Выдаваць польскія візы ў Віцебску будзе консульства Латвіі


Беларуская тэма сёння гучала і ў польскім Сейме. Візаў для жыхароў Беларусі будзе больш, і яны стануць даступнейшыя, нягледзячы на непрыхільнасць афіцыйнага Менску, – гэтак акрэсліў дзяржаўную пазіцыю міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Заява прагучала падчас штогадовай прамовы палітыка аб прыярытэтах дыпламатыі афіцыйнай Варшавы. Ад словаў Польшча перайшла да канкрэтных справаў.

{movie}Польскія візы для віцяблянаў – у консульстве Латвіі |right|9786{/movie}

Цяпер шэнгенскую візу ў Польшчу для жыхароў Віцебскай вобласці стала магчыма атрымаць ў самім Віцебску, у латвійскім консульстве.

У афіцыйным паведамленні Міністэрства замежных справаў Польшчы гаворыцца, што гэта стала магчымым дзякуючы падпісанаму 13 лютага ў Рызе пагадненню паміж Польшчаю і Латвіяй. Наўздагон гэтай падзеі Радослаў Сікорскі ў сваім выступленні ўзгадаў і галоўны палітычны матыў супрацы з нашай краінаю.

«Грамадзянскую супольнасць надалей будзем падтрымліваць і ў Беларусі гэтаксама дзякуючы пасярэдніцтву еўрапейскага фонду на падтрыманне дэмакратыі», – падкрэсліў міністр МЗС Польшчы.

Палітык зазначыў, што за перыяд з 2008 да 2012 гадоў колькасць выданых для грамадзянаў Беларусі ды Украіны візаў узрасла амаль на 150 %. Летась польскія консульствы ў Менску, Берасці ды Горадні выдалі беларусам 350 тысяч візаў і гэта пры тым, што афіцыйны Менск увесь час адмаўляе Варшаве ў пашырэнні колькасці консулаў для спрашчэння працэдуры атрымання візы. Агулам жа беларусы апынуліся ў сусветных лідарах у колькасці шэнгенскіх візаў, гэтая лічба ў 2012 годзе склала амаль 700 тысячаў – сцвярджаюць у еўрапейскай камісіі.

К.С., М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў