Выехаць складаней. Як працуюць новыя абмежаванні Польшчы і дзе беларусу прасцей атрымаць візу


Польшча зрабіла больш жорсткімі правілы выдачы бізнесовых візаў. З 13 лістапада трэба будзе не толькі падаць запрашэнне, але і папярэдне зарэгістраваць яго ў рэестры запрашэнняў або засведчыць подпіс таго, хто запрашае, у польскага натарыуса. Раней пры падачы дакументаў было дастаткова проста запрашэння. Мы даведаліся, што гэта за віза, ці будзе беларусам складаней трапіць у Еўропу і як ідуць справы з візамі ў цэлым.

Калаж з фота: bieszczadzki.strazgraniczna.pl

Што такое бізнесовая польская віза?

Бізнесовую візу нельга блытаць з працоўнай, кажа кіраўнік маніторынгавага праекту visastat.online Аляксандр Лібер:

«Калі коратка, то гэта віза, паводле якой працаўнік беларускай арганізацыі едзе ў Польшчу да арганізацыі, з якой фірма ў Беларусі заключыла нейкія партнёрскія адносіны. Чалавек з Беларусі едзе ў Польшчу для развязання нейкіх пытанняў. Гэта могуць быць перамовы, агляд аб’ектаў – што заўгодна. Так ці інакш гэта заўсёды тычыцца ўзаемадзеяння двух субʼектаў бізнесу. Працоўная віза прадугледжвае, што, не будучы ўладкаваным нідзе, жыхар Беларусі едзе ў Польшчу для таго, каб там працаваць».

Польская бізнесовая віза – гэта віза катэгорыі С. Яна дазваляе бесперапынна заставацца ў Польшчы не больш за 90 дзён. Нацыянальная працоўная – D. З ёй работнік можа быць у Польшчы даўжэй.

Аформіць бізнесовую візу было даволі лёгка, адзначае суразмоўца «Белсату». Бо ніякага сурʼёзнага засведчання дакументаў не патрабавалася. Не выключана, што людзі карысталіся ёю, каб ездзіць не толькі з мэтамі бізнесу. Аднак у цэлым не так шмат людзей адкрывалі бізнесовыя візы проста таму, што Польшча вылучае мала месцаў на візы катэгорыі С.

Каментар
«Часам гэта пытанне жыцця і смерці». Алесь Зарэмбюк пра спыненне выдачы польскіх гуманітарных візаў
2023.11.02 12:15

«Таму агенцтвы прадавалі месцы запісу на гэтыя візы даражэй, чым на іншыя візы. І турызм, і бізнесовыя візы, і культурныя – гэта ўсё візы катэгорыі С. І ахвочых шмат – месцаў мала», – кажа Аляксандр Лібер.

Ездзіць будзе больш складана?

Польшча працягвае выдаваць беларусам візы, падкрэслівае наш суразмоўца. Але, вядома, на дадатковыя працэдуры трэба час і рэсурсы.

«Гэта не такая вялікая трагедыя для беларусаў, як можа падацца. Праблемы палягаюць у іншых плоскасцях. Напрыклад, у ліку слотаў, якія вылучаюцца на падачы. З нядаўняга часу абцяжараны прыём дакументаў на гуманітарныя візы. Бізнесовая віза тут не грае вялікай ролі», – працягвае Аляксандр Лібер.

Чаму суседка, хай трохі, але ўсё ж ускладніла жыццё беларусам? Цалкам верагодна, што гэта адгалоскі вялікага візавага скандалу. Нібыта консульствы і амбасады Польшчы ў Азіі і Афрыцы за хабар дапамагалі мясцовым жыхарам атрымліваць візы.

«Скандал маштабны. Усё пачыналася з краінаў Афрыкі, потым ужо падключылася Беларусь, таму што тут прысутнічае візавы аператар у асобе візавага цэнтру [«VFS Global», які працуе і ў Беларусі. – Заўв. рэд.]. Думаю, гэта накіравана на тое, каб паменшыць выкарыстанне візаў не паводле мэтавага прызначэння, і гэта элемент нейкага комплекснага развязання», – кажа Лібер.

Дзе беларусам прасцей атрымаць візу?

Польшча па-ранейшаму больш за ўсё цікавіць беларусаў, бо дае візы на шмат розных мэтаў, кажа Аляксандр Лібер: «Так, зрабілася складаней запісацца, большы адсотак адмовы на некаторыя тыпы візаў, зрабілася складаней рыхтаваць дакументы на польскія бізнесовыя візы, гуманітарныя візы цяпер атрымаць не так проста. Мы бачым запуск турыстычных візаў, але разам з тым там каля 30 % адмоваў. Усё сапраўды выглядае сумна, аднак Польшча працягвае выдаваць візы».

Ёсць краіны, у якія атрымаць візу проста. І даюць яе на вялікі тэрмін. Праблема – запісацца на падачу дакументаў. Напрыклад, так ідуць справы ў Нямеччыне.

«Нямеччына запісвае на паўгода наперад. Калі вы сёння захочаце трапіць у нямецкую амбасаду, то вы гэта зробіце ў жніўні-верасні наступнага года, – распавядае эксперт. – Гэта пры ўсёй яе выдатнай статыстыцы выдачы візаў – там больш за 95 % шматразовых візаў, калі абапірацца на справаздачы Еўракамісіі мінулага года і нашыя назіранні гэтага года».

Каментар
Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве распавёў пра праблемы ў атрыманні гуманітарных візаў
2023.11.01 21:47

Таму ў беларусаў цяпер у лідарах Італія – там чакаць падачы 2-3 месяцы, працягвае наш суразмоўца. Трапіць на падачу на грэцкую візу можна вельмі хутка, але Грэцыя часта адмаўляе.

«Улетку яна ставіць візы добра, калі высокі турыстычны сезон. Узімку – дрэнна. Вядома, з такім ростам адсотку адмоваў усё менш беларусаў хочуць падавацца туды. З Іспаніяй падобная сітуацыя. У нас застаюцца Францыя і Вугоршчына, куды таксама надзвычай складана трапіць, але і там якасць візаў таксама не вельмі стабільная. Вугорцы некалькі разоў запар могуць ставіць аднаразовыя візы», – кажа кіраўнік маніторынгавага праекту visastat.online.

Арсен Рудэнка / ІР belsat.eu

Стужка навінаў