Беларусь – другая пасля М’янмы, да якой ужыты 33-ці параграф статуту МАП


12 чэрвеня на 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) адбылося галасаванне за рэзалюцыю, паводле якой прадугледжваюцца меры ўздзеяння на Беларусь, каб прымусіць яе пільнавацца нормаў міжнародных канвенцыяў і рэкамендацыяў МАП. Большасцю галасоў рэзалюцыя была ўхваленая. Што да гэтага прывяло, што пра гэта кажуць непасрэдныя дзейныя асобы і якія наступствы чакаюць Беларусь пасля галасавання? Паспрабавалі ўзнавіць падзеі і паразважалі з экспертамі пра некаторыя аспекты «беларускага пытання» ў МАП.

Адкрыццё 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Жэнева, 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: Crozet – Pouteau / ILO

Доўгая дарога да 33-га параграфа

Для Беларусі шлях да прымянення 33-га параграфа статуту Міжнароднай арганізацыі заняў амаль два дзесяцігоддзі. У пэўныя перыяды нашая краіна аказваецца ўсё бліжэй і бліжэй да таго, каб стаць у адзін шэраг з М’янмай, да якой упершыню была ўжытая гэтая захада.

Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і адкрытага парушэння правоў працоўных, закрыцця прафсаюзаў і адпраўкі лідараў незалежных прафсаюзных арганізацыяў за краты гэтае пытанне паўстала зноў. Нагадаем, што 18 ліпеня 2022 года Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго чатыры сяброўскія арганізацыі: Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) і Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ). Кіраўнікам і актывістам незалежных прафсаюзаў прысудзілі розныя турэмныя тэрміны, 12 з іх на сённяшні дзень застаюцца за кратамі.

У лістападзе 2022 года рада Міжнароднай арганізацыі працы прыняла пастанову аб тым, каб ужыць у дачыненні Беларусі 33-ці параграф статуту арганізацыі, аргументуючы гэта бесперапынным парушэннем правоў працоўных і прафсаюзаў. Канчатковае галасаванне ў гэтым пытанні прызначылі на чэрвень 2023 года на канферэнцыі МАП, якая гэтымі днямі (5–16 чэрвеня) адбываецца ў Жэневе.

У канцы траўня, незадоўга да канферэнцыі, некалькі прафсаюзных асацыяцыяў свету зноў звярнулі ўвагу на катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека і прафсаюзнымі арганізацыямі і выступілі з заклікам ужыць да Беларусі 33-ці параграф. У супольнай заяве Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, Міжнароднай федэрацыі транспартнікаў, Міжнароднай федэрацыі журналістаў, Глабальнага звязу рабочых-металістаў ды іншых арганізацыяў вялося пра тое, што ў краіне ідзе сістэматычнае задушэнне незалежнага прафсаюзнага руху, а іх сябры і лідары абвяшчаюцца «тэрарыстамі» і «экстрэмістамі». «Прафсаюзны рух – не экстрэмізм і не злачынства!» – адзначалася ў заяве.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і ягоны намеснік Сяргей Антусевіч у зале суда. Менск, снежань 2022 года.
Фота: БЕЛТА

Нарэшце на 111-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы праект рэзалюцыі аб Беларусі падтрымала дэлегацыя Еўразвязу. У сваёй заяве яны адзначылі, што з боку беларускіх афіцыйных уладаў ідзе поўнае ігнараванне рэкамендацыяў МАП цягам 19 гадоў. У ёй казалася, што магчымасцяў для бяспечнага існавання незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі няма, а таксама гучалі занепакоенасць тэрмінамі зняволення для прафсаюзных лідараў і актывістаў за ўдзел у мірных сходах і патрабаванні іх неадкладна вызваліць. Сярод іншага ў заяве казалася пра тое, што «надышоў час актывізаваць дзеянні» і  падтрымаць ухваленне праекту рэзалюцыі аб дадатковых захадах у адпаведнасці з параграфам 33 статуту МАП.

Што ў рэзалюцыі?

Што ж такога прапісана ў рэзалюцыі Міжнароднай арганізацыі працы, што для таго, каб не дапусціць яе прыняцця, у Жэневу на канферэнцыю быў адпраўлены беларускі афіцыйны дэсант – старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і міністарка працы Ірына Касцевіч?

У ёй, у прыватнасці, адлюстраваная прапанова рэгулярна абмяркоўваць беларускае пытанне, пакуль не будзе даказана, што ўлады РБ выканалі свае абавязкі ў межах канвенцыяў 87 (аб свабодзе асацыяцый) і 98 (аб праве на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоваў).

У рэзалюцыі ўтрымліваецца прапанова для ўрадаў, прадстаўнікоў працадаўцаў і работнікаў дзяржаваў – сяброў МАП перагледзець дачыненні з уладамі Беларусі. Таксама ёсць прапанова забяспечыць «прынцып невыдварэння ў адпаведнасці з міжнародным правам, улічваючы, што ў Беларусі праваабаронцы і прафсаюзы зазнаюць рызыку пераследу».

Акрамя таго, у дакуменце выказаная прапанова генеральнаму дырэктару МАП паведаміць у міжнародныя арганізацыі аб выкананні ўладамі Беларусі рэкамендацыяў Камісіі расследавання, а таксама заклікаць іх перагледзець, а пры неабходнасці і спыніць працу з афіцыйным Менскам. У якасці яшчэ адной прапановы, адрасаванай гендырэктару МАП, у рэзалюцыі прапісанае пажаданне ўзаемадзейнічаць са спецдакладчыкамі ААН, каб дабіцца ад Беларусі выканання рэкамендацыі аб бесстароннасці і незалежнасці судовай улады, а таксама ўтрымліваецца парада звярнуцца ва Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (УВКБ ААН) і «іншыя адпаведныя агенцтвы і арганізацыі» з просьбай падтрымаць актывістаў незалежных прафсаюзаў і чальцоў іхных сем’яў.

Важным пунктам рэзалюцыі ёсць настойлівы заклік да ўладаў Беларусі тэрмінова прыняць місію МАП для вывучэння таго, як выконваюцца рэкамендацыі. Пры гэтым вызначана, што эксперты місіі павінны будуць наведаць прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія застаюцца ў турмах.

Што кажуць улады Беларусі

У той жа час адказ афіцыйнага Менска не прымусіў сябе доўга чакаць, ён прагучаў з вуснаў прадстаўнікоў, якія прыбылі з Беларусі на запрашэнне на сесію МАП у Жэневу, дзе пачалі казаць заходнім калегам пра неабходнасць выканання законнасці і рабіць заявы пра тое, што трэба спыніць ціск на Беларусь.

Прадстаўнікі Беларусі на 111-й канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Жэнева, 12 чэрвеня 2023 года.
Фота: БЕЛТА

«Маніпуляцыяй і фальсіфікацыяй» назваў працэс прыняцця рэзалюцыі аб Беларусі старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Адпаведны зварот з’явіўся 7 чэрвеня на сайце арганізацыі, якую ён узначальвае. У ім прафсаюзны лідар, у прыватнасці, адзначыў, што «Захад разумее, што прайграе санкцыйную вайну, якую вядзе супраць Беларусі. І каб апраўдаць свае незаконныя дзеянні, уцягнуць у гэтую брудную гульню іншыя краіны, спрабуе выкарыстоўваць пляцоўку Міжнароднай арганізацыі працы».

Міхаіл Орда выказаў абурэнне тым, што на пляцоўцы МАП улады Беларусі абвінавачваюць у тым, што людзі не маюць магчымасці аб’яднацца ў прафсаюзы і падпісваць калектыўныя дамовы. Ён адзначыў пры гэтым, што ў Беларусі больш за 90 % работнікаў – чальцы прафесійных саюзаў, а ў краіне, паводле яго, дзейнічае больш за 20 тысяч калектыўных дамоваў з дадатковымі гарантыямі для работнікаў.

Выступіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і на самім пленарным пасяджэнні 111-й сесіі МАП 12 чэрвеня. У прамове ён падкрэсліў, што «пазіцыя кіроўных органаў МАП у «беларускім пытанні» вельмі прадузятая. На ўсе краіны здзяйсняецца беспрэцэдэнтны ціск, каб працягнуць рашэнне супраць Беларусі. Прычым робяць гэта тыя, хто павінны быць бесстароннімі».

Міхаіл Орда таксама адзначыў, што МАП не мае юрыдычнага і маральнага права падтрымліваць санкцыі, спаслаўшыся пры гэтым на спецдакладчыка ААН, які ў адмысловым звароце на адрас канферэнцыі звярнуў увагу на тое, што аднабаковыя абмежавальныя меры парушаюць Статут ААН.

Паводле Міхаіла Орды, агульная пазіцыя Групы працоўных МАП падаецца такім чынам, што нібыта работнікі аднагалосна падтрымліваюць прымяненне абмежавальных захадаў да Беларусі, і падкрэсліў, што «гэта абсалютна не так». Таксама ён адзначыў, што на пляцоўцы канферэнцыі з боку тых, хто лабіюе санкцыі ў дачыненні Беларусі, гучалі заявы, што нібыта работнікі ў Беларусі асуджаныя за прафсаюзную дзейнасць. Але, паводле старшыні ФПБ, свядома замоўчвалася, што дзеянні гэтых людзей не мелі нічога супольнага з прафсаюзнай працай і абаронай правоў працоўных.

Падчас выступлення на канферэнцыі беларуская міністарка працы Ірына Касцевіч таксама абвінаваціла краіны Захаду і асобныя прафсаюзныя аб’яднанні ў тым, «што ім не патрэбная праўда. Іх задача – апраўдаць свае беззаконныя і несправядлівыя дзеянні дзеля палітычнай ізаляцыі і эканамічнай блакады Беларусі. Вельмі шкада, што МАП аказалася ўцягнутая ў гэтую замежнапалітычную гульню», – адзначыла чыноўніца.

Таксама, як і Міхаіл Орда, яна прызнала факт таго, што ў Беларусі за кратамі трымаюць прафсаюзных лідараў, але адзначыла, што яны сядзяць не за прафсаюзную дзейнасць, а за тое, што «выкарыстоўвалі статус прафсаюзнай арганізацыі для прыкрыцця дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на змену законнай улады».

Падчас сваіх выступаў прадстаўнікі Беларусі агітавалі ўдзельнікаў канферэнцыі не галасаваць за ўхваленне рэзалюцыі, пры гэтым сур’ёзна парушаючы ўсталяваны часавы рэгламент выступленняў, з-за чаго іх даклады былі перапыненыя.

Спецдакладчык ААН супраць санкцыяў, але ёсць нюанс…

Асобна варта сказаць пра пазіцыю спецдакладчыка ААН, на якую спасылаўся Міхаіл Орда. Гэтым спецдакладчыкам аб негатыўным уплыве аднабаковых прымусовых захадаў на правы чалавека ёсць не хто іншы, як беларуска Алена Доўгань – прафесарка кафедры міжнароднага права факультэту міжнародных дачыненняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Алена Доўгань адправіла дакумент на адрас Міжнароднай арганізацыі працы, у якім заклікала гэтую арганізацыю не парушаць Статуту ААН. У прыватнасці, яна нагадала пра негатыўнае ўздзеянне аднабаковых прымусовых захадаў на выкананне правоў чалавека і падкрэсліла, што Статут ААН абмяжоўвае права іншых міжнародных арганізацыяў, у тым ліку і МАП, уводзіць санкцыі супраць дзяржаваў-чальцоў.

Паводле яе, уведзеныя ў многіх краінах санкцыі адбіваюцца на выкананні правоў чалавека, павышаюць узровень беспрацоўя і беднасці, пагаршаюць умовы працы, рэзка абмяжоўваюць доступ да асноўных тавараў, сярод якіх харчы і лекі, а таксама падрываюць дзяржаўныя сацыяльныя праграмы для тых, хто мае патрэбу ў клопаце.

Усе заявы – для беларускага гледача

Яшчэ да пачатку галасавання аб «беларускім пытанні» на сесіі МАП шмат хто меркаваў, што рэзалюцыя ўсё ж будзе ўхваленая.

Дык на што тады спадзяваліся ўлады РБ, адпраўляючы сваіх прадстаўнікоў на гэтую сустрэчу?Пра гэта мы запыталіся ў сябра праўлення Свабоднага прафсаюзу беларускага Дзяніса Садоўскага.

На ягоную думку, МАП як вялікая міжнародная арганізацыя, дзейнічае паводе сваіх бюракратычных правілаў, і таму запрасіла на канферэнцыю ўсіх прадстаўнікоў – як уладаў РБ, якія адказныя за выкананне правоў працоўных у Беларусі, так і прадстаўнікоў адзінага дзяржаўнага прафсаюзу, які застаўся ў краіне. Але, на думку нашага суразмоўцы, тое, пра што гэтыя прадстаўнікі гавораць на канферэнцыі, мала на што ўплывае. Яны, згодна са сваім статусам, агучваюць загадзя напісаную на паперцы пазіцыю, якая разыходзіцца з рэчаіснасцю і фактамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, жнівень 2020 года. Viktor Drachev / TASS / Forum

Наш суразмоўца пагадзіўся з тым, што ў тых фактах, якія прыводзілі беларускія чыноўнікі, пераблытаныя месцамі прычыны і наступствы: коранем усіх бедаў працоўных у Беларусі яны называюць санкцыі, хоць замоўчваюць той факт, за што гэтыя санкцыі з’явіліся як адказ на беззаконне ў краіне, якое распачалі ўлады.

На думку Дзяніса Садоўскага, свае заявы прадстаўнікі Беларусі рабілі ў асноўным для пазіцыянавання сябе ўнутры краіны і звярталіся хутчэй да ўласна беларускай аўдыторыі. Гэтыя заявы, на думку эксперта, будуць пазней агучвацца па беларускім тэлебачанні і ў іншых дзяржаўных СМІ, з якіх будзе зробленая выснова, што прычынай кепскага жыцця ёсць Захад і міжнародныя арганізацыі, а не ўлады, якія парушаюць міжнародныя правы, беспадстаўна арыштоўваюць людзей і прымаюць законы, якія не адпавядаюць ніякім міжнародным стандартам.

Датычна самога 33-га параграфа Дзяніс Садоўскі адзначыў, што яго прымяненне – выключны крок, які за больш як стогадовую гісторыю існавання МАП выкарыстоўваўся адзін раз у выпадку з М’янмай. Беларусь – другі выпадак.

Калі ж казаць пра непасрэдныя меры, якія могуць быць выкарыстаныя ў межах задзейнічання 33-га параграфа, то яны могуць быць рознымі: як мінімальнымі, так і максімальнымі – ажно да эканамічнага эмбарга, як гэта было ў выпадку з М’янмай. Што будзе прынята ў дачыненні Беларусі, пакуль не вядома, адзначае эксперт. Але цяпер трэба ўлічваць, што ва ўмовах вайны, калі на Беларусь распаўсюджваюцца санкцыі за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, ужо шмат якія меры ўжытыя. Ці будуць гэтыя санкцыі ўзмоцненыя яшчэ больш? Цалкам верагодна, але не абавязкова, лічыць Дзяніс Садоўскі.

У чым небяспека 33-га параграфа

Сваё бачанне таго, чаму да Беларусі нарэшце будзе ўжыты 33-ці параграф, выказаў і госць студыі «Белсат», прадстаўнік «Рабочага руху» Юрый Рававы. Ён адзначыў, што ў гэтым параграфе гаворыцца, што калі адзін з сяброў МАП не выконвае рэкамендацыі камісіі расследавання, то могуць прымяняцца любыя меры, каб прымусіць яго гэтыя меры выканаць.

Юры Рававы патлумачыў, што пасля прыняцця рэзалюцыі санкцыі, якія будуць ужывацца, могуць мець вельмі шырокія фармулёўкі і не датычыц вьыключна дачыненняў паміж прафсаюзамі. Яны могуць закрануць разрыў адносінаў як з аб’яднаннямі працадаўцаў, так і з  дзяржавай. У сваю чаргу, «Рабочы рух» цяпер займаецца тым, каб зрабіць так, каб санкцыі былі накіраваныя не на простых рабочых, а на тых, хто аказвае фінансавае падтрыманне Аляксандру Лукашэнку.

…за – 301, супраць – 54, устрымаліся – 108

І вось увечары 12 чэрвеня стала вядома, што рэзалюцыю падтрымала большасць удзельнікаў канферэнцыі. У тэксце рэзалюцыі гучыць заклік перагледзець дачыненні з урадам РБ. Што далей? На думку Дзяніса Садоўскага, сама працэдура вырашэння таго, якія захады прымяняць да Беларусі, можа заняць яшчэ ад чатырох да шасці месяцаў.

Гэта значыць, цалкам магчыма, што калі пытанне дойдзе да імплементацыі гэтых захадаў, то сітуацыя як у Беларусі, так і ў рэгіёне ў цэлым можа істотна змяніцца. Ці застанецца неабходнасць у тым, каб гэтыя санкцыі ўжыць, – пакажа час.

Разбор
Беларусь прыраўнялі да М’янмы. Будзе эканамічная блакада?
2022.11.11 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў