Гарадзенскі тэлеканал папрасіў прабачэння за згадку ў эфіры Юрыя Дудзя


Тэлеканал «Гродна Плюс» папрасіў прабачэння ў гледачоў за тое, што раніцай 11 кастрычніка ў эфіры ўзгадалі расейскага блогера Юрыя Дудзя. Ён быў узгаданы ў рубрыцы «Асоба дня», у якой расказваецца пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў канкрэтны дзень.

Юрый Дудзь. Скрыншот з відэа: вДудь/Youtube

Днём 13 кастрычніка на старонцы тэлеканалу з’явіўся тэкст, у якім гаворыцца пра недапушчальнасць падобных рэчаў, бо рэдакцыя не падзяляе поглядаў Юрыя Дудзя, а чалавек, які паставіў яго імя ў праграму – «пакараны». Таксама тэлеканал папрасіў прабачэння перад тымі, каго гэта магло пакрыўдзіць.

«11 чысла ў ранішнім эфіры тэлеканалу «Гродна Плюс» інжынер відэамантажу выдала ў эфір архіўны запіс (2019 года) рубрыкі «Асоба дня», дзе гаворка ішла пра Юрыя Дудзя. Гэтая рубрыка расказвае аб асобах, якія нарадзіліся ў гэты дзень. З 2020 года ў гэтай рубрыцы ідзе гаворка толькі пра савецкіх і беларускіх акцёраў, музыкаў і пісьменнікаў, якія не маюць дачынення да антыдзяржаўных поглядаў. Інжынер відэамантажу, які дапусціў такое ў эфір, пакарана. Рэдакцыя тэлеканалу прыносіць прабачэнні гледачам, каго магла пакрыўдзіць дадзеная інфармацыя ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу. Рэдакцыя не падзяляе поглядаў дадзенага героя, якія яскрава выказаліся ў адносінах да нашай краіны пасля 2020 года. Мы дзякуем нашым тэлегледачам за пільнасць. Падобная інфармацыя не мае месца быць у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу», – напісана на старонцы тэлеканалу.

Скрыншот: grodnoplustv.by

Падобная гісторыя нядаўна здарылася на «Гомельскім гарадскім радыё». Нібыта адзін з падпісчыкаў пакрыўдзіўся на тое, што ў эфіры вядучы павіншаваў расейскага блогера Юрыя Дудзя з днём нараджэння і распісаў яго добрыя якасці, распавядаў, які ён «паспяховы, знакаміты і ўвесь з сябе класны». Пасля гэтага з радыё звольнілі як мінімум дваіх радыёвядучых. Верагодна, пазбавіліся працоўнага месцы і іншыя супрацоўнікі, а ў калектывах іншых гомельскіх дзяржаўных СМІ пачаліся праверкі.

Раней у Беларусі прызналі экстрэмісцкімі відэа на YouТube-канале Юрыя Дудзя.

ВІДЭА
Тры беларускія відэа Юрыя Дудзя прызнаныя экстрэмісцкімі
2022.03.10 10:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў