Хто кіруе ў праваслаўі, будызме, юдаізме ды ісламе?


Учора кардынальскі канклаў выбраў галаву Каталіцкага Касцёлу. А як выбіраюць і ці маюць сваіх лідараў іншыя рэлігіі?

Праваслаўе: сабор важнейшы за патрыярха



У праваслаўнай Царкве няма адзінага лідара. У залежнасці ад тэрыторыі на чале асобных праваслаўных цэркваў стаяць патрыярхі, сярод якіх патрыярх Канстанцінопалю займае толькі ганаровае першынства і называецца “першым сярод роўных”.

Кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы выбірае памесны сабор, які складаецца з епіскапаў, святароў і свецкіх. Кандыдатаў на патрыярха адбірае архірэйскі сабор, зрэшты, у гэты спіс памесны сабор можа дадаць уласнага кандыдата. Патрыярхам можа стаць толькі прадстаўнік “чорнага духавенства”, г. зн. манах, які склаў зарок бясшлюбнасці і адмовы ад прыватнай уласнасці.

У РПЦ патрыярх прызначае епіскапаў, кантралюю іхную дзейнасць, а таксама рэпрэзентуе Царкву ў кантактах з іншымі цэрквамі ды свецкаю ўладаю. Аднак патрыярх не валодае поўнаю ўладаю, бо сам падпарадкоўваецца сабору і можа быць адкліканы са сваёй пасады.

Будызм: пошук інкарнацыі лідара

У будызме няма нейкага афіцыйнага кіраўніка, аднак вялікім аўтарытэтам у гэтай рэлігіі карыстаюцца духоўныя лідары. У тыбецкім будызме, да прыкладу, адзін з духоўных лідараў – Далай-Лама. Ён лічыцца пераўвасабленнем “бадгісатвы” – міласэрнасці, чалавека, які для ратунку іншых адмовіўся ад нірваны.

Пасля смерці Далай-Ламы манахі арганізоўваюць пошукі ягонай наступнай інкарнацыі – маленькага дзіцяці, у якога шукаюць прыкметы перароджанай душы Далай-Ламы. Пошук займае звычайна колькі гадоў. Затым праводзяцца тэсты, каб упэўніцца ў слушнасці выбару. Пасля пазітыўных вынікаў тэстаў дзіця адпраўляецца на навучанне ў адзін з тыбецкіх манастыроў, дзе праходзіць навучанне пад кіраўніцтвам дасведчаных ламаў-настаўнікаў. Цяперашні духоўны лідар тыбецкага будызму Далай-Лама XIV, баючыся ўмяшальніцтва кітайскіх уладаў у абранне яго пераемніка, абвесціў, што наступным Далай-Ламам будзе асоба па-за межаў Кітаю і хутчэй за ўсё – дзяўчынка.

З XVII стагоддзя да акупацыі Тыбету Кітаем у 1959 годзе Далай-Ламы былі тэакратычнымі кіраўнікамі Тыбету, падобна як Папы Рымскія – палітычныя кіраўнікі Ватыкану. З 1959 года Далай-Лама, ратуючыся ад палітычнага пераследу, жыве ў сваёй рэзідэнцыі ў горадзе Дгарамшала на поўначы Індыі.

Юдаізм: няма святарства



Прыхільнікі юдаізму не маюць адзінага лідара сваёй рэлігіі. Шмат у якіх кірунках сучаснага юдаізму адсутнічае ўвогуле святарства. Паняцце святарства або жрэцтва ў навучанні юдаізму звязваецца толькі з Ерусалімскай святыняй, дзе магчымыя ахвярапрынашэнні. Пасля збурэння святыні рымлянамі ў 70 годзе знікла магчымасць складання ахвяраў, прапала неабходнасць у святарстве, а месцам грамадскіх богаслужэнняў і цэнтрам рэлігійнага жыцця сталі сінагогі.

За рэлігійнае жыццё ў сінагозе адказвае рабін – толькі настаўнік, які інтэрпрэтуе і тлумачыць святыя пісанні юдаізму. Рабінам можа стаць кожны, хто атрымаў адмысловую рэлігійную адукацыю.

У некаторых краінах існуе інстытут галоўнага або вярхоўнага рабіна (Расея, Францыя, Украіна, Польшча). Ім становіцца зазвычай найбольш аўтарытэтны ў багаслоўскіх пытаннях рабін.

Іслам: імамам у малітве можа стаць кожны

У ісламе таксама няма цэнтралізацыі рэлігійнай улады. Духоўныя асобы ў ісламе – імамы, якія кіруюць мячэццю і адпраўляюць малітвы. Слова “імам” азначае таксама асобу, якая дае прыклад для пераймання. Падчас агульнай абавязковай малітвы вернікаў абавязкова абіраецца імам, які кіруе ёю. Імамам у малітве можа стаць любы мусульманін, які дасягнуў 8 гадоў.

У Турцыі імамаў абіраюць прыхаджане, а афіцыйныя ўлады толькі пацвярджаюць выбар асобаў, якія атрымалі багаслоўскую адукацыю (зрэшты, вялікае вучонасці ад імама не патрабуецца, але яна дазваляе заняць больш выгадную пасаду кадзія або муфтыя).

Выбранага імама можна пазнаць па белым турбане і белых рукавах

Кадзі – мусульманскі суддзя, які чыніць правасуддзе паводле шарыяту і звычайна прызначаецца свецкімі ўладамі мусульманскіх краінаў.

Муфтый – вышэйшая духоўная асоба ў ісламе, у абавязкі якога ўваходзіла выпрабаванне прэтэндэнтаў на пасады імама, выдаванне ўказаў ніжэйшым духоўным, нагляд за духавенствам, кантроль за рамонтам мячэцяў і г. д. Муфтыя мусульманскае духавенства выбірае на адмысловых духоўных сходах. Беларускія ж мусульмане адміністрацыйна падпарадкоўваюцца расейскаму рэгіянальнаму ўпраўленню. Усяго ў Расеі іх 28, на чале якіх стаяць муфтыі. У сваю чаргу яны ўваходзяць у Савет муфтыяў Расеі, на старшыню якога абралі Равіля Гайнутдзінава. За выбітныя заслугі ў галіне ісламскага багаслоўя яму нават надалі ганаровы тытул шэйха.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў