Вынікі перарэгістрацыі аграсядзібаў у Браслаўскім раёне: з 300 засталіся пяць


Працаўніца Віцебскага абласнога выканкаму распавяла, як прайшла і чым скончылася перарэгістрацыя аграсядзібаў у вобласці.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: zviazda.by

Паводле галоўнай спецыялісткі сектару турызму і фізкультурна-аздараўленчай працы ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму Вольгі Фёдаравай, асноўныя прэтэнзіі да ўласнікаў аграсядзібаў падчас працэдуры перарэгістрацыі былі ў тым, што іхная дзейнасць сышла больш у здачу жытла ў арэнду, чым ахоплівала ўласна аграсядзібную дзейнасць.

«У Віцебскай вобласці было вельмі шмат аграэкасядзібаў. Асноўная маса прыпадала на Браслаўскі раён – там было 300 аграэкасядзібаў, а па перарэгістрацыі засталіся толькі пяць. Далей мы іх не кантралюем», – сказала прадстаўніца выканкаму.

Падчас перарэгістрацыі ў Віцебскай вобласці былі створаныя камісіі, у якія ўваходзілі намеснікі старшыні райвыканкаму ў сацыяльных пытаннях, спецыялісты ў сферы турызму, пажарная служба, спецыялісты ў гігіене.

«Тыповыя парушэнні, якія выяўляла камісія, – неадпаведнасць заканадаўству. У некага былі пытанні аб гігіене, таму што быў вызначаны шэраг новых патрабаванняў. Нават калі ў іх усталяваная мангальная зона, паводле новых патрабаванняў павінна быць абавязкова і праточная вада, а раней такая дзейнасць магла ажыццяўляцца ў доме, на хутары і іх не правяралі», – сказала Вольга Фёдарава.

Аналітыка
Колькасць аграсядзібаў скарацілася ўдвая. Што адбываецца ў беларускім вясковым турызме?
2023.09.27 17:47

Спецыялістка выканкаму лічыць змяншэнне колькасці аграсядзібаў у 60 разоў пазітыўным вынікам:

«І гэта вялікі плюс, што ў нас засталіся найлепшыя з лепшых сядзібаў, якія працуюць у вузкай спецыялізацыі».

Агулам цяпер у Віцебскай вобласці зарэгістраваныя 162 аграэкасядзібы. Яны засталіся практычна ва ўсіх раёнах вобласці, за выключэннем Дубровенскага і Талачынскага – там увогуле няма сядзібаў. Найбольш аграсядзібаў засталося ў Глыбоцкім раёне – 32, там жа існуе адзіны ў рэгіёне аграэкатурыстычны кластар.

Аграсядзібы ў Беларусі мелі прайсці перарэгістрацыю да 1 ліпеня 2023 года. Гаспадары сядзібаў павінныя былі падаць заяўкі, пасля чаго камісія з прадстаўнікоў розных службаў і мясцовых выканкамаў аглядала аб’екты аграэкатурызму на прадмет адпаведнасці дзейнасці ўказу № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года.

Таксама Вольга Фёдарава распавяла, што ў 2024 годзе ў Віцебскай вобласці плануецца развіваць трынаццаць відаў турызму.

«Распрацоўваюцца сэлфі-месцы, якія таксама карыстаюцца папулярнасцю. Напэўна, таксама цікавая і прыкметная праца – распрацоўванне сувенірнай прадукцыі з валошкамі», – інфармуе спецыялістка выканкаму.

На пачатку 2023 года ў Беларусі былі 3043 аграсядзібы. Да канца снежня засталося 1297.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, больш за 1,6 млн замежнікаў наведалі Беларусь у 2023 годзе.

Агляд
Перарэгістрацыя як спосаб барацьбы з няўгоднымі
2023.10.26 08:27

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў