Праўда пра Катынь: як кіраўніцтва СССР пайшло на адну з самых жудасных фальсіфікацыяў


80 гадоў таму, 13 красавіка 1943 года, свет даведаўся пра Катынскі расстрэл – мэтанакіраванае масавае знішчэнне савецкім НКВД польскіх грамадзянаў – ваеннапалонных і зняволеных, абвешчаных «ворагамі савецкай улады». Калі пра гэта стала вядома, кіраўніцтва СССР пайшло на адну з самых жудасных фальсіфікацыяў.

Ва ўчыненым злачынстве савецкае кіраўніцтва прызналася толькі на хвалі распаду СССР. Маштаб трагедыі быў аграмадны: на загад Сталіна і ягоных паплечнікаў былі забітыя 22 тыс. польскіх грамадзянаў, расстрэлы адбываліся ў тым ліку і ў Курапатах (сёння – Менск).

Дакументы з рассакрэчанай інфармацыяй у справе Катынскага расстрэлу. Масква, Расея. 7 красавіка 2011.
Фота: Aleshkovsky Mitya / TASS / Forum

Што такое Катынскі расстрэл

Катынскі расстрэл (zbrodnia katyńska) – масавае забойства савецкім НКВД польскіх грамадзянаў, якія трапілі ў палон пасля акупацыі Польшчы нацысцкаю Нямеччынай і Савецкім Саюзам у верасні 1939 года. Назва паходзіць ад вёскі пад Смаленскам, побач з якой у лесе было выяўлена ў лютым 1943 года адно з месцаў расстрэлу польскіх ваеннапалонных.

Папярэднічаў трагедыі пакт Молатава – Рыбэнтропа, падпісаны 23 жніўня 1939 года, паводле якога да СССР адышлі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. На «ўз’яднаных» тэрыторыях пачалася зачыстка «контррэвалюцыйных элементаў»: у выніку чатырох дэпартацыяў углыб СССР адправілі больш за 300 тыс. асобаў, сярод якіх былі як палякі, так і беларусы з украінцамі (першая хваля – 10 студзеня 1940 года, другая – 13 красавіка, трэцяя – 29 чэрвеня, чацвёртая – чэрвень 1941 года).

Гісторыі
З 50 тысячаў дэпартаваных 10 тысячаў памерлі ў дарозе. 83 гады адной з самых трагічных старонак у гісторыі палякаў у Беларусі
2023.02.10 18:42

Акрамя як сярод цывільнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі, «контррэвалюцыйных элементаў» шукалі і сярод польскіх вайскоўцаў, якія пасля баявых дзеянняў у верасні 1939 года апынуліся ў савецкім палоне. Усяго іх налічвалася каля 250 тыс. Пераважную большасць складалі шарагоўцы, якіх вызвалялі пасля ідэалагічнага апрацоўвання камуністамі і правярання органамі НКВД. Адфільтравалі толькі афіцэраў, якіх налічылі 14,7 тыс. і змясцілі ў трох лагерах для ваеннапалонных: у Старабельску (3,9 тыс.) пад Харкавам (цяпер Луганская вобласць Украіны); у Асташкаве (6,3 тыс.) пад Цвер’ю (цяпер Цвярская вобласць РФ); у Казельску (4,5 тыс.) пад Смаленскам (цяпер Калужская вобласць РФ).

Злачынцы і злачынства

3 сакавіка 1940 года кіраўнік НКВД Лаўрэнцій Берыя накіраваў на імя Іосіфа Сталіна прапанову наконт далейшага лёсу гэтых 14,7 тыс. палонных польскіх афіцэраў, а таксама наконт 11 тыс. зняволеных у турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (усяго зняволеных было 18 тыс.) – расстраляць. Усё праз тое, што яны, маўляў, заставаліся «заклятымі ворагамі савецкай улады, перапоўненымі нянавісці да савецкага ладу». То бок гэтыя ваеннапалонныя не паддаваліся бальшавіцкай прапагандзе і заставаліся вернымі сваёй акупаванай краіне.

5 сакавіка 1940 года расстраляць іх загадала Палітбюро ЦК Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў), а менавіта Іосіф Сталін, Вячаслаў Молатаў, Клімент Варашылаў, Анастас Мікаян, Лазар Кагановіч, Міхаіл Калінін. Адказвала за ажыццяўленне «спецыяльнага парадку» ў дачыненні ваеннапалонных і зняволеных «тройка» ў складзе Усевалада Мяркулава, Леаніда Баштакова і Багдана Кабулава (Мяркулаў і Кабулаў, які кіраваў дэпартацыяй чачэнцаў і інгушоў ды зачысткаю Крыму, былі расстраляныя ў снежні 1953 года).

Вырак аб расстрэле польскіх грамадзянаў ад 5 сакавіка 1940 года. Крыніца: Wikipedia

Расстрэлы ажыццяўлялі ў красавіку – траўні 1940 года ў загадзя вызваленых для гэтага турмах Цверы (тады Калінін), Смаленску, Харкава, Кіева, Херсону і Менску. Сюды людзей дастаўлялі эшалонамі, а каб не выклікаць хваляванняў, супрацоўнікі НКВД распаўсюджвалі чуткі пра хуткае іхнае вызваленне. Аднак замест волі ваеннапалонныя і вязні турмаў атрымлівалі кулю ў патыліцу, пасля чаго іхныя целы перавозілі да месцаў пахаванняў – вырытых экскаватарамі ямаў. Забітых у Смаленску з Казельскага лагеру – у Катынскі лес, забітых у Цвяры з Асташкаўскага лагеру – да вёскі Меднае, у Харкаве са Старабельскага лагеру – да вёскі Пятыхаткі, расстраляных у Менску – у Курапаты (тут былі знішчаныя як найменш 3870 асобаў з Берасця, Вілейкі і Пінску). Расстралялі менш, чым запланавалі, – каля 22 тыс. асобаў.

Як адкрылася праўда?

Упершыню пра зніклыя дзясяткі тысяч ваеннапалонных афіцэраў загаварылі летам 1941 года, калі польскі ўрад у выгнанні Владыслава Сікорскага аднавіў стасункі з СССР, вайну з якім распачала нацысцкая Нямеччына.

Пасля паразаў у першыя месяцы баявых дзеянняў і масавага палону чырвонаармейцаў Савецкаму Саюзу патрэбныя былі салдаты. Іх пастанавілі шукаць у тым ліку сярод зняволеных. Таму ў супрацы з урадам Сікорскага пачала стварацца армія генерала Андэрса, але выявілася, што афіцэрскія кадры, гэтак неабходныя для гэтага войска, Саветы не спяшаліся пастаўляць з ліку ваеннапалонных. Сталін прыдумляў розныя адгаворкі, накшталт уцёкаў з турмаў, пакуль, нарэшце, 13 красавіка 1943 года радыё «Берлін» не паведаміла пра знаходжанне парэшткаў польскіх афіцэраў, расстраляных бальшавікамі ў Катынскім лесе пад Смаленскам.

Нацысцкая прапаганда на чале з Гёбэльсам не магла не скарыстаць такой зручнай нагоды. Але замест таго, каб урэшце паведаміць пра абставіны трагедыі польскаму кіраўніцтву, савецкае пайшло на фальсіфікацыю – 16 красавіка з’явілася паведамленне Савецкага інфармацыйнага бюро: гэта ўсё падробка, выкананая нацыстамі, правакацыя супраць СССР. Гэты тэзіс, нягледзячы на апублікаваныя дакументы і прызнанне савецкага кіраўніцтва, і сёння папулярызуецца ў Расеі і Беларусі. Пра гэта сведчаць правакацыйныя матэрыялы, што апошнімі днямі з’явіліся на расейскіх рэсурсах.

Паведамленне Савецкага інфармацыйнага бюро пра Катынскую трагедыю. Крыніца: Красная звезда. 16 красавіка 1943 года

Каб высветліць праўду, кіраўніцтва Польшчы звярнулася па дапамогу да Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Сталін жа палічыў гэта «антысавецкім выступам» і 25 красавіка 1943 года скарыстаў гэта, каб разарваць адносіны з польскім урадам.

У студзені 1944 года ў СССР была створаная адмысловая камісія на чале з Мікалаем Бурдэнкам, якая мусіла «даказаць», што расстрэлы польскіх афіцэраў каля Катыні ўчынілі менавіта нацысты. Вынікі яе працы 26 студзеня з’явіліся на старонках газеты «Правда» і ляглі ў аснову зборніка дакументаў «Правда о Катыни».

Але савецкае кіраўніцтва пайшло яшчэ далей: каб канчаткова перагарнуць гэтую старонку і пазбавіць свет сумневаў, пракуроры СССР нават уключылі «катынскі расстрэл» у спіс абвінавачанняў супраць нацыстаў падчас Нюрнбэргскага працэсу. Але ў выніковы дакумент ён усё ж не ўвайшоў.

Паведамленне пра вынікі працы савецкай камісіі, створанай для расследавання Катынскага расстрэлу. Крыніца: Правда, 26 студзеня 1944 года

Падчас вайны ў Карэі амерыканцы спрабавалі вярнуць супольную ўвагу да Катынскага расстрэлу, нават стварылі адмысловую камісію пры Кангрэсе ЗША, якая вызначыла, што былі знішчаныя польскія афіцэры не толькі з Казельскага лагеру, але і яшчэ з двух, якія мясціліся каля Старабельску і Асташава. Але ў СССР і яго сатэлітах жорстка заглушалі любыя выказванні на гэты конт, у тым ліку турэмнымі зняволеннямі тых, хто выказваў сумневы і намагаўся сам вызначыць праўду, як ксёндз Ян Лех, якога асудзілі ў Кракаве на 10 гадоў турмы.

З прыходам да ўлады Мікіты Хрушчова было пастаноўлена знішчыць дакументы, датычныя забойства польскіх ваеннапалонных, што і было здзейснена ў 1959 годзе. Аднак звесткі пра Катынь распаўсюджваліся ў Польшчы, нягледзячы на супраціў камуністычнага кіраўніцтва, праз самвыдат, а ў часы «Салідарнасці» сталі ўжо шырока вядомыя.

Калі хаваць Катынскую трагедыю стала бессэнсоўна, 13 красавіка 1990 года з’явілася паведамленне ТАСС аб прызнанні расстрэлу і ўскладанні адказнасці на НКВД і яго кіраўнікоў – Берыю і Мяркулава (не Сталіна).

Міхаіл Гарбачоў нават перадаў копіі некаторых дакументаў польскаму кіраўніцтву. Урэшце, пасля распаду СССР 14 кастрычніка 1992 года першы прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Барыс Ельцын загадаў рассакрэціць загад Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 года і перадаць копію першаму прэзідэнту Польшчы Леху Валэнсу, разам з рэштаю дакументаў са знішчанай «асаблівай тэчкі». Гэта дазволіла аднавіць спіс ахвяраў, але без тых, хто быў забіты ў БССР – так званы беларускі спіс да сёння хаваецца ў архівах КДБ, як і ўся праўда пра тое, што здзяйснялася ў нашых Курапатах.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў