленых жыхароў, ніхто не спадзяецца. Тым больш, што прадстаўнікоў грамадскасці ў склад камісіі, што абмяркоўвае сітуацыю, не ўключылі, і, як сказалі на сходзе, уключаць не збіраюцца.

Вольга Чайчыц, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў